Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Што было б варта забараніць на Беларусі?


Браніслава Станкевіч, Віцебск На пытаньне Радыё Свабода адказваюць жыхары Віцебску.

(Карэспандэнтка: ) “Што, на вашую думку, варта было б забараніць на Беларусі?”

(Спадар: ) “Я думаю, трэба забараніць агульную мытную прастору з Расеяй. Усё адно карысьці для Беларусі зь яе няма, і карыстаецца гэтым толькі наш сусед. Таму, я думаю, варта было б зрабіць нармальную мяжу – з мытнымі пастамі, памежнікамі, а, мажліва, і з калючым дротам”.

(Спадар: ) “Забараніць трэба гэтую “капусту” – сучасны герб Беларусі – і гэты чырвона-зялёны сьцяг. Яны нічога агульнага ня маюць зь беларускай гісторыяй. Таму не шкада!”

(Дзяўчына: ) “Я забараніла б нецэнзурную лаянку. Такі закон у нас ужо ёсьць, але ён не выконваецца – нікога за гэта не караюць. Міліцыянты спакойна глядзяць ды слухаюць, як нехта мацюкаецца, нічога ня робячы. А ўжо як яны самі паміж сабою размаўляюць, дык увогуле лепей не прыгадваць!”

(Спадар: ) “Я думаю, на Беларусі трэба забараніць вяшчаньне расейскіх тэлестанцый. Бо тыя перадачы, што яны трансьлююць, вельмі часта маюць нізкую якасьць. Ды яшчэ поўныя зьдзеку з чалавечай годнасьці”.

(Спадарыня: ) “На маю думку, забараніць варта было б піва, бо гэта хаця й малаалькагольны напой, але ён учыняе істотную шкоду – асабліва маладому арганізму. Ну, калі не забараніць, то хаця б абмежаваць ягоны продаж”.

(Спадарыня: ) “А наагул забараніла б я продаж сьпірутусовых напояў няпоўнагадовым. Такая забарона ўжо існуе. Аднак яна не выконваецца: паўсюль у нас прадаюць падлеткам і алькагольныя напоі, і тытунёвыя вырабы. Трэба, каб гэтага не было. Увогуле… у нас ужо шмат што забаронена, але хіба толькі на паперы. Насамрэч шмат што чаго ў нас робіцца без дазволу!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG