Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Піваманія" ў Беларусі – беларускія калекцыянэры піўных этыкетак


Алесь Дашчынскі, Менск Людзі здавён захапляліся зьбіраньнем розных рэчаў. Апрача добра вядомых зьбіральнікаў марак ці манэт, ёсьць і больш экзатычныя калекцыянэры – напрыклад тыя, хто зьбірае піўныя наклейкі. Паводле апошніх падлікаў, найбольшай калекцыяй такіх этыкетак у Беларусі валодае Уладзімер Іваноў з пасёлку Сокал. Ягоны збор складае больш за 80 тысяч – як замежных, так і айчынных. Самы багаты збор у Эўропе – у жыхара Нямеччыны Гэндрыка Томана – ён мае больш за 420 тысяч этыкетак ад піва з розных краін сьвету, у тым ліку зь Беларусі. Што хвалюе беларускіх аматараў піўной атрыбутыкі, ці ёсьць у іх патэнцыял для сваіх рэкордаў? Пра гэта расказвае наш карэспандэнт.

Зьбіральнікі ў Беларусі пачынаюць звычайна з этыкетак ад прадукцыі айчынных бровараў. Кожная этыкетка, што зьяўляецца на рынку, для іх добрая навіна. Пасьля пачынаецца сапраўднае паляваньне. Добра, калі ўдасца набыць пляшку піва з патрэбнай этыкеткай, якую можна змыць. Цяжкасьці ўзьнікаюць тады, калі этыкеткі няма, а яе ўжо болей не выпускаюць. Даўнія піўныя этыкеткі можна знайсьці ў іншых калекцыянэраў. Гаворыць калекцыянэр з Гомелю 31-гадовы маркетоляг Аляксей Кавалёў.

(Кавалёў:) “Перш за ўсё фінансавая праблема, таму што зьбіраць этыкеткі толькі ад тых бутэлек, што выпіў сам – ня вельмі лёгкі клопат, бо выбар невялікі. Каб калекцыя была больш-менш вялікая, трэба весьці абмен. А вось каб весьці абмен, трэба багата грошай. Гэта асноўная праблема. Ну й другая – ня так лёгка знайсьці нешта цікавае тут. Вельмі багата этыкетак не трапляе ў поле ўвагі. Заводаў багата, але адны закрыліся, а іншыя, як наш гомельскі, не працуюць – і не зачынены, і не працуе. Таму ня так лёгка знайсьці новыя этыкеткі з гэтых заводаў. З тых, што працуюць, тая ж Рэчыца, Ліда, яны абнаўляюць свае этыкеткі, але ж ня ўсё трапляе, ня ўсе можна паспытаць і знайсьці”.

Яшчэ адзін шлях – падацца за мяжу. Ці ёсьць там нейкія шанцы ў беларускіх калекцыянэраў? Гэта добра ведае Ўладзімер Іваноў з пасёлку Сокал – ён зьбірае ня толькі беларускія, але й замежныя этыкеткі. Ці можна беларускія памяняць на замежныя?

(Іваноў: ) “У той самай ступені, як і этыкеткі Расеі й Украіны. Цікавасьць ёсьць, але я не сказаў бы, што яна вялікая. У большай ступені іх цікавіць апошняе, сьвяжэйшае. З другога боку – этыкеткі маленькіх заводаў. Увесь час, як толькі наладжваеш кантакт, самае першае пытаньне: ці ёсьць старыя этыкеткі Воршы, Пінску, Баранавічаў, Полацку, Глыбокага, старыя, 1960-70-х гадоў. На рынку абмену цяпер многа этыкетак заводу “Крыніца”, з 1995 па 2002 год, Эўропа імі запоўненая. Чым больш этыкетак, тым меншая цікавасьць”.

63-гадовы электрык зь Менску Леў Мішалевіч зьбірае толькі беларускія этыкеткі й мае іх у сваёй калекцыі каля сямі тысяч. Ён перапісваецца з усімі калекцыянэрамі зь іншых беларускіх гарадоў. Самая даўняя ягоная этыкетка – маленькая авальная “Аліварыя” 1950-х . У спадара Льва амаль трохтысячны абменны фонд.

(Мішалевіч: ) “Раней, да распаду Саюзу, я вёў перапіску, гэта было танна ўсё. А цяпер, у сувязі з павелічэньнем цэнаў на перасылку, я гэта ўсё паціху спыніў. Пасылаеш жа пасылкай ці заказной бандэрольлю, а гэта мне як пэнсіянэру дорага ўсё выходзіць”.

Замежныя калекцыянэры маюць у сваіх зборах рэдкія экзэмпляры зь Беларусі. У Гэндрыка Томана зь Нямеччыны каля трох тысяч этыкетак ад беларускага піва, нават дарэвалюцыйных. Між іх этыкетка з-пад “Баварскага” піва, якое выраблялася на бровары “Ліпна” на Віцебшчыне. Яшчэ ў яго ёсьць дзевяць этыкетак зь лідзкага бровару Пупко – “Пільзэнскае”, “Сталовае”, “Баварскае”, “Царскае”. А ўсяго ён сабраў больш за 420 тысяч этыкетак з розных краін. Калі кожную зь яго этыкетак глядзець хвіліну, то для прагляду ўсёй калекцыі спатрэбіцца ажно пяць дзён бяз сну. Калі ўсе ягоныя этыкеткі пакласьці ў рад, то выцягнецца недзе на 40 кілямэтраў.

Менскі калекцыянэр Юрка Новікаў зьбірае этыкеткі ня дзеля рэкорду.

(Новікаў: ) “Этыкетка – сымбаль, з аднаго боку, прыемнага баўленьня часу, піва, якое любіць амаль што кожны малады чалавек. А з другога боку, гэта помнік часу – гартаючы альбом, можна згадаць, што вось гэтая этыкетка была зьнятая там і там, у такой і такой прыемнай паездцы. Гэтае піва зьяўляецца напамінам пра час, калі я скончыў унівэрсытэт. Можа, у іншых ёсьць іншае, а для мяне гэта самае цікавае”.

Гамяльчанін Аляксей Кавалёў бывае ў камандзіроўках, наведаў шэраг бровараў у Нямеччыне, дзе атрымаў неабходныя этыкеткі. Зь якімі броварамі яму кантактаваць лягчэй, з айчыннымі ці замежнымі?

(Кавалёў: ) “З замежнымі – адназначна, таму што для іх гэта невялікія грошы, каб даслаць ліст з этыкеткамі. І большая частка зь іх знаходзіць на гэта час. Па-другое, у іх гэта адзін зь відаў рэклямы, і, калі ты зьвяртаесься да іх, яны зацікаўленыя ў тым, каб пра іхны бровар, іхныя гатункі піва ведала як мага больш людзей. І таму яны дасылаюць табе этыкеткі. Калі я быў у Нямеччыне на броварах, мне далі ўсе этыкеткі, што ў іх былі, усе ўзоры. Калі я быў на “Крыніцы”, мяне нават на парог не пусьцілі”.

Чаму ж беларускія бровары не дапамагаюць айчынным калекцыянэрам? Гэтае пытаньне да начальніцы аддзелу маркетынгу й рэклямы “Аліварыі” Надзеі Нялюбавай.

(Нялюбава:) “Неяк да нас унадзіліся маладыя, пачаткоўцы-калекцыянэры хадзіць па этыкеткі. Але ж гэта трэба няспынна імі займацца, кожнаму пісаць, адпраўляць лісты, а гэта адбірае многа часу. Калі адказваеш аднаму, асабліва дзецям, тут жа пачынае ледзь ня цэлая кляса адначасова пісаць лісты. Адказваем вельмі выбарачна. Адзін калекцыянэр з Прыбалтыкі прасіў даслаць коркі ад пляшак, па сто штук кожнага ўзору. Гэтым займацца мы ня будзем. Зноў жа, калі кожны просіць: “Дайце нам кожнага гатунку па пяць”, – то пэўная колькасьць этыкетак проста выходзіць з вытворчага абарачэньня на падарункі”.

Магчыма, прасьцей было б калекцыянэрам, каб яны аб’ядналіся ў клюб. У Нямеччыне ёсьць ажно дзьве асацыяцыі калекцыянэраў, якія зьбіраюць нешта зьвязанае зь півам. Усяго гэта каля чатырох тысяч чалавек. Колькі калекцыянэраў у Беларусі, сказаць цяжка, магчыма, чалавек трыццаць. Нават да запаўненьня спэцыяльнай анкеты ў інтэрнэце, дзе даюцца зьвесткі пра калекцыі, тут ставяцца вяла, кажа Уладзімер Іваноў.

(Іваноў:) “Я хацеў бы, каб калекцыянэраў было больш, каб кожны зь іх быў больш актыўны, каб цікавіўся шырокім спэктрам піўной атрыбутыкі. У нас гэта ня вельмі пашырана, і людзі ня вельмі гэтым цікавяцца. Працэс калекцыянаваньня ў зачаткавым стане, мала цікавасьці, жаданьня, імкненьня ў людзей кантактаваць, мяняцца”.

Магчыма, адсюль і праблема з нашчадкамі, якія не адразу ацэньваюць захапленьне старэйшых, цьвердзіць Леў Мішалевіч.

(Мішалевіч:) “У мяне ёсьць два ўнукі й дзьве ўнучкі. Яны вельмі холадна адносяцца, я іх прывучаю. Старэйшы неяк значкамі захапіўся. Я яго падтрымліваю, а да этыкетак – няма ў мяне нашчадкаў. Можа, яны з часам падрастуць, зразумеюць?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG