Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне ўладаў да гістарычнага цэнтру Менску: на паперы – “разьвіцьцё”, на справе – зьнішчэньне


Юлія Шарова, Менск У мінулым месяцы Лукашэнка падпісаў указ “Пра разьвіцьцё гістарычнага цэнтру Менску”. Дакумэнт зацьвярджае Канцэпцыю рэканструкцыі, разьвіцьця й функцыянальнага выкарыстаньня аб’ектаў гэтага цэнтру. У паасобку, гаворка вядзецца пра забудовы “Верхні горад”, “Траецкае прадмесьце”, “Ракаўскае прадмесьце” ды археалягічны заказьнік “Менскае замчышча”. Такім чынам улады нібыта імкнуцца захаваць гісторыка-культурныя помнікі сталіцы. Разам з тым днямі было зноў абвешчана пра пляны ўзьвядзеньня новага будынку гатэля “Эўропа”: гатэль фактычна паставяць на гістарычным падмурку Менскага гарадзкога тэатра, ён будзе шчыльна прымыкаць да Акадэміі музыкі.

Гэта азначае, што новы будынак зойме месца гістарычных падмуркаў Менскага гарадзкога тэатра – месца прэм’еры першай беларускай опэры “Сялянка” – і такім чынам аднавіць той помнік архітэктуру стане ўжо немагчыма.

Адразу адзначым, што архітэктурнага праекту гатэля “Эўропа” пакуль няма – галоўны архітэктар праекту Сяргей Багласаў заявіў, што распрацоўка пачнецца найбліжэйшым часам. Зь ягоных словаў, пытаньне пра літаральнае аднаўленьне помніка архітэктуры не паўстае – гатэль займаў частку цяперашняй праежджай часткі вуліцы Леніна. Таму вырашана ссунуць падмурак будучага будынку ў бок, да кансэрваторыі, каб не перабудоўваць дарогу.

Намесьнік старшыні менскага гарадзкога таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў гаворыць: у дадзеным выпадку нельга казаць пра аднаўленьне ці рэканструкцыю гатэля “Эўропа”, бо ён стане не на свае падмуркі. Што да будынку, то яго, канечне ж, у такіх варунках аднавіць ня ўдасца, лічыць мой суразмоўца.

(Дзянісаў: ) “Калі гэта сапраўды так, то канечне – ідэя аднаўленьня помніка нашай нацыянальнай гісторыі й культуры, будынка першага гарадзкога тэатра, дзе была пастаўленая першая нацыянальная беларуская опэра “Сялянка”, лібрэта для якой напісаў Дунін-Марцінкевіч, а музыку Станіслаў Манюшка, будзе цалкам пахаваная. Больш за тое – будуць разбураныя ўсе падземныя канструкцыі, якія захаваліся ды якія ў свой час былі ўзятыя пад дзяржаўную ахову як асобны помнік гісторыі й культуры”.

Аднак выглядае на тое, што лёс гэтага помніка мала цікавіць як архітэктурныя ўлады, гэтак і грамадзкасьць. Так, газэта “Рэспубліка” піша, цытую: “музыкі дастаткова і ў разьмешчанай побач кансэрваторыі”, таму адбудоўваць славуты дом Саламонава ня варта.

Як незалежныя адмыслоўцы ў архітэктуры ацэньваюць магчымасьць паўплываць на сытуацыю? Досыць пэсымістычную ацэнку сытуацыі дае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:

(Харэўскі: ) “Гэта інтарэсы вялікага капіталу, трэба ўкладаць вялікія грошы. Ёсьць карпарацыі фінансавыя, якія зацікаўленыя ў гэтым будаўніцтве. Гэта ня мае ніякага дачыненьня да ўзнаўленьня нашай гістарычнай спадчыны, нашай памяці. Адпаведна ў гэты час пратэсты грамадзкасьці ня будуць узятыя ў разьлік”.

Беларускія ўлады зьнішчаюць несавецкую архітэктурную спадчыну, бо не ўсьведамляюць ейнай духоўнай каштоўнасьці для нацыі, лічыць Сяргей Харэўскі. Вартасьцю лічыцца толькі тое, на чым можна зарабляць грошы – адсюль такое стаўленьне да помнікаў, якія разбураюцца. Што да новых архітэктурных зьяваў, то, кажа спадар Харэўскі, яны збольшага адпавядаюць густам беларускіх чыноўнікаў, выхаваных у савецкую эпоху.

Дарэчы, падобна на тое, што і сучаснае мастацтва ў цяперашнім Менску не знаходзіць сабе месца. Гарадзкія ўлады адмовіліся ад скульптурнага праекту Ўладзімера Жбанава “Вазок губэрнатара”, які меркавалася ўсталяваць каля будынку ратушы. Афіцыйная прычына – адсутнасьць грошай. Скульптура ўяўляе сабой выяву двуконнага экіпажу, у адзін з запрэжаных коней упарта ўздыблены, а іншы схіліў галаву. Самога губэрнатара няма – ён засядае ў ратушы. Са словаў спадара Жбанава, гэта ўвасабленьне ўнівэрсальнай ідэі ўзаемаадносінаў улады й народа.

(Жбанаў: ) “Чалавек запрагае коней, ён гаспадар гэтых коней. Але перш чым выправіцца ў дарогу, ён павінен быць гатовым да таго, што яго чакаюць складанасьці з тымі, хто яго вязе. Любая ўлада павінна ўлічваць, што бываюць свавольныя, а бываюць і тыя, хто сьцелецца перад ёй. А ехаць трэба ў адным накірунку”.

Скульптар яшчэ спадзяецца, што грошы зьявяцца. Калі ж “Вазок губэрнатара” Менску не спатрэбіцца, то ён здолее прадаць яго ў любую іншую эўрапейскую краіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG