Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя арышты ў Менску


Любоў Лунёва, Менск У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку паболела палітвязьняў. Суд Цэнтральнага раёну Менску арыштаваў актывістаў АГП з Салігорску Аляксея Прыходзьку й Наталю Зубарэвіч за несанкцыянаваны пікет у цэнтры сталіцы, які адбыўся ўвечары 3-га жніўня.

Намесьніку старшыні Цэнтральнага суду Леаніду Ясіновічу спатрэбілася некалькі хвілін, каб разгледзець адміністратыўныя справы Аляксея Прыходзькі, Тацяны Ларыёнавай і Наталі Зубарэвіч. Актывіста АГП Аляксея Прыходзьку судзьдзя арыштаваў на 15 сутак, а Наталю Зубарэвіч – на 10.

Нагадаем: увечары 3 жніўня трое сябраў АГП з Салігорску ладзілі пікет на Кастрычніцкім пляцы. Яны трымалі расьцяжку: “10 гадоў дыктатуры. Сыдзі, Лукавы!” Наталя Зубарэвіч раздавала мінакам улёткі, у якіх прыгадваліся імёны зьніклых, а таксама тых палітыкаў, супраць якіх заведзены крымінальныя справы.

У Тацяны Ларыёнавай сямігадовае дзіця, і, паводле дзейнага заканадаўства, суд ня мае права караць яе арыштам. Судзьдзя Леанід Ясіновіч аштрафаваў Тацяну на 30 базавых велічыняў (гэта 570 000 рублёў). Спадарыня Ларыёнава паведаміла Радыё Свабода, што гэтае судовае рашэньне не паўплывае на ейную грамадзкую дзейнасьць.

(Ларыёнава: ) “Учора, калі мы ішлі на акцыю, добра ведалі, што з намі будзе – могуць аштрафаваць, ці пасадзіць на суткі. Але мы ведаем і тое, што мы ня першыя й не апошнія, хто прайшоў праз гэта. У часе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі шмат прыстойных людзей трапляла за краты. Гэта ганьба ня тым людзям, якія там былі, а тым, якія іх туды кінулі. Тысячы людзей прайшлі праз гэтую сыстэму. Няўжо ўлады не разумеюць, што людзей гэтым не запалохаеш?”

Пакараныя актывісты АГП самастойна падрыхтавалі пікет і не запрашалі вялікай колькасьці ўдзельнікаў. Намесьніца старшыні АГП Людміла Гразнова лічыць, што неабавязкова ладзіць маштабныя вулічныя акцыі.

(Гразнова: ) “Яны добра зрабілі, што выйшлі на пляц. Гэта звычайная справа, калі ўлады хапаюць, штрафуюць і кідаюць за краты. Ладзіць масавыя акцыі штодня вельмі цяжка. Гэта можна рабіць маленькімі групамі. Дастаткова трох-пяці чалавек, каб гэтая тэма гучала”.

За кратамі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на гэты момант трымаюць трох палітвязьняў за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту супраць падоўжаньня тэрміну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі – каардынатара “Хартыі’97” Зьмітра Бандарэнку, сяброў АГП Аляксея Прыходзьку й Наталю Зубарэвіч.
XS
SM
MD
LG