Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў стварае “ўнівэрсытэт у выгнаньні”


Валер Каліноўскі, Менск Першае інтэрвію пасьля закрыцьця ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ягоны рэктар Міхайлаў даў беларускай службе Радыё Свабода. Спадар Міхайлаў з красавіка знаходзіцца ў Вашынгтоне, на стажыроўцы ў Інстытуце Кенан у цэнтры Вудро Вільсана. Цяпер у сталіцы ЗША ён займаецца найперш праблемамі сваёй ВНУ. З Анатолем Міхайлавым размаўляў наш карэспандэнт.

(Міхайлаў: ) “ЭГУ быў створаны для дабра гэтай краіны. Такога кшталту інтэлектуальны патэнцыял скрайне патрэбен гэтай краіне. Калі хтосьці гэтага не разумее, то гэта іхная асабістая справа. Мы ж працуем дзеля будучыні, і дзякуй Богу, што ёсьць належнае разуменьне гэтага. І цяпер я гэтым напоўніцу займаюся”.

Рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоль Міхайлаў, якога некаторыя студэнты й выкладчыкі крытыкуюць з прычыны адсутнасьці яго ў Беларусі падчас крызысу, зьвязанага з закрыцьцём ВНУ, кажа, што зьбіраўся вярнуцца ў Менск 7 жніўня, але здаў квіток – зьявіліся тэрміновыя справы дзеля будучыні ўнівэрсытэту. І пакуль пэўна пра дату свайго вяртаньня рэктар ЭГУ сказаць ня можа, хаця перакананы, што неўзабаве вернецца. Спадар Міхайлаў цьвердзіць, што яшчэ не дайшло да таго, каб ён прасіў палітычнага прытулку за мяжой, а таму займаецца выключна крызысам вакол унівэрсытэту.

(Міхайлаў: ) “Відаць, для ўнівэрсытэту – не для маёй стажыроўкі – нашмат важней знайсьці дадатковыя магчымасьці дзеля падтрымкі праграм і існаваньня ЭГУ, у іншай, можа быць, форме. Таму я пакуль знаходжуся тут”.

Паводле Анатоля Міхайлава, ягоная дзейнасьць на карысьць ЭГУ ў Вашынгтоне нашмат больш плённая, чым магчымы ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску. На гэты час спадар Міхайлаў займаецца трансфармацыяй ЭГУ ў новыя умовы, што ў вялікай ступені залежыць ад праграм замежнай падтрымкі. І ён заяўляе, што з Вашынгтону іх знайсьці куды лягчэй.

Спадар Міхайлаў паведаміў, што наладжвае перамовы з многімі міжнароднымі арганізацыямі й фондамі Нямеччыны, Францыі, Польшчы, Літвы, ЗША – з мэтай разьмяшчэньня там праграм ЭГУ. Іхная рэакцыя – толькі пазытыўная. Бо ідэя “новых форм працы ЭГУ ўзьнікла яшчэ ў студзені, калі пачаўся ціск на ўнівэрсытэт.

(Міхайлаў: ) “Зьявілася ідэя стварэньня ЭГУ ў выгнаньні. Я лічыў, што трэба зрабіць усё, вычарпаць усе магчымасьці, каб захаваць унівэрсытэт у Менску, дзе мы больш патрэбны. Надзея на гэта, хоць і маленькая, была... Калі нас цяпер змушаюць сыходзіць за мяжу, вышукваць іншыя формы працы, то нам нічога іншага не застаецца рабіць”.

На пытаньне наконт рэальных прычын перасьледу ўладамі ЭГУ ягоны рэктар адказаў.

(Міхайлаў: ) “Ведаеце, для мяне гэта таксама загадка. Таму што, нягледзячы на гэтыя дзіўныя выказваньні пра нейкія мае палітычныя амбіцыі, прафэсійныя інтарэсы мае былі ў глыбіннай філязофіі. І здавалася, што тут праблем быць не павінна. Сытуацыя выглядае так: відаць, спрабуюць знайсьці вінаватых за тое, што адбываецца, і не заўсёды адэкватны стан сьвядомасьці дрэнна дапамагае арыентавацца. Зрабіць больш згубную памылку й ажыцьцявіць больш ганебную акцыю, чым аддаць на волю лёсу сотні студэнтаў і супрацоўнікаў, – трэба было спэцыяльна вельмі доўга старацца, каб такога кшталту акцыю задумаць. Мне давялося сутыкнуцца й з такой інтэрпрэтацыяй, што хтосьці ў бліжнім атачэньні Лукашэнкі, дэманструючы сваю ляяльнасьць, паспрабаваў падштурхнуць на гэтыя бязглуздыя крокі – каб зьняславіць і зганьбаваць міжнародны імідж нашай краіны ў такой ступені”.

Анатоль Міхайлаў назваў недарэчнымі меркаваньні пра тое, што ён, нібыта, хоча стаць кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах, і гэта, маўляў, паслужыла падставай для ціску ўладаў. Ён кажа, што ніколі ў жыцьці не імкнуўся да палітыкі – толькі да навуковай, акадэмічнай працы. Згадваючы пра нядаўні выпадак абрабаваньня ягонай менскай кватэры, спадар Міхайлаў называе падзеі незразумелымі, бо злодзеі выкралі ягоныя дакумэнты, у тым ліку – дыплёмы замежных унівэрсытэтаў, а вось грошай не ўзялі.

Міжнародная рэакцыя на закрыцьцё ЭГУ ўзрушыла Анатоля Міхайлава.

(Міхайлаў: ) “Я не чакаў, што па ўсім сьвеце ідзе такая падтрымка, такі энтузіязм і такая салідарнасьць. Падтрымка ідзе і з блізкага замежжа, і з далёкага”.

Гаворачы пра лёс ЭГУ, спадар Міхайлаў, называе яго “родным дзіцём”, кажа, што гэта была спроба вывесьці беларускую адукацыю ў іншыя сэнсавыя каардынаты, дабіцца ейнай міжнароднай інтэграцыі. Тое ж, што зь ім здарылася, вынікае й зь цяперашняга стану беларускага грамадзтва й дзяржавы.

Разважаючы пра пасьпешлівы зыход тэалягічнага факультэту, які ўзначальвае мітрапаліт Філярэт, з ЭГУ ў БДУ, спадар Міхайлаў зазначыў.

(Міхайлаў: ) “Думаю, што проста так трансплянтаваць гэты факультэт у іншае асяродзьдзе, таксама ня так проста. Бо на гэтым факультэце выкладалі і філязофію, і іншыя дысцыпліны. У нас фармаваўся пэўнага кшталту гуманітарны асяродак, дзе розныя элемэнты прыўносілі кожны сваё ў складаньне цэласьці адукацыі. Калі ж у іншай ВНУ ім будуць чытаць лекцыі тыя выкладчыкі, якія раней займаліся навуковым атэізмам, – я ня думаю, што ад гэтага будзе вялікая карысьць для тэалягічнай адукацыі. Шкада, што гэта адбылося. Гэта будзе складана й для студэнтаў. Яны патрапяць у іншае атачэньне”.

Напрыканцы размовы, зьвяртаючыся непасрэдна да студэнтаў і выкладчыкаў ЭГУ, рэктар Міхайлаў падкрэсьліў.

(Міхайлаў: ) “Я думаю, што мы сёньня знаходзімся ў такім стане, калі кожны з нас павінен сам за сябе вырашаць, як сябе трымаць. Праблема захаваньня ўласнай годнасьці ў гэтым сьвеце – заўсёды асабістая. Усё, што адбываецца, і ў нас – у тым ліку – сьведчыць пра тое, што мы зрабілі шмат памылак. Я ж зьвязаў свой лёс, сваё жыцьцё з ЭГУ. Ня ўсё было падуладна мне, мяне паставілі ў дзікі й вельмі цяжкі стан. Але я лічу, што абавязаны ажыцьцявіць усё, што ў маіх сілах, каб доўжыць справу, пачатую й азначаную Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам. І я гэта зраблю”.
XS
SM
MD
LG