Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Што варта было б забараніць у Беларусі?” – на пытаньне тыдня адказваюць жыхары Менскай вобласьці


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць На гэтае пытаньне тыдня адказваюць жыхары мястэчка Плешчаніцы Лагойскага раёну.

(Спадарыня Алена: ) “Некаторыя бязглуздыя законы. Асабліва ж дзеля нас, прадпрымальнікаў. На мой погляд, яны ўжо вельмі неразумныя. Неістотныя, нежыццёвыя, якія абмяжоўваюць нас”.

(Спадар Аляксей: ) “Я закрыў бы гэтыя шапікі, камэрцыю ўсю. Таму што яны правакуюць рост цэн. А таксама я для людзей зьнізіў бы цэны на прадукты харчаваньня. Бо гэта ж немагчыма – пры такіх нізкіх заробках”.

(Спадарыня Ганна: ) “Тут нічога не забароніш. Праўда, вось у нас зачыняюць заводы. І зараз вось будуць зачыняць Плешчаніцкі хлебазавод. Жанчыны без працы застаюцца”.

(Спадарыня Вольга: ) “Трэба забараніць беспрацоўе. Яно перашкаджае жыць. Трэба, каб была праца ў моладзі. Бо яны школу скончаць і гойсаюць бяз працы. А вось каб у іх была праца, то было б інакш. Нават каб зарабіць толькі на жуйкі ды на цукеркі”.

(Спадарыня Ганна: ) “Трэба высокаму начальству задумацца пра нас. Перш чым зачыняць нейкае прадпрыемства, яны мусяць задумацца пра наступствы гэтага кроку”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Я думаю, што нам ня трэба было горкі вось гэтыя будаваць. Я маю на ўвазе горкі лыжныя, спартовыя, што каля Хатыні, каля Лагойску. Бо грошай туды пайшло вельмі шмат. Просты чалавек там адпачываць ня будзе. Для каго тады гэта робіцца?! Хай бы яны нам тут збудавалі лепей нейкую фабрыку, філіял. Каб мы маглі працаваць. Каб людзі былі занятыя. А адпачываць можна й на Нарачы”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Грошай мала. Вось што перашкаджае жыць”.

(Спадарыня Ларыса: ) “Я забараніла б алькаголь, п’янства. Каб менш пілі. Таму што ў нас моладзь сьпілася”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Трэба менш вырабляць алькагольных напояў. Бо ўсе п’юць”.

(Спадарыня Антаніна: ) “Я верніца. Паслушніца ў нядзельнай школе, у царкве. І вядома, мяне вельмі турбуе тое, што ў нашым грамадзтве моладзь п’е”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Трэба зачыніць сьпіртзаводы. І тады ўсе людзі будуць працаваць, а ня піць. У іх зьявяцца грошы”.

(Спадарыня Валянціна: ) “На глебе алькаголю зьяўляецца брыдкаслоўе, бойкі. Не паважаюць ні старэйшых, ні дзяўчат. Таму гэта трэба забараніць”.

(Спадарыня Вікторыя: ) “Яшчэ трэба забараніць курэньне. Таму што ад курэньня ў дзяўчат могуць пацярпець іхныя дзеці. А гэта адаб’ецца на наступных пакаленьнях”.

(Спадар Сяргей: ) “Вельмі кепская справа – сэкты. Вядома, іх трэба пазачыняць. Яны ўцягваюць людзей. Мне вядома шмат такіх выпадкаў”.

(Спадарыня Раіса: ) “У нас ёсьць сэкты. Але я ня супраць іх. Таму што там непітушчыя, гарэлкі ня п’юць. Вось я ведаю зусім прапітых людзей. Яны пайшлі ў сэкты й спыніліся піць. Вярнуліся ў сем’і. І я лічу, што гэта добра”.

(Спадар Сяргей: ) “Сэкты трэба неяк выкарчоўваць. Але яны такія сьлізкія, што па нашых законах іх вельмі цяжка закрыць. Усё ж – трэба”.

(Спадарыня Галіна: ) “Што забараніць – я ня ведаю. Не задумвалася”.

(Спадарыня Алена: ) “Некаторыя ў нас умудраюцца зарабляць грошы й не плаціць падаткаў. У нас працуе дваццаць нелегальных таксовак. Але іх не заўважае ні ўлада, ні міліцыя. А хай бы яны падтрымалі мястэчка Плешчаніцы. Вось нашы законы нас заціскаюць, а ім – воля”.
XS
SM
MD
LG