Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці будзе ў багажы беларускіх алімпійцаў вясковае сала?


Уладзімер Глод, Менск Ладны кавалак сала здаўна быў нязьменным кампанэнтам харчаваньня многіх беларускіх спартоўцаў – асабліва тых, хто выступае ў атлетычных дысцыплінах, што патрабуюць укладаньня вялікай фізычнай сілы. Таму, згодна з традыцыямі, некаторыя спартоўцы часта бяруць з сабою на міжнародныя спаборніцтвы гэты, так бы мовіць, беларускі "допінг" – шматок ружова-белага сала.

Кідальнік молату Ігар Астапковіч росту пад два мэтры, а важыць больш за цэнтнэр. Улюбёным спортам ён займаецца ўжо больш за дваццаць год. Паводле Ігара, адзін з асноўных складнікаў ягонага спартовага доўгажыхарства (а для яго сёлетнія Алімпійскія гульні будуць ужо чацьвёртымі) – добры харч, і найперш абавязковыя – мёд і сала. Але на Алімпіяду ў Афіны беларускі асілак сала з сабою не павязе.

(Астапковіч: ) "Шчыра скажу, я не бяру. Сала з сабою яшчэ везьці?! Гэта толькі лішні гемарой. Дый гэта зьвязана з працэдурай захоўваньня: там ня ўсюды лядоўні ёсьць...”

Чатыры гады таму Ігар Астапковіч ляцеў на Алімпіяду ў Сыднэй. Зважма: аўстралійскія мытнікі вельмі пільна сочаць за тым, каб у краіну не завозіліся замежныя прадукты харчаваньня. І вось што назіраў беларускі волат.

(Астапковіч: ) "Бачыў на ўласныя вочы, як у людзей забіралі закручаныя слоікі з салам. Закручаныя! Сабака ўчуў праз накрыўку сала – і адабралі".

З Ігарам Астапковічам я размаўляў у алімпійскім спартовым комплексе "Стайкі" – традыцыйным месцы падрыхтоўкі беларускіх атлетаў да самых буйных міжнародных спаборніцтваў. На сьняданак лёгкаатлетам прапанавалі сёмгу са сьметанковым маслам, рысавую кашу, амлет, натуральныя сокі, разнастайныя садавіну й гародніну. Кожны выбіраў сабе стравы з уласнага густу. А я тым часам спытаў Ірыну Валасевіч – загадчыцу вытворчасьці алімпійскай сталоўкі, якая працуе тут ужо два дзясяткі год, ці зьмяніўся за гэты час рацыён лепшых спартоўцаў.

(Валасевіч: ) "І рыба, і амлеты, і ўсё тое ж самае. Адзінае, што цяпер асартымэнт больш разнастайны. Чакаляды ядуць цяпер больш, больш садавіны. Ведаеце, раней жа апэльсін быў праблемай: толькі ў пэўную пару году давалі. А цяпер на гэта сэзону няма – еж і зімой, і ўлетку. І садавіну, і гародніну сьвежую купляем спартоўцам цэлы год".

А ў Афінах, у алімпійскай вёсцы, ніякіх праблем з харчаваньнем няма. Пра гэта мне паведаміў прэсавы сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Пётра Рабухін. Паводле яго, алімпійскія сталоўкі там адчынены цягам 24 гадзін у суткі, а выбар страў і кухань найвялікшы – ад звыклых эўрапейскіх да самых экзатычных: азіяцкіх ці афрыканскіх. Плаціць за харчаваньне ня трэба.

“Таму – гаворыць спадар Рабухін – ніякай патрэбы везьці з сабою беларускія харчы ці кухараў няма”. Дарэчы, гэтак жа лічаць і нашы блізкія суседзі: палякі, літоўцы, латышы... І гэта пацьвярджае супрацоўніца Нацыянальнага алімпійскага камітэту Латвіі Айя Рацэнэ.

(Рацэнэ: ) "Таксама не вязём. Мы давяраем грэкам. Нашы ня возяць, як амэрыканцы, вады з сабою ці чаго іншага. Мы цалкам давяраем гаспадаром Алімпіяды".
XS
SM
MD
LG