Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Партыя працы ліквідаваная рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі


Альгерд Невяроўскі, Менск Вярхоўны суд Беларусі ўвечары 2 жніўня ліквідаваў Партыю працы – аднаго з суб’ектаў перадвыбарчай апазыцыйнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Суд пагадзіўся з усімі абвінавачваньнямі Міністэрства юстыцыі ў парушэньні беларускага заканадаўства на адрас Партыі працы. Лідэр Партыі працы Аляксандар Бухвостаў назваў гэтае рашэньне пачаткам ліквідацыі апазыцыйных партыяў у Беларусі.

Аргумэнты ўладаў, якія сталі непасрэднай прычынай ліквідацыі Партыі працы, былі такія: Партыя працы доўгі час ня мела юрыдычнай адрэсы, апошні партыйны зьезд, на думку Мін’юсту, прайшоў з парушэньнямі закону і ёсьць нелегітымным, шэраг рэгіянальных структураў партыі былі зарэгістраваныя несвоечасова ці не належным чынам, партыя мяшалася ў дзейнасьць прафсаюзаў. Гэтыя абвінавачваньні судзьдзя Ганна Сакалоўская прызнала абгрунтаванымі й вынесла рашэньне аб ліквідацыі Партыі працы.

Дадам, што працэс у справе ліквідацыі партыі цягнуўся 2 дні, судзьдзя не задаволіла фактычна ніводнага хадайніцтва паплечнікаў спадара Бухвостава – у прыватнасьці, аб выкліку ў суд сьведкаў ды іншыя. Вось як пракамэнтаваў Аляксандар Бухвостаў гэтае судовае рашэньне:

(Бухвостаў: ) “ Я лічу, што гэта палітычная замова – пачатак ліквідацыі апазыцыйных палітычных партыяў. Мы будзем аспрэчваць гэтае рашэньне, пададзім скаргу кіраўніцтву Вярхоўнага суду. Але зь іншага боку, гэтае рашэньне нас ня спыніць. Мы будзем удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Гэта вядома ж ускладніць нам працу – прыйдзецца вылучаць усіх нашых кандыдатаў шляхам збору подпісаў, прыйдзецца партыі больш напружыцца. Будзем абмяркоўваць гэтае рашэньне ў першасных арганізацыях, магчыма будзем праводзіць новы зьезд. Мы здавацца не зьбіраемся, партыя ёсьць і дзейнічае, будзем глядзець, як будуць далей разьвівацца падзеі”.

Пасьля ліквідацыі Партыі працы ў Беларусі засталося 17 легальных палітычных партыяў. Нагадаю, што партыя пад кіраўніцтвам Аляксандра Бухвостава існавала ў Беларусі з 1993 году і аб’ядноўвала ў асноўным актывістаў прафсаюзаў. Ліквідацыя Партыі працы – бадай што першы такі выпадак. Праўда, у 1999 годзе Вярхоўны суд ліквідаваў Нацыянальную, Хрысьціянска-дэмакратычную, Сялянскую партыі, партыю Здаровага сэнсу, Усебеларускага адзінства і згоды, але тыя партыі ня мелі адпаведнай колькасьці сябраў і структураў ды ня здолелі прайсьці дзяржаўнай перарэгістрацыі.

Партнэры Партыі працы – БНФ, АГП, БСДГ і Партыя камуністаў таксама маюць папярэджаньні Мін’юсту за ўдзел у незарэгістраванай кааліцыі “Пяцёрка плюс” і могуць быць ліквідаваныя праз суд.
XS
SM
MD
LG