Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі несанкцыянаванага пікету: “Мы ведаем, што нас пасадзяць, але мы не баімся”


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Цэнтральным судзе Менску будуць судзіць затрыманых удзельнікаў несанкцыянаванага пікету супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Усе яны прыехалі з Салігорску ладзіць акцыю ў цэнтры беларускай сталіцы.

А 6 вечара на Кастрычніцкім пляцы Аляксей Прыходзька, Тацяна Ларыёнава і Натальля Зубарэвіч разгарнулі расьцяжку: “10 гадоў дыктатуры. Сыдзі, Лукавы!” Натальля Зубарэвіч раздавала мінакам улёткі пад загалоўкам: “Куды пайшлі 10 гадоў нашага жыцьця?!” Супрацоўнік АМОНу прапанаваў ім сысьці, але пікетоўцы адмовіліся. Яны добра ведалі, якія будуць наступствы. Амонавец выклікаў дапамогу, і ўсіх затрымалі.

Тацяна Ларыёнава лічыць, што трэба штодня ладзіць такія акцыі ў розных кропках сталіцы і ў буйных гарадах. На яе думку, не абавязкова, каб у іх бралі ўдзел сотні чалавек. Вось што казала Тацяна Радыё Свабода, калі яе вялі ў пастарунак:

(Ларыёнава: ) “Мы прыехалі з Салігорску і ведалі, што тут будзе. Але ўсё роўна выступілі супраць дыктатуры Лукашэнкі і трэцяга тэрміну. Мы ведаем, што нас пасадзяць, але мы не баімся. Мы працавалі і будзем працаваць у гэтым накірунку”.

Усе прызвычаіліся да таго, што вынікам кожнай акцыі ёсьць затрыманьне, суд і пакараньне. Гэтым разам схема спрацавала стандартна. Так што сёньня ў Цэнтральным судзе стане вядома, каго аштрафуюць на некалькі дзесяткаў мінімальных заробкаў, а каго адвязуць адбываць арышт у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна, дзе дагэтуль трымаюць каардынатара “Хартыі’97” Зьмітра Бандарэнку за ўдзел у акцыі, прысьвечанай дзесяцігодзьдзю прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG