Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былая грамадзянка Беларусі ня зможа выступіць за зборную Польшчы ў Афінах


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская каманда па бадмінтоне паедзе на алімпійскія гульні ня ў поўным складзе, бо Беларускі алімпійскі камітэт не дазволіў бадмінтаністцы Надзеі Касьцючык, якая мае цяпер польскае грамадзянства, выступіць у складзе зборнай Польшчы. Прадстаўнікі фэдэрацыі бадмінтону Польшчы не разумеюць сэнсу гэтай забароны і кажуць, што яна вельмі пашкодзіць кар’еры таленавітай беларускай спартоўкі.

20-ці гадовая Надзея Касьцючык, якая раней жыла ў Берасьці, а цяпер атрымала польскае грамадзянства і жыве ў Сувалках, разам са сваёй партнэркай з клюбу “SKB Litpol-Malow Suwałki” апошнім часам пасьпяхова выступіла на 24-х найвялікшых міжнародных спаборніцтвах у бадмінтоне, што дало ёй права паехаць на алімпійскія гульні.

Гэта, паводле дадзеных польскай Фэдэрацыі бадмінтону, каштавала больш за 60 тысячаў даляраў, але ў фэдэрацыі верылі ў посьпех пары, у якую ўвазодзіць таленавітая беларуская спартоўка, што грае ў польскіх клюбах ад 11 гадоў, таму грошай не шкадавалі.

Заставалася адна, як здавалася польскім трэнэрам, фармальная праблема – афіцыйная згода Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Справа ў тым, што апошні раз за беларускую зборную Надзея Касьцючык выступала 2,5 гады таму, а паводле алімпійскіх правілаў, каб выступаць у алімпійскай зборнай іншай краіны, павінна прайсьці 3 гады.

Звычайна, аднак, алімпійскія камітэты дзьвюх краінаў, дамаўляюцца, каб спартоўцы маглі ўзяць удзел у алімпійскіх гульнях.

Але беларускі НАК, нечакана для ўсіх,без аніякіх тлумачэньняў не дазволіў Надзеі выступаць на Алімпіядзе.

(Сьляўска-Шалевіч: ) “На маю думку гэта было зробленае папросту з подласьці. Маўляў, ня нам, дык і ня вам. Заставалася ўсяго 6 месяцаў. Хаця ў бадмінтоне гэта вельмі распаўсюджанае – шмат спартоўцаў, напрыклад, з Кітаю, Інданэзіі граюць за зборныя розных эўрапейскіх краінаў”, – кажа старшыня польскай фэдэрацыі бадмінтону Ядвіга Сьляўска-Шалевіч.

Для самой Надзеі Касьцючык, забарона беларускага боку была вялікім ударам, так што спартоўка дагэтуль ня хоча размаўляць з журналістамі.

(Шлешыньскі: ) “Яна ня вельмі хоча пра гэта размаўляць. Надзея – гэта яшчэ маладая дзяўчына і ёй цяжка ўсё гэта перажыць. У дадатак, на Алімпіяду вымушаная не паехаць і яе партнэрка, напарніца, якая тут ўвогуле не пры чым”, – кажа Ежы Шлешыньскі, старшыня клюбу “SKB Litpol-Malow Suwałki”, у якім грае Надзея Касьцючык.

Паводле ягоных словаў, беларуская фэдэрацыя бадмінтону не забясьпечыла б Надзеі магчымасьці выступіць на найвялікшых сусьветных спаборніцтвах і такім чынам атрымаць дазвол на ўдзел у Алімпіядзе, бо ў Беларусі для яе не было адпаведнай пары.

Зь ім згодная і Ядвіга Сьляўска-Шалевіч.

(Сьляўска-Шалевіч: ) “Самае горшае ў тым, што ніхто зь беларускага боку не паклапаціўся пра будучыню спартоўкі. Але вядома, у якой краіне гэта адбываецца”, – паведаміла радыё Свабода старшыня польскай фэдэрацыі бадмінтону Ядвіга Сьляўска-Шалевіч.
XS
SM
MD
LG