Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Алімпіяду зь Беларусі паедзе толькі адзін незалежны журналіст


Ігар Карней, Менск Толькі невялікая колькасьць шчасьліўчыкаў можа сачыць за спаборніцтвамі на Алімпіядзе з трыбунаў спартовых пляцовак. Астатні сьвет будзе бачыць Гульні такімі, якімі падаюць іх журналісты, рэжысэры і апэратары тэлевізіі. Ад іхнай аб’ектыўнасьці, апэратыўнасьці й таленту да аналізаваньня шмат у чым залежыць, як аматары спорту ўбачаць і зразумеюць галоўнае спаборніцтва сьвету. Хто зь беларускіх журналістаў будзе асьвятляць спаборніцтвы беспасярэдне зь месца падзеяў? Як фармавалася каманда рэпартэраў Беларусі?

Зь Беларусі ў Грэцыю накіроўваецца 25 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі: прэс-аташэ НАК Пётар Рабухін, 8 газэтчыкаў і фотакарэспандэнтаў і 16 тэлевізійнікаў. За выключэньнем аднаго – карэспандэнта газэты “Преессбол” Мікалая Цынкевіча – усе працуюць у дзяржаўных выданьнях. Рэпартажы, напісаныя беспасярэдне ў Афінах, можна будзе чытаць у газэтах “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Рэспубліка”, “Спортивная панорама”, у паведамленьнях агенцтва БелТА. Накіроўваюцца журналісты ў Грэцыю за дзяржаўныя грошы, дакладней – выдаткі пакрые Нацыянальны алімпійскі камітэт.

Тэлевізійная брыгада складзеная з супрацоўнікаў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі і камэнтатара радыёстанцыі “Радиус-FМ”. Учора ўвечары ўсіх сабраў кіраўнік беларускай спартовай дэлегацыі на XXVIII Алімпійскіх гульнях, ён жа міністар спорту і турызму Юры Сівакоў. У міністэрскім кабінэце прагучала недвухсэнсоўная думка: дзяржава вас накіроўвае на галоўны спартовы форум, таму і аддачы чакае адпаведнай. Як апавёў адзін з журналістаў, прысутных на сустрэчы, ніхто спрачацца з такой пастаноўкай пытаньня ня стаў, і ўсе паабяцалі, што дзяржаўныя грошы адпрацуюць як сьлед.

Я паспрабаваў высьветліць у прэсавага аташэ Нацыянальнага алімпійскага камітэту Пятра Рабухіна, чаму на Гульнях перадусім акрэдытаваныя дзяржаўныя мэдыі? Ён патлумачыў, што НАК, паводле ўмоваў фармаваньня дэлегацыяў, сам выбірае, каго з журналістаў узяць на Алімпіяду:

(Рабухін: ) “На пішучых журналістаў і фотакарэспандэнтаў ёсьць квота. Прычым спачатку ішла гаворка пра трох журналістаў і аднаго фатографа, але мы напісалі, што гэта недапушчальна мала, і нам дазволілі ўзяць яшчэ трох пішучых і аднаго фатографа. Гэта канчатковая лічба аргкамітэту. Што да тэлебачаньня, то яно акрэдытоўваецца праз Эўрапейскі вяшчальны зьвяз, і ў той колькасьці, якую лічыць патрэбнай. Былі б грошы”.

Спадар Рабухін дадае, што Нацыянальны алімпійскі камітэт абвяшчае конкурс за два гады да Алімпійскіх гульняў. У структуры НАК працуе адмысловая камісія, якая прымае заяўкі ад журналістаў, потым іх разглядае і накіроўвае ў Міжнародны алімпійскі камітэт. І ўжо там сьпіс альбо зацьвярджаецца, альбо не. Але, як сказаў спадар Рабухін, рашэньне камісіі практычна заўсёды праходзіць без пытаньняў.

Спартовы журналіст газэты “Комсомольская правда в Беларуси” Андрэй Асмалоўскі пацьвярджае думку іншых журналістаў зь незалежных выданьняў, што шанцаў трапіць у склад дэлегацыі, фармаванай НАКам, у іх не было ніякіх:

(Асмалоўскі: ) “Я нават не спрабаваў, бо ведаю: ніхто мяне туды ня ўзяў бы. І нават калі б падаў заяўку, наўрад ці былі б шанцы прабіцца і паехаць у складзе менавіта гэтай дэлегацыі. Немагчыма. Натуральна, у афіцыйных структурах скажуць: чаму не падаў заяўкі, маўляў, мы б разгледзелі, у нас усё на конкурснай аснове. Але калі паглядзець склад дэлегацыяў на папярэдніх Алімпіядах, то там ніводнага СМІ недзяржаўнага няма, за выключэньнем “Прессбола”.

У рэдакцыяў быў і іншы шанец паслаць сваіх карэспандэнтаў у Афіны – праз індывідуальную акрэдытацыю, то бо ўласным коштам. Але гэтыя кошты такія вялікія, што аплаціць іх бедным рэдакцыям нерэальна.

Я пацікавіўся ў Нацыянальных алімпійскіх камітэтах суседніх Украіны й Расеі: як там вырашылася такая сытуацыя? Кіраўнік прэсавай групы Алімпійскага камітэту Ўкраіны Іван Бандарчук расказаў, што журналісцкі дэсант Украіны складаецца з 18 прадстаўнікоў друкаваных выданьняў, 17 тэлевізійнікаў і 5 супрацоўнікаў радыё.

(Бандарчук: ) “Шэсьць чалавек прадстаўляюць выданьні агульнадзяржаўнай важнасьці, і яны едуць коштам НАК Украіны. Іншымі словамі, гэтыя людзі знаходзяцца на ўтрыманьні НАК, яны нават атрымліваюць форму. Усе астатнія аплачваюць сваё знаходжаньне самастойна. Але гэтыя журналісты прадстаўляюць камэрцыйныя выданьні, якія ў масе сваёй маюць вельмі прыстойныя бюджэты”.

Ад Расеі асьвятляць Алімпіяду будзе каля сотні журналістаў газэт і інфармацыйных агенцтваў. Прадстаўнік Алімпійскага камітэту Расеі Генадзь Швец патлумачыў, што яны шукалі балянсу, разумеючы неабходнасьць аб’ектыўнага асьвятленьня падзеі ды бюджэтныя складанасьці рэдакцыяў.

(Швец: ) “Ёсьць шэраг рэдакцыяў, якія фінансава добра забясьпечаныя і маюць магчымасьць цалкам аплаціць – прыкладам, газэты “Коммерсантъ” ці “Комсомольская правда”. Яны дасылаюць сваіх карэспандэнтаў, аплачваюць пералёт, пражываньне і г.д. Але некаторыя папулярныя, але бедныя выданьні маюць патрэбу ў дапамозе. Ёсьць некалькі правінцыйных выданьняў, у якіх грошай няма зусім. Залучаючы спонсараў, Алімпійскі камітэт узяў на сябе абавязак кампэнсаваць у розных формах патрэбы каля трыццаці журналістаў. Некаторым – толькі пражываньне, камусьці – пералёт і г.д. Але гэта абсалютна ня ставіць журналістаў у нейкую залежнасьць: маўляў, мы заплацілі, і ты напішы, якія мы белыя і пушыстыя. Такога няма. Крытыка ня толькі дазволеная, але і неабходная”.

Такім чынам, калі ў суседніх краінах карыстаюцца прынцыпамі сучаснага разуменьня свабоды слова, то ў мэдыя-палітыцы Беларусі перамагаюць старыя прынцыпы пары КПСС: хто плаціць, той і заказвае музыку. Чыноўнікі ад спорту, карыстаючыся фінансавай галечай незалежных выданьняў, па сутнасьці, купляюць паслухмяных рэпартэраў, якія і абслужаць адпаведна.

На фотаздымку: Мікалай Цынкевіч, газэта "Прэсбол" (pressball.by)
XS
SM
MD
LG