Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ Беларусі не тлумачыць прычыны дэпартацыі брытанскага прафэсара


Любоў Лунёва, Менск Дэпартаваны зь Беларусі брытанскі прафэсар Алан Флаўэрз сёньня вярнуўся ў Лёндан. Беларускія ўлады анулявалі навукоўцу гадавую шматразовую візу й паставілі ў пашпарт штамп, які цягам пяці гадоў забараняе яму перасякаць беларускую мяжу.

Алану Флаўэрсз так і не патлумачылі, што стала прычынай ягонай дэпартацыі. Супрацоўнікі пашпартна-візавай службы Партызанскага раёну толькі паведамілі прафэсару, што ягонае імя КГБ унёс у сьпіс асоб, якім забаронены ўезд у Беларусь.

Нагадаем: прафэсар Кінгстаўнскага ўнівэрсытэту Алан Флаўэрз знаходзіўся ў Беларусі з 9 ліпеня згодна з запрашэньнем БДУ. Ён меў кантакты з навукоўцамі й працаваў у забруджаных раёнах Гомельскай вобласьці. 29 ліпеня, калі ён прыйшоў у Сахараўскі ўнівэрсытэт на сустрэчу з рэктарам, яго ўжо чакалі тут супрацоўнікі АВІР і КГБ. Яны склалі адміністратыўны пратакол за парушэньні ў часе рэгістрацыі й забралі ў сп.Флаўэрза пашпарт.

Толькі на наступны дзень намесьнік кіраўніка Партызанскага АВІРу Ўладзімер Кузура паведаміў навукоўцу, што яго будуць дэпартаваць, бо ягонае імя – у сьпісе асоб, якім забаронена знаходзіцца на тэрыторыі краіны. Калі й чаму імя прафэсара трапіла ў сьпіс КГБ, супрацоўнікі АВІРу ня ведаюць.

(Флаўэрз: ) “Мне сумна, што ў Беларусі адбываюцца такія рэчы. Цягам дванаццаці гадоў я супрацоўнічаў зь беларусамі ў гуманітарнай, адукацыйнай і культурнай сфэрах. Рабіў унёскі ў разьвіцьцё супрацоўніцтва паміж Брытаніяй і Беларусьсю. Рашэньне забараніць мне наведваць Беларусь у найбліжэйшыя пяць гадоў цяжка паддаецца разуменьню. Я супрацоўнічаў зь дзяржаўнымі навучальнымі ўстановамі, і дагэтуль усе толькі выказвалі падзяку за працу ў сумесных праектах. Я упэўнены, што мы будзем працаваць і ўмацоўваць супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й Вялікай Брытаніяй”.

Назіральнікі лічаць, што сапраўднай прычынай дэпартацыі Алана Флаўэрза сталі ягоныя стасункі зь незарэгістраванай арганізацыяй “Эўрапейскі моладзевы парлямэнт” (European Youth Parliament). Студэнты, што ўваходзяць у гэтую арганізацыю, не разумеюць, чаму ўлады мелі прэтэнзіі да чалавека, які не займаўся палітыкай.

Гаворыць Ігар Клікоўскі.

(Клікоўскі: ) “Алан Флаўэрз займаўся пытаньнямі культуры й адукацыі. Увогуле, незразумела, чаму чалавек, які займаўся культурай і моладзьдзю ў Беларусі, дэпартаваны, і чаму яму закрылі візу на пяць гадоў. Калі б справа Алана Флаўэрза тычылася палітычнага жыцьця, тады дэпартацыя была б зразумелай. На жаль, такога чалавека дэпартавалі. Я лічу, што з дэпартацыяй Алана Флаўэрза Беларусь шмат чаго страціла”.

Амбасада Вялікай Брытаніі пакуль не камэнтуе гэтага інцыдэнту. Супрацоўнікі амбасады паведамілі Радыё Свабода, што зрабілі ўсё ад іх залежнае ў справе консульскай дапамогі Алану Флаўэрзу.

Супрацоўнікі ж КГБ на неаднаразовыя просьбы адказаць на пытаньне: “Зь якое прычыны імя прафэсара ўнесьлі ў “чорны” сьпіс?” адказу пакуль не даюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG