Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Палітыкам, якія хочуць мець будучыню, небясьпечна заставацца паплечнікамі Лукашэнкі...”


Валянцін Жданко, Менск Новы выпуск праграмы “Паштовая скрынка 111”.

Ці зьявяцца ўвосень у новай Палаце прадстаўнікоў апазыцыйныя дэпутаты? Чым будзе адрозьнівацца сёлетняя выбарчая кампанія, нядаўна распачатая, ад папярэдняй кампаніі 2000-га году? Значная частка пошты Свабоды апошняга тыдня – менавіта на гэтую перадвыбарчую тэму.

Пачну зь лісту ад нашага даўняга слухача й аўтара Алеся Цадко з Маладэчна. Ён піша:

“Параўнальна з папярэднімі парлямэнцкімі выбарамі, у якіх апазыцыя засяродзілася на байкоце, цяпер склалася зусім іншая палітычная сытуацыя. Тады кандыдаты з лукашэнкавага сьпісу маскаваліся пад незалежных, таму палітычныя апанэнты фактычна іх не “засьвечвалі”. Цяпер, калі ў сталіцы й буйных гарадох рэальна будуць дзейнічаць 2-3 дэмкааліцыі, гэта даволі лёгка зрабіць. Дастаткова давесьці да выбарцаў інфармацыю пра лукашэнкавых вылучэнцаў, пра тое, як яны мяняюць сваю ляяльнасьць на матэрыяльныя выгоды й кар’ерны рост – і яны імгненна стануць аўтсайдэрамі гэтай палітычнай кампаніі. І гэта будзе не паклёп і ня выдумка апазыцыі. Такія цяперашнія рэаліі. Вазьміце хоць бы сёньняшніх дэпутатаў-палатачнікаў. Хто ў нас любіць прыстасаванцаў?

Уладам у такіх умовах застаюцца два шляхі, каб захаваць Палату. Першы – адсеў апазыцыйных кандыдатаў на этапе рэгістрацыі, з адначасовым вылучэньнем свайго падстаўнога суперніка; другі – непрыхаванае фальшаваньне падчас падліку галасоў, прыпіска тысяч і дзясяткаў тысяч галасоў кандыдатам ад улады”.

Сапраўды, спадар Цадко, наўрад ці цяперашняя выбарчая кампанія будзе копіяй таго, што было ў 2000-м годзе. Тактыка, якую можа ўжыць улада, апазыцыі добра вядомая. І хапала часу, каб навучыцца супрацьстаяць ёй. З іншага боку – прыкметна зьмяніліся грамадзкія настроі.

На гэтую тэму разважае ў сваім лісьце й Вольга Малашэнка зь Менску. Слухачка піша:

“Як бы ні імкнулася ўлада не дапусьціць апазыцыю ў Палату прадстаўнікоў, – апазыцыйныя дэпутаты там усё роўна зьявяцца. Прычым, гэта будуць людзі, якія на этапе выбарчай кампаніі ня будуць афішаваць свайго сапраўднага стаўленьня да рэжыму. Думаю, апазыцыйная фракцыя ў парлямэнце будзе значна большай, чым цяперашняя група “Рэспубліка”. Як бы ні хацелася Лукашэнку, – у Беларусі насьпяваюць сур’ёзныя палітычныя зьмены. Эпоха Лукашэнкі заканчваецца, і гэта адчуваюць – у тым ліку – і дэпутаты. Многія зь іх разумеюць: дзеля таго, каб забясьпечыць уласную палітычную будучыню, небясьпечна заставацца ў саюзьніках і аднадумцах Лукашэнкі. Думаю, вельмі хутка мы станем сьведкамі таго, як пацукі дружна пабягуць з карабля, які пачаў ісьці на дно”.

Думаю, спадарыня Малашэнка, многія маглі б сёньня паспрачацца з Вамі наконт таго, ці ідзе на дно ўладны карабель. Пакуль што больш прыкмет паказвае на тое, што капітан гэтага карабля будзе рабіць усё магчымае, каб як мага даўжэй заставацца на капітанскім мосьціку – нават пасьля таго, як законны тэрмін ягонай службы скончыўся.

Што да новай Палаты прадстаўнікоў, то, зусім верагодна, Вы, спадарыня Малашэнка, маеце рацыю – і склад ейны ня будзе такім аднастайным, як хацелася б выканаўчай уладзе. Асабліва гэта можа выявіцца якраз у тым выпадку, калі ў краіне сапраўды насьпее й стане відавочнай хуткая зьмена палітычнага лідэра.

Аляксандар Еўтухоў са Жлобіну разважае наступным чынам:

“Лукашэнку нельга маляваць адным толькі чорным колерам. Гэта – маштабная асоба, якая шмат добрага зрабіла для Беларусі. Безь яго большасьць беларусаў (маю на ўвазе простых рабочых, сялян, пэнсіянэраў) былі б значна бяднейшымі, чым цяпер. Затое раскашавала б пара дзясяткаў мільянэраў, якія за бесцань скупілі б народную ўласнасьць, а потым перапрадалі расейскім алігархам. Лукашэнка гэтых хітруноў хутка раскусіў. І дзе яны цяпер? Хто ў Маскве, хто ў Варшаве, хто ў Лондане. А хто й на турэмных нарах. Там ім і месца.

Вось за гэта народ за Лукашэнку й галасуе. Вядома, у яго ёсьць і памылкі. Ня варта было так сварыцца з Захадам – там і грошы, і перадавая тэхніка. Можна было б для адводу вачэй і не прыціскаць так прэсу ды апазыцыю. Тады яго й у Брусэль запрашалі б, і грошы давалі б”.

Выдаваць сябе за прыхільніка дэмакратыі, як Вы, спадар Еўтухоў, пішаце, “для адводу вачэй” – наўрад ці атрымалася б. Аляксандру Лукашэнку добра вядомы дакладны пералік умоваў, выкананьне якіх ёсьць абавязковым дзеля таго, каб яго прызнавалі й прымалі на Захадзе. Галоўныя з гэтых умоваў – дэмакратычныя й справядлівыя выбары, свабода мэдыяў, аб’ектыўнае расьсьледаваньне зьнікненьняў палітычных апанэнтаў рэжыму.

Як жылося б цяперашнім беларусам без Лукашэнкі – пытаньне спрэчнае. Вы, спадар Еўтухоў, спасылаецеся на расейскі досьвед. А чаму б не спаслацца на польскі, ці на літоўскі? Там, пазбавіўшыся ад камуністаў, выбралі дэмакратыю й аб’яднаную Эўропу, а не аўтарытарнага валадара й не самаізаляцыю. І цяпер жыцьцёвы ўзровень палякаў і літоўцаў значна вышэйшы, чым беларусаў.

Іван Баранкоў з Горадні, азіраючыся на сваё жыцьцё за камуністамі, робіць наступную выснову:

“Усё жыцьцё я чуў ад бальшавікоў адно й тое ж: павінен выконваць свой абавязак. І як мог, я гэты абавязак выконваў, сплачваў не вядомыя мне пазыкі: гнуў сьпіну перад начальствам, кланяўся ніца. А што атрымаў за гэта?”

Іван Баранкоў апісвае шмат эпізодаў сваёй біяграфіі. Вось што запомнілася яму з даваеннага дзяцінства.

“39-ы год. У нашу хатку на хутары блізу вёскі Старая Крывека Журавіцкага раёну ўрываюцца некалькі мужыкоў-камітэтчыкаў. І мы, вялікая сям’я, застаемся ў літаральным сэнсе бяз даху над галавой. Бацька не пасьпеў збудавацца на новым месцы – забралі на фронт. Перажылі акупацыю – вярнуліся тыя ж парадкі. Бацька ў 46-м годзе памёр. І стала жыцьцё ўвогуле невыносным. Каб не памерці з голаду, зьбіраў па полі гнілую бульбу, каласкі, за што ня раз быў біты. Адзінай крыніцай выжываньня быў кавалачак зямлі пры хаце. Але за гэта трэба было бясплатна працаваць у калгасе “Савецкая Беларусь”.

З пасьляваеннага юнацтва Івану Баранкову згадваецца наступнае:

“Аднаго разу ў нашу хатку ўваліўся вялізнага росту дзяцюк. Выявілася, што гэта ўпаўнаважаны па падатках. Дастаў з кішэні наган і стаў грукаць па стале, зьневажаючы маці: “Аддавай, сука, падатак і нядоімку, а то забяру карову”. Маці стаяла перад ім на каленях, просячы адтэрміноўкі.

Я, каб дапамагчы маці, пайшоў на трактар у МТС. Потым, прыбавіўшы сабе гадоў, уцёк ад непасільнай працы ў войска. Але й там было, як у турме: зьдзекі, бяспраўе. Замест заробку (афіцыйна мусілі плаціць па тры рублі штомесяц) усе тры гады мне выдавалі аблігацыі. У 53-м годзе вярнуўся з войска – у зношаным армейскім бушлаце ды стаптаных ботах.

Дзевяць год быў кіроўцам-міліцыянтам у Жалудку. Круціў стырно за 30 рублёў за месяц. Лягчэйшым жыцьцё ня стала – грошай не хапала, а дагаджаць начальству было няпроста. У 63-м годзе Жалудоцкі раён расфармавалі, і я трапіў у Горадню, інспэктарам у падаткавую інспэкцыю. Потым працаваў на чыгунцы – з аплатаю 80 рублёў”.

Заканчвае Іван Баранкоў свой ліст гэткімі высновамі:

“Аднаго разу я азірнуўся назад, на пражытыя гады, і – зразумеў, наколькі прыніжаным і зьняважаным быў. Захацелася стаць свабодным чалавекам, устаць з каленяў, паспрабаваць скінуць ярмо, якое прыгнятала мяне ўсё жыцьцё.

І што з гэтага атрымалася? Паспрабаваў адстойваць свае правы. Мяне ж у свой час выгналі зь міліцыі, пазбавіўшы ўсіх ільготаў, я пацярпеў вялікую маральную й матэрыяльную страту. Дык вырашыў вярнуць усё тое, што ў мяне адабралі. Зьвяртаўся ва ўсе інстанцыі, аж да прэзыдэнта. Няма адказу на мае лісты, нібы я й не існую зусім”.

Дзясяткі тысяч беларусаў – вашых, спадар Баранкоў, адначасьнікаў – могуць падзяліцца падобнымі спамінамі: і пра тое, як гвалтам заганялі ў калгасы, адбіраючы маёмасьць, і як даводзілася, ратуючыся ад голаду, зьбіраць каласкі й гнілую бульбу, і як цярпелі прыніжэньні ад рознага кшталту ўпаўнаважаных... Відочна, патрэбныя немалыя высілкі дзеля таго, каб, асэнсаваўшы ўсё гэта, у немаладым ужо ўзросьце паспрабаваць стаць свабодным чалавекам. А гэта значыць – адчуць сябе свабодным і годным, найперш – унутрана.

Вядома, няблага было б атрымаць і матэрыяльную кампэнсацыю за ўсе тыя крыўды й несправядлівасьці, што чынілі з Вас 40 год таму розныя начальнікі. Хоць ва ўмовах беларускай рэчаіснасьці аспрэчыць звальненьне 40-гадовай даўніны – задача цяжкавыканальная. Зрэшты, можа, і ня варта дужа разьлічваць на нейкія кампэнсацыі, траціць на гэта столькі часу й сіл.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Лявонці Ўсталы з Гомелю й Сяргей Шаміёнка зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час дзеля ліставаньня на Свабоду.
XS
SM
MD
LG