Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cьвет будзе бачыць Алімпійскія гульні такімі, як падаюць іх журналісты, рэжысэры й апэратары тэлевізіі


Ігар Карней, Менск Cьвет будзе бачыць Алімпійскія гульні такімі, як падаюць іх журналісты, рэжысэры й апэратары тэлевізіі

Зь Беларусі ў Грэцыю накіроўваюцца 25 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі: уласна прэс-аташэ НАК Пётар Рабухін, 8 газэтчыкаў і фотакарэспандэнтаў і 16 тэлевізійшчыкаў. За выключэньнем аднаго – карэспандэнта газэты “Прэсбол” Мікалая Цынкевіча – усе працуюць у дзяржаўных выданьнях. Рэпартажы, напісаныя непасрэдна ў Афінах, можна будзе чытаць у газэтах “Советская Белоруссия”, “Зьвязда”, “Рэспубліка”, “Спортивная панорама”, а таксама ў паведамленьнях агенцтва БелТА.

Накіроўваюцца журналісты ў Грэцыю за дзяржаўныя грошы, больш дакладна – выдаткі аплаціць Нацыянальны алімпійскі камітэт. Тэлевізійная брыгада складзена з супрацоўнікаў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі й камэнтатара радыёстанцыі “Радыюс-FМ”. Прэсавы аташэ Нацыянальнага алімпійскага камітэту Пётар Рабухін патлумачыў, што НАК, паводле ўмоваў фармаваньня дэлегацый, сам выбірае, каго з журналістаў узяць на Алімпіяду.

(Рабухін: ) “На журналістаў і фотакарэспандэнтаў ёсьць квота. Прычым, спачатку ішла гаворка пра трох журналістаў і аднаго фатографа, але мы напісалі, што гэта недапушчальна мала, і нам дазволілі ўзяць яшчэ трох з тых, хто піша, і аднаго фатографа. Гэта канчатковая лічба аргкамітэту. Што да тэлебачаньня, то яно акрэдытоўваецца праз Эўрапейскі вяшчальны зьвяз, і ў той колькасьці, якую лічыць патрэбнай. Былі б грошы”.

Некаторыя спартовыя журналісты незалежных выданьняў рабілі спробы патрапіць у лік абраных на Алімпійскія гульні. Так, спартовы аглядальнік “Народнай волі” Віталь Гарбузаў пацікавіўся ў чыноўнікаў НАК, якім чынам можна акрэдытавацца на Алімпіяду. І яму адказалі: за дяржаўныя грошы “Народную волю” ніхто ў Грэцыю не павязе. Прыблізна такія ж адказы атрымалі й астатнія прадстаўнікі недзяржаўных СМІ.

Сёньня кіраўнік беларускай алімпійскай дэлегацыі, ён жа міністар спорту й турызму, Юры Сівакоў цягам дзьвюх гадзін па тэлефоне адказваў на пытаньні аматараў спорту. Я таксама патэлефанаваў яму й запытаўся: чаму НАК Беларусі вязе ў Грэцыю пераважна журналістаў зь дзяржаўных СМІ? І вось ягоны адказ.

(Cівакоў: ) “Перадусім, нашыя фінансавыя магчымасьці ў справе камандзіраваньня, акрэдытацыі журналістаў на Алімпіядзе вельмі абмежаваны. Хоць я цалкам з вамі згодзен, што палітра, спэктар журналістаў, якія ўдзельнічаюць у асьвятленьні гэтай традыцыйнай падзеі, мусіць быць самай разнастайнай. Сёньня ёсьць тое, што ёсьць. Выправіць, напэўна, нічога нельга. Але, па сутнасьці, пасылаючы каманды на зімовыя гульні ў Турын-2006, над гэтым пытаньнем, якое вы задалі, трэба падумаць. Дыскрымінацыі быць не павінна, а мусіць быць пэўная квота – усталяваная, узгодненая з Асацыяцыяй спартовых журналістаў”.

Быў і іншы шанец у рэдакцый паслаць сваіх карэспандэнтаў у Афіны – праз індывідуальную акрэдытацыю, г.зн. уласным коштам. Але гэтыя кошты такія вялікія, што адужаць іх небагатым рэдакцыям нерэальна. А вось у суседняй Расеі кампраміс быў знойдзены. Прадстаўнік Алімпійскага камітэту Расеі Генадзь Швец патлумачыў: шукалі балянсу, разумеючы патрэбу аб’ектыўнага асьвятленьня падзеі й бюджэтныя складанасьці рэдакцый.

(Швец: ) “Ёсьць шэраг рэдакцый, якія фінансава добра забясьпечаны й маюць магчымасьць цалкам аплаціць – прыкладам, газэты “Камэрсант”, ці “Комсомольская правда”. Яны дасылаюць сваіх карэспандэнтаў, аплачваюць пералёт, пражываньне й г.д. Некаторыя ж дастаткова папулярныя, але бедныя выданьні маюць патрэбу ў дапамозе. Ёсьць некалькі правінцыйных выданьняў, у якіх грошай няма зусім. Прыцягваючы фундатараў, Алімпійскі камітэт узяў на сябе абавязак кампэнсаваць у розных формах патрэбы каля трыццаці журналістаў. Некаторым – толькі пражываньне, камусьці – пералёт, і г.д. Але гэта абсалютна ня ставіць журналістаў у нейкую залежнасьць: маўляў, мы заплаціцлі – і ты напішы, якія мы белыя й пушыстыя. Такога няма. Крытыка ня толькі дазволена, але й запатрабавана”.

Такім чынам, у суседняй Расеі спрацоўваюць іншыя, чым у Беларусі, прынцыпы разуменьня свабоды слова.
XS
SM
MD
LG