Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое актывістаў з Салігорска былі затрыманыя на Кастрычніцкім пляцу ў Менску


Любоў Лунёва, Менск Трое актывістаў Салігорскай арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі зладзілі пікет супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры беларускай сталіцы. Усіх пікетоўцаў затрымалі супрацоўнікі АМОНу.

А 6-й вечара на Кастрычніцкім пляцы Менску сябры АГП з Салігорску Аляксей Прыходзька, Тацяна Ларыёнава і Натальля Зубарэвіч разгарнулі расьцяжку: “10 гадоў дыктатуры. Сыдзі, Лукавы!”

Яны пасьпелі раздаць мінакам частку ўлёткаў пад загалоўкам: “Куды пайшлі 10 гадоў нашага жыцьця?”

У тэксьце ўлёткі згадваліся прозьвішчы зьніклых вядомых грамадзкіх дзеячаў, а таксама людзей, супраць якіх вядуцца крымінальныя справы. Пакуль супрацоўнік АМОНу па рацыі выклікаў на дапамогу іншых амонаўцаў Аляксей Прыходзька пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода:

(Прыходзька: ) “Мы, грамадзяне Салігорску, выказваем грамадзянскі пратэст супраць дзесяцігадовага кіраваньня Лукашэнкі і ягонага жорсткага рэжыму. Мы гаворым: “Не – Лукашэнкаўвай дыктатуры!” Мы супраць таго, што на нашай зямлі зьнікаюць людзі! Мы не жадаем жыць у залітай крывёю краіне! Мы запытваем: “Дзе зьніклыя людзі?!” Мы будзем запытвацца ўвесь час”.

У міліцыі Цэнтральнага раёну паведамілі, што ўсіх затрыманых адвязуць у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна, а заўтра даставяць у суд Цэнтральнага раёну.

Іх абвінавачваюць у парушэньнях пад час правядзеньня вулічных масавых мерапрыемстваў. Паводле гэтага артыкулу Аляксею Прыходзьку, Тацяне Ларыёнавай і Натальлі Зубарэвіч пагражае арышт альбо штраф.
XS
SM
MD
LG