Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт акцыі 21 ліпеня зьбіраецца “сьвяткаваць” 50-годзьдзе Лукашэнкі


Уладзімер Глод, Менск Арганізацыйны камітэт, які ладзіў акцыю 21 ліпеня, што была прысьвечаная дзесятым угодкам прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, рыхтуе новае мерапрыемства. Яно будзе прымеркаванае да 50-ці годзьдзя кіраўніка беларускай дзяржавы. Паўвекавы юбілей спадара Лукашэнкі прыпадае на 30 жніўня. Чым новая акцыя будзе адрозьнівацца ад той, што прайшла 21 ліпеня?

Учора ўвечары адбылося першае паседжаньне аргкамітэту. Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец, які ўваходзіць у камітэт, падкрэсьліў дзьве адметныя рысы новага мерапрыемства:

(Скрабец: ) “Канешне, мы будзем улічваць тыя ўрокі, якія мы атрымалі падчас мітынгу і канцэрту на плошчы Бангалёр. Аргкамітэт думае, што гэта будзе нейкае такое шоў з элемэнтамі гумару, сатыры. Мы гэта цяпер абмяркоўваем. Ёсьць свае пляны, якія я пакуль ня буду раскрываць. Многія ж артысты пасьля гэтага мітынгу былі звольненыя з працы. Таму цяпер мы вядзем адпаведныя перамовы”.

Калі арганізатары акцыі ў фармаце шоў могуць дазволіць сабе паіранізаваць, то, цікава, як адносяцца да 50-ці годзьдзя спадара Лукашэнкі іншыя асобы, якія не ўваходзяць ва ўзгаданы аргкамітэт?

Некаторыя таксама не абыходзяцца бяз гумару. Каб засьведчыць, што гэта так, падаем меркаваньні юрыста Сяргея Альфэра, праваабаронцы Тацяны Процька ды літаратара Лявона Баршчэўскага:

(Альфэр: ) “Я б яму пажадаў, каб пасьля дзесяці год цяжкой працы ён пайшоў на пэнсію. Ёсьць месцы, у якіх ён хацеў пажыць. Напрыклад, Чарнобыльская зона. Там жа ёсьць цудоўныя мясьціны з цудоўнай прыродай. Хай ён там вырошчвае бульбачку, лучок, усё астатняе. Тым больш у яго нармальная эканамічная адукацыя. Ён гаворыць, што там чыстая зона, ну дык няхай там трошкі і пажыве, хай парадуе нас сваімі сельскагаспадарчымі дасягненьнямі”.

(Процька: ) “Знайсьці прыстойную працу, каб усе сілы, якія ў яго яшчэ засталіся, выкарыстаць пасьля таго, калі ён ужо ня будзе прэзыдэнтам. Бо на пэнсію, як ён зьбіраецца, яму яшчэ рана. Хай пашукае іншую працу”.

(Баршчэўскі: ) “Памятаць, што ўлада гэта такая салодкая цукерка. Яе пасмокчаш у роце, яна растала і нічога не засталося. Каб ён не ўспрымаў, што гэта камень у роце, а ўсё ж цукерка, якая растае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG