Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У чарнобыльскіх раёнах звыш паловы збожжа новага ўраджаю заражана стронцыем


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Ужо тыдзень у Гомельскай вобласьці вядзецца масавае жніво. У найбольш пацярпелых ад Чарнобылю раёнах збожжа зноўку аказалася заражаным на радыяцыю.

Землі блізу вёскі Старое Сяло Веткаўскага раёну не самыя заражаныя на радыянукліды. Але й тут у збожжы новага ўраджаю абласная санстанцыя, якая, згодна з дамовай з абсельгасхарчам, робіць дасьледаваньні, выявіла стронцый – больш за 3 бэкерэлі на кіляграм.

Хаця, паводле беларускіх нормаў, гэта й не перавышае дапушчальнага ўзроўню ўтрыманьня стронцыю ў збожжы, тым ня менш, цікаўлюся ў камбайнэра Яўгена Бянэдзіка, ці ня боязна зьбіраць заражаную на радыянукліды збажыну?

(Бянэдзік: ) “Нам ніхто нічога пра гэта ня кажа”.

(Карэспандэнт: ) “А вам даплачваюць за тое, што працуеце з радыяцыйна небясьпечнай прадукцыяй?”

(Бянэдзік: ) “Тут не. Толькі калі едзем у “зону”, то даплачваюць – у Барталамееўку, Пралетарскі, туды за Ветку. Там дабаўляюць у паўтара разы да аплаты. А тут – не”.

У брагінскіх і хойніцкіх хлебаробаў сытуацыя са стронцыем у новым ураджаі куды горшая. Першыя пробы паказваюць, што тут да паловы вырашчанага збожжа не адпавядае нарматыву.

Сьведчыць інспэктар збожжанарыхтовак Брагінскага райсельгасхарчу Лідзія Дубавец.

(Дубавец: ) “Палавіна гаспадарак атрымлівае збожжа зь перавышэньнем норм па стронцыі. Гэта гаспадаркі “Чырвоны Кастрычнік”, “Буркі”, “Брагінка”, “Брагінскі” й “Рудня Жураўлёва”.

З праблемамі звышнарматыўнага ўтрыманьня ў збожжы радыянуклідаў стронцыю сутыкаюцца ўжо каторы год запар і шэраг гаспадарак Буда-Кашалёўскага, Добрускага, Рэчыцкага, Чачэрскага раёнаў.

Навукоўцы даўно ў гэтай сувязі заяўляюць пра насьпеласьць пераспэцыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасьці. Але Камчарнобыль практычна штогод не выдаткоўвае на гэта патрэбных сродкаў. Гэтаксама, як і на ўкараненьне найноўшых тэхналёгій вырошчваньня праблемных сельскагаспадарчых культур.

Распавядае дырэктар Інстытуту радыялёгіі Ўладзімер Агеец.

(Агеец: ) “Шмат маглі б рабіць, каб аб`ём фінансаваньня быў такім, які дазваляў бы распрацоўваць новыя накірункі – з укараненьнем у вытворчасьць гіс-тэхналёгіяў. З іншага боку, шмат распрацовак пакрываюцца пылам на паліцах. Радыянукліды паводзяць сябе па-іншаму, чым меркавалася раней. Цэзій у глебе зьвязаўся з гліністымі мінэраламі, і цяпер больш за 90 адсоткаў яго расьлінам не даступны. Затое стронцый стаўся рухомым. Мы зь ім будзем узаемадзейнічаць у найбліжэйшыя 300 гадоў. І тэрыторыі, якія моцна забруджаны стронцыем, будуць доўгі час перашкаджаць нам атрымліваць якасную прадукцыю”.

А пакуль заражанае збожжа калгасы й саўгасы адпраўляюць на камбікормавыя заводы, дзе зь яго вырабляюць няякасны, шкодны корм для жывёлы. Радыяцыю, як бачым, па-ранейшаму запускаюць у харчовы ланцужок – ад расьлін да чалавека.
XS
SM
MD
LG