Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя супраць расейскай РЛС у Ганцавічах працягваецца, увечары расейскія вайскоўцы затрымалі ўдзельнікаў


Севярын Квяткоўскі, Клецкі раён Арганізатар акцыі “РЛС – пагроза для Беларусі” Павал Батуеў атрымаў позву ў суд Клецкага раёну на 9 чэрвеня. Напярэдадні ў адной зь вёсак блізу расейскай радыёлякацыйнай станцыі “Волга” клецкая міліцыя затрымала дзясятак удзельнікаў экалягічна-палітычнага маршу, зарганізаванага партыяй БНФ. Маладыя людзі правялі ноч у лесе пад наглядам міліцыі, а 3 жніўня былі дастаўлены ў клецкую міліцыю.

Апрача таго, што Павел Батуеў атрымаў павестку ў суд, клецкая міліцыя змусіла непаўнагадовых удзельнікаў акцыі – шасьцёх чалавек – вярнуцца дамоў. Наагул маладых людзей вінавацяць за парушэньне закону пра масавыя шэсьці, бо ўдзельнікі маршу ішлі празь вёскі з расьцяжкай “РЛС – пагроза Беларусі”.

Сама РЛС “Волга” месьціцца на тэрыторыі Клецкага раёну, але на мяжы з Ганцавіцкім. Марш маладых сябраў Партыі БНФ распачаўся 2 жніўня. Лідэр акцыі Павал Батуеў цьвердзіць, што многія жыхары з разуменьнем ставяцца да праблемы. Адрозна ад насельнікаў Вілейшчыны, дзе падобную ж акцыю тая ж каманда ладзіла летась побач з расейскім вузлом сувязі.

(Батуеў: ) “Тут насельніцтва значна больш заклапочана гэтай станцыяй. Шмат хто скардзіўся, што ў іх ёсьць праблемы з тэлевізіяй, яны кепска сябе адчуваюць. Абсалютная большасьць людзей успрымае гэта нэгатыўна”.

Зрэшты, многія мясцовыя жыхары інакш характарызуюць сытуацыю.

(Спадарыня: ) “Гэтая станцыя дала многім нашым людзям работу. У нас шмат беспрацоўных. З навакольных вёсак паехалі туды, нават з Ганцавіч едуць”.

(Спадар: ) “Санчастка, школа, цяпер клюб будуюць, таксама людзей набіралі, пляцоўкі даробліваюць… Ды ўсе нашыя працуюць!”

Паводле маіх суразмоўцаў, РЛС “Волга” дае працу ня менш, як пяцістам мясцовым жыхарам. Прычым, зарабіць там можна болей за дзьвесьце даляраў.

Што да экалягічнай шкоды, мясцовыя жыхары штосьці чулі пра моцнае электрамагнітнае выпраменьваньне. Адныя вераць, іншыя – ня надта, трэйція кажуць, што шкодныя прамяні ёсьць, але яны скіраваны ў неба.

(Спадарыня: ) “Бог яго ведае! Сьмертнасьць вялікая: можа, з-за гэтага, можа, не з-за гэтага”.

(Бабуля: ) “Хто яго ведае. Я нічога ня ведаю”.

(Спадар: ) “Людзі задумваюцца, гавораць, але жывуць сёньняшнім днём, а не заўтрашнім”.

Тым часам удзельнікі акцыі “РЛС – пагроза Беларусі” рушылі ў бок вёсак Ганцавіцкага раёну, і плянуюць скончыць выправу 6 жніўня.

***

Увечары 4 жніўня ўдзельнікі акцыі "РЛС – пагроза для Беларусі" ізноў затрыманыя. Гэтым разам расейскімі вайскоўцамі на чале з палкоўнікам. Паводле ўдзельніка акцыі Юрася Зянковіча, затрыманьне адбылося, калі група пакідала тэрыторыю Клецкага раёну ў кірунку Ганцавічаў. Група моладзі спынілася ў пяцістах мэтрах ад расейскай вайсковай радыёлякацыйнай станцыі "Волга". Празь некалькі хвілін іх затрымалі, і перадалі клецкай міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG