Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар адукацыі спрабуе патлумачыць прычыны закрыцьця ЭГУ чытачам “Советской Белоруссии”


Юры Дракахруст, Прага “Мы ня можам дазволіць, каб прыватныя навучальныя ўстановы сталі для заснавальнікаў і тых, хто стаіць за імі, толькі ліквідным бізнэс-праектам” – такім чынам у суботнім нумары “Советской Белоруссии” міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў пракамэнтаваў закрыцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, сярод заснавальнікаў якога і міністэрства адукацыі.

Паводле Радзькова “сумна бачыць, як шырока разрэклямаваныя навучальныя ўстановы ператвараюцца ў канвэер для папаўненьня беспрацоўных”.

Міністар заявіў, што ўсе бяз выключэньня студэнты зачыненага ўнівэрсытэту атрымаюць магчымасьць працягнуць навучаньне ў дзяржаўных і прыватных унівэрсытэтах краіны, пры гэтым ён падкрэсьліў, што размова ідзе пра платнае навучаньне, гэтак жа, як гэта было ў гуманітарным ўнівэрсытэце.

Аляксандар Радзькоў абверг інфармацыю пра тое, што студэнтам ЭГУ пры пераводзе давядзецца даплачваць дадатковыя іспыты. Ён падкрэсьліў, што даў асабісты загад рэктарам, каб яны ўзялі пад свой кантроль лёс кожнага студэнта ЭГУ.

Спадар Радзькоў назваў “няпраўдай” інфармацыю пра адмову шэрагу ВНУ прымаць студэнтаў ЭГУ і пра неабходнасьць істотнай даплаты пры пераводзе. (Дарэчы, што тычыцца беларускай службы Радыё Свабода, то мы атрымалі адпаведную інфармацыю ад саміх студэнтаў, якія ўжо высьвятлялі магчымасьці працягу навучаньня).

У інтэрвію “Советской Белорусии” міністар заявіў, што студэнты ЭГУ, патрапіўшы ў “больш якасную навучальную ўстанову, будуць не гатовымі да больш высокіх патрабаваньняў і крытэрыяў”.

Спадар Радзьковў мяркуе, што за закрыцьцё ЭГУ адказнасьць павінныя несьці яго заснавальнікі. Дарэчы, заснавальнікам гуманітарнага ўнівэрсытэту зьяўляецца дабрачынны фонд “Хуманітас”, у склад якога ўваходзяць Акадэмія навук Беларусі, Менгарвыканкам, Беларуская праваслаўная царква, міністэрства культуры, а таксама міністэрства адукацыі, кіраванае спадаром Радзьковым.

Кіраўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту мае намер абскардзіць рашэньне аб закрыцьці ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Паводле меркаваньня сэнату ўнівэрсытэту "гэтае рашэньне мае палітычны характар і зьвязанае з прыхільнасьцю ЭГУ каштоўнасьцям акадэмічных свабодаў і унівэрсытэцкай аўтаноміі”.

Кіраўніцтва ЭГУ зьвярнулася да донараў з просьбай падтрымаць сацыяльна неабароненых студэнтаў 2—5 курсаў для таго, каб яны маглі завяршыць адукацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG