Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады лічаць, што 10 % дэпутатаў новага парлямэнту павінны складаць прадстаўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі


Іна Студзінская, Менск Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі мае намер атрымаць у новым складзе парлямэнту па меншай меры 10 адсоткаў мандатаў. Такую праграму-мінімум паставіў перад прафсаюзамі кіраўнік ФПБ Леанід Козік. Лічба гэтая зьявілася не выпадкова, а з пэрспэктывай на будучыню, каб стварыць ў парлямэнце сваю дэпутацкую групу. Адначасова Міністэрства юстыцыі распрацоўвае зараз зьмены і дапаўненьні ў Закон аб прафэсійных саюзах.

Азначае гэта тое, што зноў у парлямэнце будуць квоты. На нарадзе па правядзеньні выбараў у адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандр Лукашэнка цалкам канкрэтна вызначыў: у новай Палаце мусіць зьявіцца 30-40 адсоткаў жанчын, а таксама моладзь і вэтэраны. Цяпер вось яшчэ і 10% прафсаюзаў. Насьцярожвае тое, што прыводзяцца канкрэтныя лічбы, каго і колькі ў парлямэнт неабходна абраць.

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў на прэсавай канфэрэнцыі цалкам нечакана ўзьняў тэму “прадстаўніцтва” прафсаюзаў – маўляў, у беларускіх законах і нарматыўных актах не раскрытае паняцьце “прадстаўніцтва”, якое ёсьць ў іншых краінах. “Дзяржава ўзаемадзейнічае і заключае пагадненьні аб супрацоўніцтве не з усімі прафсаюзамі, а з найбольш прадстаўнічымі”, падкрэсьліў Галаванаў. Таму ў ФПБ, якая, паводле міністра юстыцыі, аб’ядноўвае 3 мільёны сяброў, павінна быць пры гэтым узаемадзеяньні зь дзяржавай больш правоў, чым у іншага прафсаюза зь меншай колькасьцю.

Па інфармацыі дасьведчанай крыніцы, перад Міністэрствам юстыцыі пастаўлена задача распрацаваць такія зьмены у Закон аб прафсаюзах, каб замацаваць гэтае прадстаўніцтва па квоце ў парлямэнт. Аднак да сёлетніх парлямэнцкіх выбараў гэта зрабіць наўрад ці пасьпеюць, бо ўсе папраўкі ў Законы спачатку абмяркоўвае, а потым прымае парлямэнт, працэдура даволі доўгая. Але пастаўленую задачу – 10% прадстаўнікоў ФПБ у парлямэнт – выканаюць любой цаной.

Сакратар ФПБ Аляксандар Мікша выказаў незадавальненьне тым, што пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ня могуць вылучаць сваіх кандыдатаў, у адрозьненьне ад палітычных партыяў. Таму прафсаюзным кандыдатам прыйдзецца вылучацца ад працоўных калектываў. Але для іх падтрымкі ўжо створаныя адмысловыя інфармацыйныя групы.

(Мікша: ) “Тых кандыдадаў, якія падтрымліваюць нашу плятформу, мы будзем падтрымліваць”.

(Карэспандэнтка: ) “А нейкія палітычныя мэты вы маеце?”

(Мікша: ) “Як палітычная кампанія, выбары ў парлямэнт нас не цікавяць. Але павінны быць такія людзі ў парлямэнце, якія падтрымаюць такія зьмены і дадаткі, як Закон аб прафсаюзах, Закон аб сацыяльным партнэрстве. У нас, на жаль, няма права заканадаўчай ініцыятывы. Таму мы зацікаўленыя, каб у парлямэнце былі такія людзі, якія нашы інтарэсы ўлічваюць. Мы мэту ня ставім – вылучыць 10 адсоткаў менавіта сваіх, прафсаюзных кандыдатаў. Вылучацца яны будуць, як і іншыя, ад працоўных калектываў. Сёньня пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі не маюць права вылучаць кандыдатаў”.

Наконт таго, што выбары ў парлямэнт як палітычная кампанія ФПБ не цікавяць, спадар Мікша выказаўся няшчыра і гэтым сам сябе абверг. Зразумела, што задача наконт 10% будзе выканана. У гэтым перакананы і сустрашыня прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, аўтамабілебудаваньня, мэталяапрацоўкі да іншых галінаў Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Прафсаюзы – гэта ўжо частка ўлады, яны цалкам “убудаваныя” у дзяржаўны апарат, і падпарадкоўваюцца таксама адміністрацыі прэзыдэнта. І будуць выконваць агульную задачу, якую паставіў прэзыдэнт. Яны крыху пачынаюць “манкіраваць”, што, маўляў, мы будзем 10% праводзіць ад прафэсійных саюзаў. Але гэта будуць тыя ж самыя людзі, якія будуць падтрымліваць уладу. Ніякіх тут інтарэсаў працоўных і блізка няма”.

(Карэспандэнтка: ) “А можа быць гэтая лічба, якую паставіў у праграму-мінімум спадар Козік: 10% мандатаў трэба атрымаць у парлямэнт?

(Бухвостаў: ) “Козік паставіў гэтую лічбу, узгадніўшы яе з прэзыдэнтам. Гэта будуць верныя прыхільнікі Лукашэнкі, іншых там не будзе, пад кіраўніцтвам Козіка”.

Ну а інфармацыйныя групы для працы з выбаршчыкамі ў апараце ФПБ створаныя менавіта для таго, каб тлумачыць шараговым сябрам прафсаюза, за каго ім галасаваць, каго падтрымліваць, каб выканаць даведзеную задачу – правесьці як мінімум 10 адсоткаў сваіх прадстаўнікоў у новы парлямэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG