Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі прадпрымальнік Сяргей Атрошчанка ня лічыць сябе “вшивой блохой”, то чаму ён не падасьць у суд на Лукашэнку за абразу гонару і годнасьці?”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 3 жніўня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лусевіч Міхаіл: ) “На пытаньне тыдня, што варта было б забараніць на тэрыторыі Беларусі. Я б забараніў тое, што, на жаль, немагчыма забараніць ніякімі акцыямі, ніякімі дэкрэтамі – гэта абыякавасьць нацыі і хлусьню, якая прасягнула ўсю нашую грамадзкасьць. Гэтыя дзьве рэчы фактычна разламалі і зьнішчылі нашае грамадзтва. Абыякавасьць да сябе, абыякавасьць да краіны, абыякавасьць да таго, хто жыве побач з табой; хлусьня, якая лунае ня толькі ў колах рэжыму, але таксама ў апазыцыі. Мы проста не заўважаем яе, мы ўжо ня бачым яе, бо гэтая хлусьня паўсюль, і, на жаль, квітнее. Але, паўтаруся, гэта немагчыма забараніць ніякім дэкрэтамі. Усё гэта ляжыць у гісторыі”.

(Спадар: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! У адной з вашых перадачаў пачуў, што нейкі прадпрымальнік Сяргей Атрошчанка падаў у суд на газэту “Народная Воля”, быццам бы за абразу ягонага гонару і годнасьці. Але сам Сяргей зьяўляецца прадпрымальнікам. А нейкі час таму прэзыдэнт рэспублікі Аляксандар Лукашэнка назваў усіх прадпрымальнікаў “вшивыми блохами”. Хацеў бы задаць пытаньне Сяргею: калі ён сам ня лічыць сябе “вшивой блохой”, то чаму ён не падасьць у суд на Аляксандра Лукашэнку за абразу гонару і годнасьці?”

(Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч, Віцебск: ) “Добры дзень, паважаная Радыёстанцыя Свабода! На пытаньне, што патрэбна забараніць на Беларусі. Я б у першую чаргу забараніў бы МРЭК, ёсьць такая структура ў мэдыцыне. Як пойдзеш – толькі адныя прыніжэньні, з году ў год шукаюць, ці не адрасла ў цябе трэцяя нага. Той хто прыдумаў гэта – гэта магла толькі прыдумаць нелюдзь. Мала таго, што яны мардуюць інвалідаў, не падаюць дакумэнты, несвоечасова атрымлівае гэтыя грабавыя няшчасныя; тое самае робіцца і зь дзецьмі. У мяне сын інвалід па зроку – зноў несвоечасова пададзеныя дакумэнты, зноў затрымкі. Ужо адміністрацыя прэзыдэнта разьбіралася. Я як падумаю, што фашысты былі больш гуманнымі: яны зьбіралі, мылі ў лазьні, тады атручвалі газам і потым палілі і ня зьдзекваліся. А тут ужо 10 год тыя самыя зьдзекі”.

(Радзімоўскі Юры: ) “Добры дзень, паважаная Свабода! Вельмі балюча, што беларускі гуманітарны ліцэй дзейнічае ня так, як у краінах Эўрапейскага Зьвязу. І зараз прыкрылі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Гэта настолькі балюча, настолькі пякуча. У сутнасьці, чаму так атрымліваецца? Атрымліваецца таму, што рэжым пад уладай Аляксандра Лукашэнкі зрабіўся нахабным, стаў нахабным дасканала.

Я сёньня слухаў Радыё Свабода і пачуў, што сябры “5+” і “Кааліцыі” практычна ня трапілі ў склад акруговых выбарчых камісіяў. Гэта настолькі балюча, настолькі бярэ чалавека за жывое, калі ён сапраўды патрыёт сваёй бацькаўшчыны. Але што рабіць? Як змагацца з гэтым грубіянам, з гэтай хваробай?”

(Слухач: ) “Шаноўная Свабода! На мой погляд, Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч вельмі адукаваны, нават высокаадукаваны, культурны, інтэлігентны чалавек з маштабным позіркам на зьявы і аналітычным прыродным мысьленьнем, што вельмі і вельмі каштоўна, з абсалютна пазбаўленым ад хлусьні і словаблудзтва мысьленьнем. А гэтыя рысы вельмі патрэбна мець дзяржаўнаму дзеячу”.

(Уладзімер, Менск: ) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода. Тэлефаную паводле вашага пытаньня “Што трэба забараніць на Беларусі?” Дык вось, на Беларусі трэба забараніць злачынныя адносіны насельніцтва да свайго здароўя: празьмернае ўжываньне гарэлкі, піва, паленьня, а трэба тэрмінова ўводзіць здаровы лад жыцьця.

Я і мае прыхільнікі вельмі грунтоўна займаемся здаровым ладам жыцьця. Гэта перш за ўсё загартоўваньне, фізычныя практыкаваньні, ёга, аздараўленчы масаж. Напрыклад, у гэтым годзе пад час адпачынку мы былі зусім голыя, кожную раніцу практыкавалі цяжкую руханку. Гэта халодны душ, ня менш за тры хвіліны, так, што аж целы сінелі, потым працяглы крос па садзе, полі, лесе, потым купаньне ў халоднай крынічнай вадзе. Акрамя таго, там дзе мы праводзілі адпачынак, на хутары, ёсьць спэцыяльныя прыстасаваньні, скажам так, трэнажоры, для таго, каб замацоўваць целы ў розных складаных позах, у тым ліку ўніз галавой, расьцягваньне целаў і мышцаў для таго, каб праводзіць масаж. Масаж праводзіцца для таго, каб аздаравіць цела і дух, а таксама выпрацаваць трываласьць да болю. Спэцыяльныя драўляныя палачкі ўстаўляюцца ў цела і круцяцца. Галоўнае пад час масажа вытрымаць боль – загартоўка цела і духа. Дома ўвесь час нашая вопратка – гэта шорты. За час здаровага лада жыцьця мы адаптавалі нашае цела да ўмоваў нашага клімату, набылі бадзёрасьць, задумаліся аб жыцьці, аб тым, што трэба зрабіць, каб яго зьмяніць.

Таму ўладзе вельмі выгадна спойваць насельніцтва таннай гарэлкай і завальваць яго таннымі сыгарэтамі. А калі чалавек займаецца здаровым ладам жыцьця, ён пачынае задумвацца, што вельмі небясьпечна для ўлады”.

(Слухач: ) “Дыктатура, як сыстэма ўлады, падобна на хваробу пад назвай чума, таму зь ёю трэба змагацца і забараніць. Забараніць трэба як мага хутчэй русыфікацыю Беларусі, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, такія як “Советская Беларусь”, “Рэспубліка”, “Минский курьер” і іншыя, бо яны хлусяць не спыняючыся, як і FM-радыёстанцыі. Шмат чаго трэба забараніць дзяржаўнага, каб было на Беларусі больш прыватнага, свабоднага, асабістага, незалежнага. Дзякуй”.
XS
SM
MD
LG