Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пляжы безабаронныя перад паразытарнымі захворваньнямі


Іна Студзінская, Менск У разгары – час адпачынкаў, курортны сэзон. Але купацца ў многіх беларускіх вадаёмах небясьпечна, засьцерагаюць эпідэміёлягі. І калі раней праблему паразітарнага захворваньня – цыркарыёзу – зьвязвалі ў асноўным з Нарачанскімі азёрамі, то цяпер папуляцыі небясьпечнага чарвяка распаўсюджаныя ў 470 азёрах Беларусі. Што гэта за небясьпека і як зь ёй змагацца?

У любым вадаёме са стаячай вадой, дзе ёсьць качкі, сьлімакі, водная расьліннасьць і дзе ёсьць аматары купаньня, для чалавека існуе пагроза цыркарыёзу, ці шэстазаматозу, які ў народзе называюць “сьверб купальшчыка”. Беларускія арнітолягі і эпідэміёлягі спрабавалі суцешыць мяне, што гэтая зараза ёсьць і ў Эўропе, нават на ўсясьветна вядомым курорце – вугорскім возеры Балатон. Так што Нарач і беларускія азёры – не выключэньне. Разносіцца гэтая хвароба малюскамі – звычайнымі сьлімакамі і вадаплаваючымі птушкамі – а пакутуе чалавек.

Што гэта за захворваньне, распавядае старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту заалёгіі Акадэміі навук арнітоляг Барыс Ямінскі.

(Ямінскі: ) “Выклікаецца яно мікраскапічнымі круглымі чарвякамі, якія паразытуюць на птушках. А прамежкавым гаспадаром у іх зьяўляюцца малюскі, звычайныя сьлімакі. Гэтыя мікраскапічныя чарвякі і іх лічынкі на некалькі мілімэтраў улазяць у скуру чалавека, што і выклікае сьверб, сып, чырвань. Гэта вельмі непрыемная хвароба”.

Звычайна праз паўгадзіны пасьля купаньня на месцы пранікненьня паразыту скура ў чалавека чырванее, сьвярбіць, пячэ, пакрываецца пухірамі. А гэтыя істоты такія маленькія, што чалавечае вока іх не заўважае. Можа падскочыць тэмпэратура, надысьці млявасьць. Праз тыдзень-паўтары чалавек папраўляецца, але ў некаторых бываюць праблемы са здароўем і надалей.

А як усё ж такі засьцерагацца, калі амаль усе беларускія вадаёмы забруджаныя? Адмыслоўцы раяць: самае першае – не купацца доўга. Лепш увайсьці ў ваду тры разы па 5 хвілінаў, чым адзін – на 15 хвілінаў. Другое – не купацца ў нявызначаных, дзікіх месцах, дзе шмат расьліннасьці, дзе гняздуюцца вадаплаваючыя птушкі. Пажадана заходзіць у ваду на добраўпарадкаваных пляжах, дзе камунальныя службы ўсё ж такі працуюць. Трэцяе: пасьля купаньня трэба альбо насуха расьцерці цела суворым ручніком, а яшчэ лепш – прыняць душ ці прынамсі абліцца вадаправоднай альбо калодзежнай вадой. Перад купаньнем пажадана на скуру нанесьці тлусты крэм.

Але нават элемэнтарныя выгоды на беларускіх пляжах, кшталту душу – праблема. Хіба што на Нарачы, на пляжах ня вельмі танных санаторыяў, ды яшчэ на Менскім моры ёсьць душавыя кабіны.

Тое-сёе, безумоўна, робіцца: навукоўцы займаюцца маніторынгам, летась аналіз вады праведзены ў 800 вадаёмах. У курортных мясьцінах расчышчаюць пляжы, прыбіраюць расьліннасьць уздоўж берагоў. Але гэта ўсё гэта вымагае сродкаў, і немалых.

Гаворыць загадчык аддзелу паразыталёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Андрэй Ведзянькоў:

(Ведзянькоў: ) “Затраты, канешне, патрэбныя. Неабходна добраўпарадкаваць шмат пляжаў, шмат усталяваць душавых кабінаў, падводзіць да іх ваду. Патрэбныя і адмысловыя машыны, якія здольныя эфэктыўна ачышчаць пляжы ад воднай расьліннасьці. Так што выдаткі патрэбныя калясальныя. Але, ў прынцыпе, можна знайсьці нейкую раўнавагу паміж экалягічнымі асаблівасьцямі возера Нарач і з нашымі цяжкасьцямі з гэтымі шэстазаматознымі гельмінтамі і цыркарыёзамі”.

Цалкам зьнішчыць папуляцыі паразыта немагчыма – будзе парушаны экалягічны балянс, лічаць заолягі. Але прыводзіць у парадак вадаёмы неабходна тэрмінова!

На разгляд Савету Міністраў прадстаўлены праект Дзяржаўнай праграмы па аздараўленьні возера Нарач. Праграма салідная – аб’ёмам больш за 20 старонак. Дарэчы, у плянах Аляксандра Лукашэнкі на жнівень – рабочая паездка на Нарач. Можа, усё гэта ў комплексе і дапаможа выратаваць славутае возера.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG