Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 2 жніўня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі “Могилевские губернские ведомости” ў 1914 годзе, віленская “Крыніца” – у 1924, “Вечерний Минск” – у 1974.

* “Могилевские губернские ведомости”. 1914 год. У зьвязку з пачаткам вайны друкуецца пастанова магілеўскага губэрнатара для абавязковага выкананьня жыхарамі губэрні: “Забараняецца штучнае й нядобрасумленнае падвышэньне коштаў на ўсе прадметы спажываньня – гэткія, як хлеб, мука, крупа й іншыя жыцьцёва важныя прадукты. Асобы, вінаватыя за парушэньне гэтай пастановы, падлягаюць у адміністратыўным парадку пад грашовую кару да пяцісот рублёў альбо пад арышт да трох месяцаў”. І тут жа, побач, такая аб’ява: “У сувязі з тым, што 8 жніўня мае адбыцца сонечнае зацьменьне, і з магчымасьцю супастаўленьня яго народнымі масамі зь бягучымі падзеямі, абвяшчаецца: зьява гэтая натуральная й ніякага дачыненьня да часу, які перажываем, ня мае”.

1924 год, віленская “Крыніца”. Паведамленьне з Савецкай Беларусі: “Віцебшчына павольнымі крокамі, але паступова пасовываецца ўперад у сэньсе беларусізацыі. То там, то сям сярод вясковага настаўніцтва, а таксама і сярод вучнёўскай моладзі закладываюцца гурткі беларуса-знаўства, якія працуюць з захапленьнем і даюць карысьць. Вось вынікі іхняй працы: сяляне Кузьняцоўскай воласьці Віцебскага павету на агульным сходзе зрабілі пастанову, каб з наступнага вучэбнага году вучылі дзяцей іх на роднай мове”.

* “Вечерний Минск” у 1974 інфармуе пра новае ў паштовай сувязі: “Паважаныя мінчане! Міністэрствам сувязі СССР дзеля паскарэньня дастаўкі пошты й каб палегчыць сартыраваньне лістоў уведзены новы парадак адрасаваньня. На ўсіх лістох і паштоўках, якія скіроўваюцца як у гарадзкую, так і ў сельскую мясцовасьць, належыць паставіць у накіравальнай сетцы, разьмешчанай у ніжнім левым куце капэрты ці паштоўкі, лічбавы шасьцізначны індэкс прадпрыемства сувязі месца прызначэньня. Просім паведаміць усім, з кім вы перапісваецеся, шасьцізначны індэкс прадпрыемства сувязі, якое дастаўляе вам пошту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG