Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць “партыйных” месцаў у выбарчых камісіях атрымалі камуністы


Алесь Дашчынскі, Менск Цэнтравыбаркам падсумаваў вынікі фармаваньня акруговых камісій і лічыць, што гэты этап кампаніі прайшоў без сурьёзных парушэньняў. Але незалежныя назіральнікі ўжо цяпер выказваюць сумнеў на конт адкрытасьці выбараў. Цэнтравыбаркам падаў канчатковыя лічбы: у цэлым па краіне найбольш прадстаўнікоў у камісіях маюць праўрадавая Камуністычная партыя Беларусі – 37 чалавек і ЛДП – 27.

З партыі камуністаў Беларускай (партыя Калякіна) у камісіі патрапіла 19 чалавек. Улады “прапусьцілі” таксама 5 прадстаўнікоў ад АГП. Прадстаўніцтва па 4 чалавекі – у Беларускай спартовай і Аграрнай партый. Па два прадстаўнікі ёсьць у камісіях, дарэчы, ад партыі БНФ і БСДП (Народнай грамады). І, нарэшце, адзін чалавек у акруговай камісіі – ад Беларускай патрыятычнай партыі.

У пераліку грамадзкіх арганізацый, якія маюць сваіх сябраў у акруговых камісіях, – БРСМ, афіцыйныя прафсаюзы, вэтэранскія арганізацыі, Саюз жанчын, БХК, аб’яднанае казацтва, грамадзкае аб’яднаньне БНФ "Адраджэньне", ЛКСМБ, таварыства Чырвонага Крыжа ды іншыя.

Параўнальна зь мінулымі выбарамі, колькасьць прадстаўнікоў ад партый і грамадзкіх арганізацый вырасла ўсяго прыкладна на два адсоткі. Наагул жа, добраахвотнікаў было ў паўтара раза больш, чым месцаў. Прынамсі, гэта азначае сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) "Як у арміі, да прыкладу: для выкананьня нейкага баявога заданьня патрабуецца 10 добраахвотнікаў. Са строю выйшла 20. Значыць – камандзір, на свой погляд, адабраў 10, а ўсім астатнім сказаў: "Дзякуй".

На маё пытаньне, ці ўдалося ўладам падчас фармаваньня камісій выканаць рэкамэндацыі Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ, сакратар Лазавік адказаў.

(Лазавік: ) "Наколькі я ведаю, афіцыйная рэкамэндацыя Бюро АБСЭ адна. Яна выкладзена ў інструкцыі па назіраньні за выбарамі. У камісіі павінны ўключацца найбольш кампэтэнтныя й падрыхтаваныя людзі. Я не магу яшчэ сказаць, наколькі кампэтэнтна будуць вырашаць пытаньні сфармаваныя камісіі, бо яны на практыцы сябе яшчэ не праявілі. Але ва ўсякім выпадку, мы іншых патрабаваньняў да іх не выстаўлялі. Такія ж патрабаваньні былі з боку Цэнтравыбаркаму й з боку Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ".

Без праблем у склад акруговых камісій уключаны прадстаўнікі аблвыканкамаў і прэзыдыюмаў абласных саветаў. Усяго іх крыху больш за 11 адсоткаў. У большасьці выпадкаў – гэта чыноўнікі арганізацыйна-кадравых упраў аблвыканкамаў.

Як цьвердзяць у Цэнтравыбаркаме, ніякіх скаргаў паводле вынікаў фармаваньня камісій не паступала. Тое ж самае нам паведаміў намесьнік кіраўніка менскага офісу АБСЭ Ваграм Абаджан. Офіс АБСЭ пакуль устрымліваецца ад камэнтароў, але адсочвае гэты працэс. Паводле спадара Абаджана, беларускія ўлады пакуль не накіравалі запрашэньня для назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ.

(Абаджан: ) "Вось калі б гэта запрашэньне было цяпер накіравана – цягам найбліжшага часу, гэта было б своечасова. Так, каб быў час на падбор і на разгортваньне працы доўгатэрміновых назіральнікаў".

Тым часам айчынныя назіральнікі ўжо робяць свае высновы. Старшыня арганізацыі "Партнэрства" Мікола Астрэйка акрэсьлівае.

(Астрэйка: ) "Выканаўчая ўлада й прэзыдыюмы саветаў, на жаль, не ўключылі ў склад камісій вялікай колькасьці прадстаўнікоў дэмакратычных сіл – як партый, так і грамадзкіх аб’яднаньняў. Можна канстатаваць, што выбары ня будуць настолькі адкрытымі, якімі яны быць маглі б".

***

Нагадаем, што забесьпячэньне прадстаўніцтва палітычных партыяў у выбарчых камісіяў ўсіх узроўняў было адной з прапанаваных зьменаў у выбарчы кодэкс, за якія у чэрвені 18 дзён трымалі галадоўку дэпутаты Валер Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец. 22 чэрвеня прапанова дэпутатаў была адхіленая.

У ліпені, пасьля абвяшчэньня тэрміну выбараў, Цэнтральная выбарчая камісія адхіліла прапанову дэпутата Ўладзімера Навасяда, які прапанаваў, каб ЦВК забясьпечыла належнае прадстаўніцтва партыяў у выбарчых камісіях сваёй інструкцыяй.

Ізноў жа ў ліпені Парлямэнцкая асамблея АБСЭ зьняла з галасаваньня рэзкую рэзалюцыю пра становішча ў Беларусі ў абмен на супольную дэклярацыю, якую падпісалі кіраўнічка рабочай групы Асамблеі па Беларусі Ўта Цапф і кіраўнік беларускай парлямэнцкай дэлегацыі Міхаіл Арда. Беларускі бок гэтым дакумэнтам абяцае правесьці выбары ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ.

У гэтай дэклярацыі гаворыцца: “Да стандартаў АБСЭ па выбарах належаць справядлівы доступ да СМІ для ўсіх кандыдатаў, збалянсаванае асьвятленьне выбарчай кампаніі ў дзяржаўных мэдыях, а таксама забесьпячэньне палітычнай разнастайнасьці ў выбарчых камісіях усіх узроўняў”.

Наколькі гэтая разнастайнасьць была забясьпечаная на практыцы – паказвае фармаваньне выбарчых камісіяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG