Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падзеі 21 ліпеня нагадалі мне захоп маёй маці гестапаўцамі”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 23 ліпеня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку

(Спадарыня: ) “А дай Божа, каб тыя, хто дазволіў і хто гэта вытвараў 21 ліпеня ў цэнтры Менску на вачах столькіх сьведкаў, дай Божа, каб ім адкруціла рукі ногі так, як яны круцілі людзям, каб яны забыліся сваё імя, каб забыліся імёны сваіх дзяцей, унукаў, каб адракліся ад іх іхныя дзеці, унукі! Дай Божа!”

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Пасьля мінулай акцыі беларускага народу супраць дыктатарскага рэжыму ў Беларусі я ганаруся сваёй нацыяй, я ганаруся тымі людзьмі, якія не пабаяліся і выступілі супраць рабства, супраць бяспраўя, супраць хлусьні дыктатуры, супраць галечы, супраць здраднікаў, якія зьбіваюць дубінкамі свой народ і супраць здраднікаў, якія хлусьліва расхвальваюць дыктатарскі рэжым. Усё гэта існуе сёньня ў эўрапейскай Беларусі, і гэта – ганьба. Пры Гітлеры, Сталіне, Садаме Хусэйне адбывалася тое самае.

На вялікі жаль, я ня меў магчымасьці прыехаць у Менск, каб прыняць удзел у акцыі пратэсту. У мяне проста няма грошаў, каб даехаць да сваёй сталіцы. Вось такое жыцьцё пабудаваў нам Лукашэнка.

Хачу сказаць дзякуй сумленным расейскім журналістам і расейскім тэлекампаніям, якія паказалі праўду пра падзеі ў Менску. І хачу зьвярнуцца да вялікай дэмакратычнай дзяржавы ЗША. Я зь дзяцінства абараняў у спрэчках Амэрыку, нават у маладосьці ў камуністычныя часы, калі ў спрэчках прыходзілася біцца за ЗША. Таксама хачу зьвярнуцца да брацкай дзяржавы Польшчы. Дапамажыце нашаму народу пазбавіцца ад антынароднага, антыэўрапейскага, антыгуманнага, жахлівага рэжыму! Большая частка насельніцтва супраць Лукашэнкі і супраць саюзу з Расеяй. Мы хочам быць незалежнымі й імкнуцца ў Эўрасаюз. Без вашай дапамогі зламаць гэтую дыктатуру мы ня зможам. Дзякуй за ўвагу. Жыве Беларусь і Свабода!”

(Ільля Копыл: ) “Прывітаньне, Свабода! Прывітаньне, шаноўныя слухачы! Тое, што адбылося на плошчы Якуба Коласа ў сераду: зьбіцьцё людзей, якія там сабраліся, іх затрыманьні, суды, вялізарныя штрафы, – гэта працяг прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі, гэта канчатковы адказ Лукашэнкі журналістам, што такое дэмакратыя паводле Лукашэнкі, што такое стабільнасьць паводле Лукашэнкі, што такое свабода слову паводле Лукашэнкі, што такое права на выказваньне ўласнай думкі паводле Лукашэнкі, што такое бяз страху хадзіць па вуліцах паводле Лукашэнкі і г.д.

Я не жадаю ўзгадваць нейкія выказваньні прэзыдэнта – усе ўжо сытыя імі па горла. Я лепш прывяду выказваньні іншых палітыкаў пра Лукашэнку, якія мне ўдалося знайсьці. Ня буду перакладаць іх з расейскай мовы, каб не сказіць сэнс. Вось што сказаў па праву забыты палітык Сямён Шарэцкі, “Народная Воля” №18 за 1997 год:

“Проводимая Лукашенко и его ближайшим окружением политика запугивания, лицемерия, лжи, подкупа, шантажа, нагнетание нервозности и страха приводит к тому, что всё время люди вынуждены жить в напряжении, вести двойную игру, тоже лицемерить и врать. Размеры коррупции, с которой боролся кандидат в президенты Лукашенко – просто мелочь по сравнению с тем, чего достигло это страшное время под покровительством самого президента”.

(Спадар: ) “Прывітаньне, Свабода! Я хачу выказацца караценька. Нам не патрэбны дыктатар Паўночнай Карэі, нам непатрэбны Фідэль Кастра, які кіруе 45 год… Нам трэба пашукаць на Беларусі чалавека больш разумнага за Лукашэнку!”

(Спадар: ) “Гаспадары Свабоды! Скажыце, калі ласка, дзе былі 1 мая, калі разганялі дэманстрацыю ў Бэрліне, 9 мая, калі разганялі ў Польшчы дэманстрацыю, дзе былі Лунёва, дзе быў доктар Ордліч, дзе была міжнародная амністыя, Хартыя-97, дзе быў Аляксей Якавіцкі? Дзе яны ў той час былі? Чаму яны маўчалі тады? А цяпер усе аж уздыхаюцца, калі ў Менску заклікалі да парадку хуліганаў. Нешта ў вас не атрымліваецца сумленна! Сорам вам за такія інфармацыі!”

(Антон Алесін, Берасьце: ) “Паглядзеў па тэлебачаньні выступ прэзыдэнта Лукашэнкі перад карэспандэнтамі, дзе біўся ён у грудзі і гаварыў пра дэмакратыю ў Беларусі. На наступны дзён я са сваёй сям’ёй і сябрамі паехалі ў Менск, каб удзельнічць у дэмакратычнай акцыі ў сталіцы.

Калі ставілі машыну на аўтамабільную стаянку ля Камароўскага рынку, то заўважылі, што на кожнай вуліцы аўтобусы зь міліцыянтамі – усё было ачэплена. Плошча Якуба Коласа, на якую нас не пусьцілі хлопцы з амону, была не пустая – там сядзелі пераапранутыя міліцыянты і дзяўчыны, якія працуюць у міліцыі, гулялі ролю закаханых. Усю плошчу Коласа з розных бакоў акружылі сотні супрацоўнікаў са сродкамі сувязі: “Я каля ЦУМа. Тут толькі прахожыя. Нікога ня бачу.” Затым былі затрыманыя наша будучыня – маладафронтаўцы і “зубры”. Падышоў да цывільнага, які стаяў як слуп на адным месцы і сачыў за падыходзячымі людзьмі. Гэты сексот спэцслужбаў, якога я спытаў, як на машыне праехаць на Бангалор, сказаў: “Лепей, дзядзька, ехаць на 33-м тралейбусе да Акадэміі Навук, бо там калёсы могуць парэзаць. А яшчэ лепей ісьці дахаты – нас вельмі багата”. На Бангалоры малады падпалкоўнік стаяў побач і дакладваў: “Алё... Зьявіўся плякат, што Лукашэнка – злачынца. Што зь ім рабіць?” З рацыі пачуўся мат: “Калі хочаш быць палкоўнікам, наводзь парадак!” Падпалкоўнік з амонаўцамі праз паўгадзіны разьвярнуў гэты плякат тварам да тых, хто прыйшоў. Фралова, Парфяновіча і Скрабца сустракалі зь кветкамі. Я бачыў сумленных людзей зь Менску, з Жодзіна, Гародні і іншых гарадоў, якія прыехалі, каб падтрымаць сумленны патрыятычны рух нашых парлямэнтароў.

Пройдзе час! Мы не дадзім Лукашэнку перабрацца і зноў загнаць у пастку беларусаў! Зь якім тварам будуць глядзець у вочы свайму народу Шэйманы, Тозікі, Козікі, якія душылі народ і дэмакратыю?!”

(Жыхар Менску: ) “Шаноўная Свабода! Не магу стрымаць свой погляд на падзеі, што адбыліся на плошчы Якуба Коласа 21 ліпеня. Яны нагадалі мне захоп маёй маці гестапаўцамі, якія прыехалі на легкавушцы чорнага колеру да нашай хаты зь перакладчыкам, нейкім начальнікам і двума аўтаматчыкамі. Калі аўтаматчык цянуў мяне ў машыну, то яна схапіла мяне за руку, каб узяць з сабой (мне было 6 гадоў) дык другі аўтаматчык схапіў мяне за другую руку і так рвануў, што вырваў яе ў плячы і мяне адкінула ў бок. Вось так дзейнічалі міліцыянты і на плошчы Якуба Коласа. Ну хто можа з сумленных людзей паверыць Лукашэнку, што ў яго дэмакратычны рэжым? У яго рэжым, як у Гітлера ў момант акупацыі Беларусі”.

(Слухач: ) “Удзел у палітычных акцыях патрабуе само нашае кепскае жыцьцё. На нашых вачах дыктатарскі хлусьлівы рэжым парушае Канстытуцыю, закон, мараль, сумленьне. Гэта сапраўднае нашэсьце хамства! Улады падобныя да акупацыйных. Усе гэтыя амонаўцы, міліцыя і людзі ў цывільным, яны не парадак ахоўваюць – іх прызначэньне ствараць правакацыі, арыштоўваць, здымаць на тэлекамэру, хлусіць, зьбіваць. Гэта карнікі сучаснага кшталту. Яны ўзброеныя і дзейнічаюць без абмежаваньняў з выкарыстаньнем усіх сродкаў уціску на грамадзян. А грамадзяне – мірныя, безабаронныя, але мужныя духам не жадаюць сядзець дома, калі пануе гэтая нячыстая сіла! Гэта наша краіна!”

(Спадар: ) “Хацелася б выказаць сваё меркаваньне. Калі Радыё Свабода перастане беларусам кампасьціраваць мазгі? Навошта гэта? Замест таго, каб дапамагчы як-небудзь падняцца беларускаму народу на ногі, а вы, разумееце, зьбіваеце з ног”.

(Рысевіц Уладзімер: ) “Нейкі расеец сёньня абвінаваціў Статкевіча за тое, што той падвёў дзяцей пад дубіны амонаўскія. Вось увесь час я глядзеў, слухаў – трэба вось такога чалавека падаваць на радыё, бо вельмі ясна відаць зь ягоных словаў, што такое ўлада. І вось ён паказаў, што такое амон. Сказаў, што падвёў Статкевіч пад амонаўскія дубіны. І што ж выходзіць? Выходзіць так, што амонаўскія дубіны, амон – гэта нейкая машына жорсткая, тупая, брутальная, якая не разумее, што перад ёй: ці то выбіваць з каласоў зерне, ці то зь дзіцячых галоў мазгі выбіваць… Вось так гэты чалавек паказаў нам, што такое ёсьць сёньняшняя ўлада”.

(Юрась Карповіч: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Хацеў выказаць сваё меркаваньне наконт мітынгу, які адбыўся ў Менску. І здаецца мне, што нашая апазыцыя вельмі памылілася, калі захацела адправіць людзей з плошчы Якуба Коласа да плошчы Бангалор. Навошта было выклікаць людзей зьбірацца там? Па-мойму, гэта было вялікай памылкай, даць повад уладам сябе правакаваць. Не прасьцей было выклікаць людзей адразу сабрацца на плошчы Бангалор? І я думаю, што гэта не дадае павагі да дзеяньняў нашай апазыцыі. Гэта нешта падобнае на тое, як дзіцяці захацелася скрасьці цукерку са стала, а яму далі па рукам. І нашая апазыцыя выглядае, як тое дзіця, якому далі па рукам. Такімі мэтадамі, мне здаецца, іншы раз дзейнічаць ня вельмі добра. У нас дастаткова людзей у Беларусі, якія могуць прыехаць на плошчу Незалежнасьці ці ў іншае месца Менску і скласьці 100, 200 тысяч чалавек, якім ужо надакучыў гэты рэжым. Але вось як іх сабраць – пытаньне, на якое павінна адказаць сама апазыцыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG