Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як харчуюцца беларускія спартоўцы напярэдадні Алімпіяды?


Уладзімер Глод, Менск Да ўрачыстага адкрыцьця 28 летніх Алімпійскіх гульняў у Афінах застаецца роўна 10 дзён. Тыя зь беларускіх алімпійцаў, хто ўжо знаходзяцца ў сталіцы Грэцыі, ніякіх клопатаў з харчаваньнем ня маюць. Алімпійскія сталоўкі тут адчыненыя 24 гадзіны на суткі, а выбар страў і кухняў найвялікшы – ад звыклых эўрапейскіх да самых неверагодных азіяцкіх ды афрыканскіх. А як харчуецца тая частка каманды, якая пакуль застаецца на зборах у Беларусі?

Учора раніцай я наведаў алімпійскі спартовы комплекс “Стайкі” – традыцыйнае месца падрыхтоўкі беларускіх атлетаў да самых буйных міжнародных спаборніцтваў. На сьняданак спартоўцам прапанавалі сёмгу са сьметанковым маслам, рысавую кашу, амлет, натуральныя сокі, разнастайныя садавіну й гародніну. Кожны выбіраў сабе стравы згодна з уласным густам. А я тым часам спытаў Ірыну Валасевіч – загадчыцу вытворчасьці алімпійскай сталоўкі, якая працуе тут ужо два дзесяткі год, – ці зьмяніўся за гэты час рацыён лепшых спартоўцаў. І вось, што яна адказала на гэтае пытаньне:

(Валасевіч: ) “І рыба, і амлеты, і ўсё – тое самае. Толькі разнастайнасьці зараз крышку болей у асартымэнце: можа, шакаляду, садавіны болей стала, таму што раней быў апэльсін пасьля сэзону – праблема, а зараз на гэта сэзону няма, і ўзімку, і ўлетку ільга набыць усе кшталты садавіны, гародніны для спартсмэнаў – мы й купляем, круглы год”.

Выхаванцы некаторых алімпійцаў да агульнага мэню дадаюць нешта сваё – тыя харчы, што, на іхнюю думку, дапамагаюць станавіцца алімпійскімі чэмпіёнамі. Адзін з найбольш вядомых прыкладаў гэтага – гісторыя аб тым, як рыхтавалі цяжкаатлета Леаніда Тараненку да маскоўскай алімпіяды 1980 году.

Я тады працаваў у газэце “Фізкультурнік Беларусі” і прысутнічаў на нарадзе, якую праводзіў старшыня Спартовага камітэту Беларусі Валянцін Сазановіч. А ў той час вельмі моцна выступалі баўгарскія штангісты. Ужо тады было падазрэньне, што яны ўжывалі допінг. І вось спадар Сазановіч пытае трэнэра Тараненкі: “Што будзем рабіць супраць баўгар?”.

А трэнер – Іван Пятровіч Лагвіновіч – надзвычай цікавы чалавек. Кандыдат тэхнічных навук, выкладаў у Беларускім інстытуце мэханізацыі сельскай гаспадаркі, дзе стварыў сэкцыю штангістаў. І хаця ніякай спартовай адукацыі ён ня меў, але папрыдумляў для сваіх выхаванцаў адмысловыя трэнажоры, якія дапамагалі надзвычайна нагружаць усе мышцы. І яшчэ Лагвіновіч лічыў, што, каб стаць асілкам, трэба есьці сала, ікру і піць бярозавы сок.

Дык вось ягоны адказ я памятаю да гэтага часу. А сказаў Іван Пятровіч так: “А нам ніякага допінгу не патрэбна. Сала я прывязу з Чэрвеня, бярозавы сок – таксама. А нам дапамажыце толькі з ікрой. Будзе яна – будзе Лёня чэмпіёнам”. Мне застаецца толькі дадаць, што ікрой Тараненку забясьпечылі, мабыць, у поўным аб’ёме. Бо ён ня толькі перамог на алімпіядзе, але і пабіў аж чатыры рэкорды – і алімпійскія, і ўсясьветныя.

А наколькі жывучыя гэтыя традыцыі цяпер? Ці бяруць беларускія алімпійцы тое ж сала з сабою на Алімпіяду ў Афіны? Падаецца, што цікава будзе пачуць адказ на гэтае пытаньне магутнага кідальніка молату Ігара Астапковіча, які днямі вылятае ў Афіны. Ён сказаў, што сала – адзін з абавязковых прадуктаў ягонага харчаваньня. Але ў багажы беларускага асілка сала ня будзе:

(Астапковіч: ) “Шчыра кажучы, не бяру. Яшчэ сала з сабой везьці – я лічу, гэта “лішні гемарой” сабе. Хаця я ведаю людзей, якія з сабой яго бралі. Ёсьць жа аматары, разумееце – таго ж сала, да прыкладу. Калі мы ляцелі ў Сыднэй – у Аўстралію нельга завозіць прадукты харчаваньня – дык я на ўласныя вочы бачыў, як у людзей адымалі закатаныя слоікі з салам. Сабака празь вечка ўчуў сала, якое было закатанае ў слоік, як робяць нашыя маткі – і сала забралі”.
XS
SM
MD
LG