Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: “Што варта было б забараніць у Беларусі?”


Ганна Соусь, Менск Апытаньне Свабоды. Нашая карэспандэнтка пыталася ў людзей на менскіх вуліцах, што, на іхную думку, варта было б забараніць у Беларусі?

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, што, на Вашую думку, варта было б забараніць у Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Уладу”.

(Спадар: ) “Цыгарэты й лікёра-гарэлачныя вырабы, таму што празь іх людзі пакутуюць і гінуць. Я ня маю на ўвазе шампанскае на сьвяты. Я кажу пра таннае віно й гарэлку, што прадаюць незаконна”.

(Спадарыня: ) “Мне ўсё падабаецца”.

(Спадар: ) “Каб было менш рэклямы на вуліцах сталіцы. Трэба забараніць продаж алькагольных напояў да 18 гадоў”.

(Спадар: ) “Дык нармальна пакуль усё ідзе”.

(Спадарыня: ) “Мір і спакой… Больш нам нічога ня трэба”.

(Спадар: ) “Забараніць крадзеж”.

(Спадар: ) “Забараніць “беспредел” з боку высокіх чыноўнікаў”.

(Спадар: ) “Забараніць ціск на прыватную ініцыятыву. Прыватнае прадпрымальніцтва пад ціскам, прыватныя ўнівэрсытэты пад ціскам. У нас нават няма прыватнай уласнасьці на зямлю. Тое, што зачынілі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, ёсьць самым апошнім крокам, які магла зрабіць нашая дзяржава. Я быў абітурыентам, я паступіў. І атрымліваецца – мяне выкінулі на вуліцу”.

(Карэспандэнтка: ) “Што варта было б забараніць у Беларусі?”

(Спадар: ) “Тут, напэўна, усе скажуць, што трэба войска забараніць”.

(Спадар: ) “Інстытут прэзыдэнцтва. У нас павінна быць парлямэнцкая рэспубліка. Так гістарычна склалася: нам прэзыдэнт не патрэбен. Гэта цар, хан нейкі. Іншы мэнталітэт, усходні”.

(Спадарыня: ) “На маю думку, забараніць варта нецярпімасьць. Трэба, каб людзі былі больш сардэчныя, цярпімыя адзін да аднаго й больш міласэрныя”.

(Спадар: ) “Забараніць рэкляму на тэлебачаньні цыгарэт, піва, гарэлкі. Зрабіць на тэлебачаньні адзін асобны канал рэклямы, і няхай ідзе 24 гадзіны – для тых, каму гэта патрэбна”.

(Спадар: ) “На маю думку, варта было б забараніць у Беларусі становішча, пры якім дзяржава сваімі дзеяньнямі перашкаджае разьвіцьцю эканомікі. Роля дзяржавы ў эканоміцы мусіць быць абмежавана”.

(Спадар: ) “Гэта небясьпечна”.

(Карэспандэнтка: ) “Што?”

(Спадар: ) “Небясьпечна казаць пра тое, што ў нас трэба забараніць. Таму я лепш устрымаюся”.
XS
SM
MD
LG