Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стаіць за тэрарыстычнымі атакамі ў Ташкенце?


Юры Дракахруст, Прага 30 ліпеня ў Ташкенце тэрарысты самазабойцы зьдзейсьнілі выбухі каля пасольстваў Злучаных Штатаў, Ізраілю і генэральнай пракуратуры. У выніку нападаў, акрамя саміх тэрарыстаў, загінулі тры чалавекі. Хто стаіць за гэтымі тэрарыстычнымі атакамі? Чаму ўпершыню ва Ўзбэкістане напады былі скіраваныя не на прадстаўнікоў улады, а на замежныя прадстаўніцтвы?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае дырэктарка ўзбэцкай службы нашага радыё Адалат Наджымава.

(Наджымава: ) “Адказнасьць за выбухі ўзялі на сябе дзьве арганізацыі – "Ісламскі рух Узбэкістану" і новая групоўка "Ісламскі джыхад". Прэзыдэнт Карымаў абвінаваціў у дачыненьні да тэрактаў партыю "Хэзб-ут-Тахрыр". Аднак паводле ацэнак экспэртаў гэтая партыя дагэтуль не зрабіла ніводнага тэракту. Яе кіраўніцтва абвергла абвінавачваньні Карымава і заявіла, што мэта партыі – змаганьне з узбэцкім рэжымам і стварэньня халіфату выключна мэтадамі ідэалягічнай барацьбы. Што тычыцца гэтай новай групоўкі "Ісламскі джыхад", то паводле некаторых (недаказаных) зьвестак, менавіта яны зьдзейсьнілі і цяперашнія тэракты, і напады на паліцэйскія пастарункі ў красавіку. У сваёй заяве яны пішуць, што напады былі зробленыя з тае прычыны, што Ўзбэкістан супрацоўнічае са Злучанымі Штатамі і што яны падтрымліваюць сваіх “братоў-мусульманаў” у Палестыне і Аўганістане.

У адсутнасьці ўмоваў існаваньня легальнай палітычнай апазыцыі гэтую нішу займаюць экстрэмісты й рэлігійныя партыі кшталту "Хэзб-ут-Тахрыр".

(Карэспандэнт: ) “Адалат, ўпершыню ў найноўшай гісторыі Ўзбэкістану тэракты былі скіраваныя на замежныя прадстаўніцтвы. Цікава, як Вы сказалі, што новая экстрэмісцкая групоўка “Ісламскі джыхад” асуджае не Злучаныя Штаты за падтрымку прэзыдэнта Карымава, а наадварот Карымава за падтрымку Злучаных Штатаў. Ці азначае гэта, што ўзбэцкія радыкалы ўсё болей збліжаюцца з, так бы мовіць, тэрарыстычным інтэрнацыяналам і ўсё болей кіруюцца менавіта яго інтарэсамі?”

(Наджымава: ) “У красавіку тэракты былі скіраваныя на паліцыю, і некаторыя выказвалі меркаваньне, што гэта былі акты адчаю, адказ на свавольства ўлады. Цяперашнія тэракты адбыліся ў той час, калі ў краіне праходзяць два буйныя судовыя працэсы – у Каршы над сябрамі партыі "Хэзб-ут-Тахрыр", і ў Ташкенце – па справе красавіцкіх тэрактаў. Усё гэта адбываецца таксама напярэдадні парлямэнцкіх выбараў ва Ўзбэкістане і на фоне заявы Злучаных Штатаў, якія прыпынілі фінансавую дапамогу Ўзбэкістану з прычыны сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека. У турмах працягваюцца катаваньні, значная частка зьняволеных асуджаныя паводле рэлігійных матываў.

Прэзыдэнт Карымаў абвінаваціў праваабарончыя арганізацыі Захаду ў тым, што яны абараняюць "Хэзб-ут-Тахрыр", як нявінную авечку.

Але хто б не стаяў за гэтымі тэрактамі, цяжка зразумець, якія мэты маюць іх арганізатары, у чым, так бы мовіць, іх пасланьне. Аднак шмат назіральнікаў адзначаюць, што сытуацыя ў краіне радыкалізуе грамадзтва. Вельмі высокае беспрацоўе, асабліва сярод моладзі, нізкія заробкі, падаўленьне правоў чалавека, адсутнасьць пэрспэктываў на будучыню – у гэтай сытуацыі любое пасланьне нейкай радыкальнай ці рэлігійнай сілы, што яна прынясе справядлівасьць і лепшае жыцьцё, аказваецца моцнай спакусай”.

Гэта была дырэктарка узбэцкай службы Радыё Свабода Адалат Наджымава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG