Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Іосіф Сярэдзіч: “На незаконных падставах мы не заплацім”


Севярын Квяткоўскі, Менск Учора 2 жніўня ў газэту “Народная Воля” наведаліся судовыя выканаўцы. Галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч адмовіўся падпісаць пастанову пра апісаньне маёмасьці рэдакцыі. Справа вядзецца пра выплату грошай, якія прадпрымальнік Сяргей Атрошчанка адсудзіў у “Народнай Волі” за абразу гонару і годнасьці ў адным з артыкулаў газэты.

Апрача справы Сяргея Атрошчанкі існуе справа Ягора Рыбакова: як і Сяргей Атрошчанка, былы старшыня дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў адсудзіў у “Народнай Волі” суму за абразу гонару і годнасьці: каля 25 тысяч даляраў. Але паколькі спадар Рыбакоў цяпер знаходзіцца пад сьледзтвам, выкананьне рашэньня суда пакуль адтэрмінавалі. Што да справы прадпрымальніка і галоўнага рэдактара газэты “Обозреватель” Сяргея Атрошчанкі, прысуд застаецца ў сіле: “Народная Воля” мусіць сплаціць разам з судовымі выдаткамі каля васьмі тысяч даляраў у эквіваленце. Якія пэрспэктывы справы бачыць галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч?

(Карэспандэнт: ) “Вы атрымліваецеся рэкардсмэнам сярод газэт паводле прад’яўленых сумаў…”

(Сярэдзіч: ) “… але заўваж, мы не заплацілі яшчэ ніводнай капейкі. І беспадстаўна, на незаконных падставах мы не заплоцім. Гэтая судовая справа зацягнецца як мінімум на паўгода”.

(Карэспандэнт:) “Вы маеце надзею, што адсудзіце штосьці?”

(Сярэдзіч: ) “Я маю надзею, што… Сёньня яшчэ пераглядаюцца справы 1937 году. Таму нашыя справы можа будуць пераглядацца праз 30 гадоў. Рэабілітацыя наступіць рана ці позна”.

Гэта былі словы Іосіфа Сярэдзіча. Празь велічэзныя штрафы ў Беларусі двойчы зачыняліся газэты: “Наша Свабода” і “Навіны”, якія выдаваў Павал Жук. У розны час суды задаволілі прэтэнзіі Анатоля Тозіка і Віктара Шэймана на сумы прыблізна роўныя 50 і 60 тысячам даляраў.

Практыка сьведчыць, што часам дастаткова меншых высілкаў, каб спыніць ці абмежаваць дзейнасьць незалежнага выданьня ў Беларусі. Часьцяком ад калегаў зь незалежных выданьняў даводзіцца чуць словы “зачыстка” ці “канец зачысткі”. Вось зусім нядаўна сатырычная газэта “Навінкі” апынулася на мяжы закрыцьця, бо ў беларускіх друкарнях ёй паўсюль адмаўлялі, а цягам году газэта мусіць выдаць хаця б адзін нумар. Падрыхтаваныя нумары заставаліся ў рэдакцыйным кампутары. Таму “Навінкі” сьледам за іншымі газэтамі зьвярнуліся ў расейскую друкарню.

Кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі пры БАЖ Андрэй Бастунец кажа пра тыповасьць сытуацыі, калі выданьне ня можа знайсьці друкарню, офіс, ці ўсё разам:

(Бастунец: ) “На жаль, гэтым колам прайшлі шматлікія выданьні. Прыклады: “БДГ”, “Салідарнасьць”, “День”, якія не знайшлі магчымасьць друкавацца ў Беларусі й вымушаныя друкавацца за мяжой”.

Пералік выданьняў, што праз розныя эканамічныя прычыны выпалі зь інфармацыйнага поля, можна доўжыць. Эскпэрты прагназуюць, што ў бліжэйшы час сьпіс будзе поўніцца.

На фотаздымку: Галоўны рэдактар газэты "Народная Воля" Іосіф Сярэдзіч размаўляе зь міліцыянтам падчас пікету на Кастрычніцкай плошчы.
XS
SM
MD
LG