Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белорусская деловая газета”: Рэха скандалу вакол расейскай нафтавай кампаніі “ЮКОС” дакацілася да Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Агляд незалежных газэт

Газэта “Народная воля” праводзіць расьсьледаваньне адносна неназванай жанчыны, якой прэзыдэнт Лукашэнка быццам бы паказаў некаторыя дакумэнты ў справе зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Кіраўнік краіны заявіў, што публікацыя гэтых матэрыялаў быццам бы ператворыць справу Завадзкага ў антысправу. Жонкі зьніклых цьвердзяць, што не хадзілі да Лукашэнкі. Маці журналіста Вольга Завадзкая патрабуе абнародаваць дакумэнты прэзыдэнта і намерваецца зьвярнуцца ў пракуратуру з просьбай аднавіць расьсьледаваньне справы ў сувязі з новымі фактамі. Зінаіда Ганчар заяўляе, што сьледчыя абавязаны неадкладна запатрабаваць гэтыя дакумэнты, іначай атрымліваецца, што грамадзянін Лукашэнка пакрывае злачынцаў.

У сёньняшнім нумары “Народная воля” таксама друкуе адкрыты ліст намесьніка старшыні БНФ прафэсара Юрыя Хадыкі. Ён выклікае кіраўніка краіны на тэледыскусію ў пытаньнях зьнешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі. “Калі вы не выйграеце ў мяне, Вам ня трэба ісьці на трэці тэрмін”, гаворыцца ў лісьце. Яшчэ адзін вядомы апанэнт рэжыму Зянон Пазьняк тлумачыць ідэю байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў, які абвясьціла Хрысьціянска-дэмакратычная партыя БНФ. “У цяперашніх беларускіх умовах байкот – гэта адзіны шанец для народа перамагчы аўтарытарызм”, цьвердзіць Пазьняк.

Сёньняшняя “Белорусская деловая газета” выкрывае, што схавалі чыноўнікі ад прэзыдэнта Лукашэнкі падчас нарады ў пытаньнях разьвіцьця Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбіната. На гэтай нарадзе нечакана былі адпраўленыя ў адстаўку віцэ-прэмьер Цюцюноў і дырэктар канцэрна “Беллесбумпром” Курс. Кіраўнік краіны зьвінаваціў гэтых чыноўнікаў у тым, што яны не змаглі даць поўнай карціны пра цяперашніх уладальнікаў прадпрыемства, якім належыць бальшыня акцый.

Сапраўдным гаспадаром Сьветлагорскага камбіната, паводле “БДГ”, зьяўляецца расейская кампанія “Русские инвесторы”. Старшыня рады дырэктараў гэтай кампаніі – расейскі мільянэр зь беларускім прозьвішчам Аляксей Галубовіч, блізкі паплечнік апальнага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага.Такім чынам, рэха скандалу вакол расейскай нафтавай кампаніі “ЮКОС” дакацілася да Беларусі.

Аўтар артыкула ў “Белорусской деловой газете” прагназуе, што неўзабаве на такой жа нарадзе будзе вырашацца лёс яшчэ аднаго афшора з расейскімі каранямі – фірмы “Астра-трэйд”.

Сёньня “Комсомольская правда” в Белоруссии” распавядае: каб сабраць малодшае дзіця ў школу, бацькі выкладуць да 250 тысяч рублёў, на вучня старэйшых клясаў патрэбна да 350 тысяч. Дарэчы, сёлета міністэрства адукацыі вырашыла, што дзеці разам з камплектам падручнікаў атрымаюць і адмысловыя дзёньнікі, хаця ў беларускіх крамах зь мінулага года засталося нераспраданых дзёньнікаў замежнай вытворчасьці не на адзін мільён рублёў.
XS
SM
MD
LG