Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту будуць вучыцца ў БДУ?


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту й Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту правялі супольную сустрэчу са студэнтамі й іхнымі бацькамі ў справе працягу навучаньня. У выніку сустрэчы большасьць студэнтаў ЭГУ пажадалі перайсьці ў Белдзяжунівэрсытэт. Але і бацькі, і выкладчыкі ЭГУ называюць гэта змушаным крокам, які пагражае ім стратамі.

Студэнтамі БДУ пажадалі стаць прыкладна 600 навучэнцаў ЭГУ, астатнія 300 чалавек намерваюцца перавесьціся ў Лінгвістычны, Пэдунівэрсытэт, Інстытут эканомікі й парлямэнтарызму. Аднак гэта ёсьць змушаным захадам, бо ніводная з ВНУ краіны не адпавядае сыстэме навучаньня, якая існавала ў ЭГУ, што не задавальняе ні студэнтаў, ні іхных бацькоў. Гаворыць маці аднаго са студэнтаў і ўдзельніца сходу Ганна Арцюшкевіч.

(Арцюшкевіч: ) “У Беларусі нічога падобнага няма. Гаворка вядзецца пра тое, што дзеці павінны хоць нейкую адукацыю атрымоўваць. Да гонару таго ж Стражава – яны спрабуюць хоць нешта зрабіць. Прымаць гэткую колькасьць студэнтаў… складана. Яны гэтаксама пацярпелыя, у пэўным сэнсе”.

Акрамя таго, унікальны для Беларусі франка-беларускі факультэт фактычна застаецца на вуліцы, і цяпер кіраўніцтва ЭГУ вядзе перамовы з амбасадай Францыі пра ягонае ўладкаваньне. Тое ж можна сказаць датычна некаторых іншых факультэтаў. Па-ранейшаму праблемай паўстаюць розьніца ў памеры аплаты навучаньня, акадэмічныя запазычанасьці. А таму існуе пагроза, што гэтыя пытаньні могуць ператварыцца ў міну запаволенага дзеяньня – і для студэнтаў, і для ўсяго ЭГУ. Прынамсі, гэтак бачыць сытуацыю прарэктар Тацяна Галко.

(Галко: ) “ЭГУ, Міжнародныя праграмы й наагул экспэрымэнтальнае навучаньне могуць дыскрэдытаваць, змусіўшы студэнтаў здаваць дзясяткі іспытаў у напружаным рэжыме. Многія могуць ня вытрымаць фізычна. І тады пакажуць: вось якімі вы ёсьць насамрэч. А затым шмат каго й адлічаць напрыканцы сэмэстру”.

Паводле вынікаў сустрэчы рэктар БДУ Васіль Стражаў заявіў, што Белдзяржунівэрсытэт гатовы прыняць 90 адсоткаў студэнтаў ЭГУ. Аднак жа як гэта будзе зрэалізавана на практыцы, пакуль застаецца ня вырашаным – сказала ў інтэрвію Радыё Свабода кіраўніца прэсавай службы БДУ Вольга Шчадрына.

(Шчадрына: ) “Тут усё яшчэ ў такім стане – яшчэ няма загаду. Канечне, усё вельмі складана. Цяпер шукаюць нейкіх магчымасьцяў – як гэта зрабіць”.

З паведамленьня спадарыні Шчадрыной, сёньня адбылася сустрэча рэктара БДУ Васіля Стражава, міністра адукацыі Аляксандра Радзькова й Мітрапаліта Філярэта ў справе ўладкаваньня студэнтаў тэалягічнага факультэту, які перайшоў у Белдзяржунівэрсытэт раней. Гаворка пра навучэнцаў іншых факультэтаў не вялася.

У чацьвер, 5 жніўня, студэнты, іхныя бацькі, а таксама выкладчыкі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту намерваюцца правесьці акцыю пратэсту супраць закрыцьця ВНУ. Плянуецца, што іх падтрымаюць навучэнцы Беларускага ліцэю ды іншых ВНУ, у тым ліку – зачыненых з загаду Міністэрства адукацыі.
XS
SM
MD
LG