Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Слухаю вашыя перадачы і думаю: Ну хто вы такія! Вы – амэрыканцы!”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 22 ліпеня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт учорашняй прэс-канфэрэнцыі нашага кіраўніка дзяржавы. Вось ён назваў лічбу, што супраць яго галасуюць 10 адсоткаў, то бок 1 мільён чалавек. Хачу сказаць, што якасьць тых людзей, якія супраць яго галасуюць, вялікая, гэта мысьлячыя людзі, якія здольныя рабіць аналіз і вынікі. Але справа ў тым, што ён хлусіць, бо на самой справе гэтая лічба ў разы тры-чатыры болей – гэта пры нашай дрэсіраванай дзяржаўнай прэсе і незалежнай прэсе ў намордніку. Таму хай ён ня цешыцца гэтай лічбай, што ўсяго мільён. Такіх людзей надта болей! Дзякуй.”

***

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Я чуў у вашай перадачы адна жанчына казала, што яна гатовая цярпець Лукашэнку, абы не было вайны. Вось у Савецкім Саюзе калісьці прымаўка была:

С неба звёздочка упала прямо милому в штаны. Ничего, что всё згорело – лишь бы не было войны.

Дык вось, хай яна пачуе, што ня будзе ніякай вайны і няма чаго ёй баяцца, зь яе мілым нічога ня здарыцца. А цярпець ня трэба. Дзякуй.”

***

(Валеры Каралёў: ) “Паважаная рэдакцыя! Да вас вялікая просьба, паставіць дзесьці на сайт наступную маленечкую інфармацыю. Мёры. 21 ліпеня. Мёрскія дэмакраты дзесяцігодзьдзе прэзыдэнцкага праўленьня Лукашэнкі А.Р. адзначылі масавым распаўсюдам улётак “Пяцёркі +” “Не трэцяму тэрміну!” і праваабарончых бюлетэняў “Права на волю”. Для рэдакцыі. Сэнс у тым, каб паказаць, што і на сваім узроўню і на сваёй тэрыторыі нават пэрыфэрыя падтрымлівае людзей у Менску і абласных цэнтрах.”

***

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне па сёньняшняму мітынгу, які правялі тры дэпутаты Фралоў, Скрабец і Парфяновіч. Гэта ня мітынг, а пародыя на мітынг. Ну добрэ, сабралася людзей ня так шмат, дык ніхто зь іх выступіць ня здолеў, слова ня могуць сказаць, – што гэта за дэпутаты!

Дзесяць год прайшло кіраваньня Лукашэнкі. Трэба было сказаць, як мы прыйшлі да гэтага дня, зь якімі посьпехамі, зь якімі недахопамі. Ніхто нічога не сказаў. Парфяновіч увогуле помніў толькі, што будзе алімпіяда, што мы павінны там перамагчы кагосьці. І калі ў гэты раз прыйшло няшмат людзей, то ў наступны раз, калі яны будуць зьбіраць, дык ніхто ня прыйдзе!”

***

(Спадар: ) “Гісторыя Нямеччыны – гэта зьлепак у нейкай ступені гісторыі Беларусі на вызначаным этапе. У свой час Германію паднялі з руінаў, дзякуючы вельмі жорсткай уладзе. І ня толькі дрэннае ў Германіі зьвязанае з Адольфам Гітлерам. Нямецкі ж парадак фармаваўся стагодзьдзямі, а пры Гітлеры гэтае фармаваньне дасягнула вышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта. Гітлер сфармаваў магутную Германію. Германія паднялася дзякуючы сільнай уладзе, дзякуючы таму, што ўся нацыя здолела кансалідавацца і аб’яднацца вакол лідэра. Сёньня мы перажываем такі самы пэрыяд часу, калі патрэбная кансалідацыя вакол аднаго ці групы людзей.” Гэтыя жахлівыя словы прамовіў 25 лістапада 1995 году тады яшчэ поўнасьцю легітымны прэзыдэнт Лукашэнка ў сваім інтэрвію карэспандэнту нямецкай газэты Маркушу.

Характэрна, што рэдактар выданьня, які паслаў свайго карэспандэнта ў Менск спэцыяльна для гэтага інтэрвію, пры гэтым затраціў нямала сродкаў (а немцы, як вядома, умеюць лічыць грошы), але не адважыўся публікаваць гэтую бязглузьдзіцу, бо згодна зь нямецкім Крымінальным заканадаўствам за любое пахвальнае слова на адрас гітлераўскага нацызму можна наўпрост загрымець “пад фанфары”.

Ды і я, каб сам асабіста не пачуў гэтага шэдэўра, ніколі не паверыў, што такое магчыма. Сёньня ўжо цалкам зразумела, што гэта быў прызыў да беларускага народу дыктара гітлераўскага тыпу. Сёньня зусім зразумела, якую ролю адвёў сабе Лукашэнка ў адпаведнасьці са сваім разуменьнем прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта. Ясна і тое, што гэта быў плявок у ветэранаў 2-й Сусьветнай вайны, якія згубілі на яе палях сваё здароўе і мільёны баявых сяброў.”

***

(Спадар: ) “Пасьля таго, як спадар Лукашэнка ўстроіў патасоўку ў ягоны гонар дзесяцігодзьдзя кіраваньня, то мы без сумневу можам адказаць, што такі прэзыдэнт нам непатрэбны зусім. Мы можам поўнасьцю гэта сьцьвярджаць. Не патрэбны нам такі прэзыдэнт! Непатрэбная нам дыктатура!”

Я слухаў прэс-канфэрэнцыю нашага главы дзяржавы і падумаў: “Колькі можна балбатаць! Трэба справай займацца!” На амэрыканскім кантынэнце – гэта Куба, на савецкім кантынэнце і тым больш у Эўропе – гэта Беларусь – краіны з камуністычным рэжымам, пры чым дыктатура больш за сталінскую. Гэта на ўсім постсавецкім прасторы. Выбары – гэта фарс! Выбар ужо зроблены! Лукашэнка ўсё зробіць за два гады, каб узяць трэці тэрмін. Ён будзе да Маўзалея. Што ты пойдзеш галасаваць, што не – усё ўжо зроблена. На ўсім постсавецкім прасторы такая сыстэма ўжо 80 год існуе, існавала і будзе існаваць. Нам, Фралову ці яшчэ камусьці бессэнсоўная на гэтую тэму весьці размову.

Я толькі адно скажу. Фралова чэкісты зьбілі, забралі партфэль, але не знайшлі даляраў – гэта сказаў глава дзяржавы. Так што ўсе зьніклыя людзі зькніклі пры дапамозе нашай эліты. Так што ня трэба шукаць кагосьці, штосьці, Завдзкага ці Ганчара… Усё робіць машына дзяржавы. Ніякіх зьменаў у нас не было і ня будзе.”

***

(Міронаў Канстанцін: ) “Прывітаньне, Радыё Свабода! Нізкі мой паклон тым, хто не пабаяўся выйсьці ўчора на плошчу Якуба Коласа. Але калі нават прыняць лічбу прысутных, агучаную карэспандэнтам ОРТ, то гэта ўсё роўна правал арганізатараў акцыі, асабліва калі палічыць тое, што там былі ня толькі жыхары гораду Менску і тое, што кожнаму руху арганізатараў акцыі ў бок уладаў рэгулярна зьяўляюцца заявы паслоў Эўрасаюзу і тое, што на працягу пяці тыдняў апазыцыйная прэса, якая выйшла за гэты час тыражом больш за 500 тысячаў экзэмпляраў, таксама інфармавала чытачоў аб кожнай іхняй ініцыятыве. Гэта ня значыць, што ў нас так мала незадаволеных кіраваньнем Лукашэнкі, гэта значыць тое, што ў наш час палітычныя лёзунгі ня могуць аб’яднаць вялікую колькасьць людзей. Дзякуй.”

***

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! На пытаньне тыдня можна адказаць адным словам: трагедыя для роднай Беларусі – прэзыдэнцтва. За 10 гадоў вёскі практычна мёртвыя, у якіх жыве некалькі бабулек і дзед адзін ці два, народ узмоцненымі тэмпамі памірае. Праз 20-30 гадоў Беларусі практычна ня будзе. Гэта страшэнная трагедыя.

Што яму за 10 гадоў можна падарыць? – Сакор для гною і вялікую рыдлёўку і адправіць у сваю вёску. Хай там будуе сьветлае жыцьцё без усялякай пэнсіі ці ў скрайнім выпадку плацяць нашую сёньняшнюю пэнсію! Дзякуй за ўвагу.”

***

(Спадар: ) “Калі-нікалі ўключаю радыё і слухаю вашыя перадачы і думаю: Ну хто вы такія! Вы – амэрыканцы, вы служыце ім, гаворыце на беларускай мове. Ды якая ў вас мова? Нейкая старынная, незразумелая: плЁн, плЯн, Лёндан, яшчэ якая-небудзь хрэновіна, якой ужо ніхто не карыстаецца на Беларусі, таму што вы даўным даўно тут жылі, а мо і зусім не жылі тут. А прапаганду нам у вушы ўкладваеце ды яшчэ як укладваеце! Раскачваеце лодку і супраць нашай улады, і супраць нашага прэзыдэнта, і супраць нашага народу! Хто вы такія?! – Амэрыканскія вы найміты! Няма на вас ніякога зла! А яно будзе.”

***

(Слухач: ) “На фэсьце “Славянскі кірмаш” у Віцебску беспамятлівы гісторык Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі і Расеі адна душа, адзін лёс. Гэтага не было ніколі і ня будзе! Было выказваньне, што ён увесь час турбуецца пра жыцьцё расейцаў на Беларусі – гэта прызнаньне ў здрадзе. У палітыкаў з Усходу Беларусь разглядалася захопленай краінай, якая была разьменнай манэтай і жывой заслонай. І сёньня ствараюцца пляны, якія ператвораць Беларусь у ваенную мішэнь. Дзякуй.”

(Раіса Мікалаеўна, г. Магілёў: ) “Добры дзень, Свабода! Добры дзень свабодная Беларусь і свабодныя беларусы! Гледзячы на ўчорашняе пабоішча па тэлебачаньню я ўспомніла пяцігадовы тэрмін, як быў першы дзень, дзень Лукі, і я са сваёй сяброўкай, абедзьве мы з Магілёўшчыны, яна ў пэнсійным узросьце, мне год да пэнсіі, удзельнічалі ў гэтым шэсьці. І ўжо калі позна ўвечары вярталіся ў Магілёў недалёка ад вакзалу нас выдалі амонаўцам, таптун выдаў, які таптаўся з намі, як аказалася цэлы дзень. Нас спрабавалі запіхнуць у машыны, цягалі па асфальту. Мы ўдзячныя тым хлопчыкам, якія адбілі нас ад амонаўцаў і тым мінчукам, якія дапамаглі сабраць нам рэчы, якія раскідалі амонаўцы, прыйсьці ў сябе. На жаль, гэтых хлопчыкаў потым павязалі на вакзале, там было шмат амонаўскіх машын. Але мы сышлі, нас болей не чапалі, непатрэбныя мы ім ужо былі, бо яны маладых сабралі, зьбівалі на нашых вачах і запіхвалі ў машыну. Гэта былі хлопцы, якія таксама ўдзельнічалі ў мітынгу, якія дапамагалі выбрацца нам з гэтай пасткі амонаўскай. Шчыра ім дзякуем, дзякуем радыёстанцыі Свабода! Жыве Беларусь!”

(Слухач: ) “Падзеі разгону дэманстрацыі з нагоды заканчэньня тэрміну паўнамоўцтва Лукашэнкі як прэзыдэнта 21 ліпеня сьведчаць, што гэты чалавек ня спыніцца не перад чым, каб захаваць сваю ўладу на трэці тэрмін і на іншае. Ніякіх спадзяваньняў на выкананьне ім, Лукашэнкам, законаў не спраўджваюцца. Толькі сіла, шматвэктарная сіла пазбавіць Эўропу ад гэтага галаўнога болю! Прамаруджаньне нясе шкоду. Неабходна аднавіць вядомую рэзалюцыю Эўрапейскага Саюзу па Беларусі! Дзякуй.”

(Спадар: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Чарговы раз абураны дзеяньнямі беларускай апазыцыі. Да якога часу апазыцыя будзе выводзіць дзяцей на палітычныя мітынгі? Учора ў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Мікола Статкевіч абураўся, што АМОН хапае дзяцей і цягне іх да аўтобусаў. Так і хочацца зьвярнуцца да Міколы: “Колькі вы яшчэ будзеце кідаць дзяцей пад дубінкі амонаўцу?!” Учора на плошчы Бангалор было парадкам 7-10 тысяч чалавек, але 95 адсоткаў зь іх былі дзеці! Ім пляваць, будзе Лукашэнка ў 20-ты ці 30-ты раз выбраны прэзыдэнтам, яны проста прыйшлі патанчыць, патусавацца пад модныя групы, якія там выступалі. Іх прыцягвалі, каб толькі стварыць карцінку масавасьці.

І наступнае пытаньне. Калі дэпутаты галадалі, і іх дэпрэміравалі. У Палаце прадстаўнікоў таварышы і сябры гэтых дэпутатаў абураліся, што няма грошаў у дэпутатаў, каб выйсьці ім з галадоўкі, няма на што набыць лекаў. Так і хочацца запытаць генэрала Фралова: адкуль узялі грошы на марожанае, на кветкі, якія там бясплатна раздаваліся? Гэта ж шмат каштуе! Няўжо гэта расейскія альбо замежныя падачкі? Сорамна генэралу весьці так палітычную працу! Гэта ж прамы подкуп выбаршчыкаў! Пры такіх яго дзеяньнях, думаю, ён ня толькі будзе выбраны ці ня выбраны на чарговых выбарах, яго нават могуць не зарэгістраваць як дэпутата! Дзякуй.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG