Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легіянэры ў беларускай алімпійскай камандзе – унёсак ці канкурэнцыя?


Міхал Стэльмак, Менск У Афінах спартовыя інтарэсы Беларусі ў складзе алімпійскай зборнай будзе абараняць шэраг легіянэраў. Чым выклікана іх зьяўленьне? Як ставяцца беларускія спартоўцы да былых расейцаў у нацыянальнай зборнай?

Паводле зьвестак Міністэрства спорту, легіянэраў у складзе беларускай алімпійскай каманды – дзесятак са 153 спартоўцаў. Усе легіянэры – з Расеі. У кожнага свой шлях у Беларусь. Некаторыя апынуліся тут, бо ажаніліся, іншыя знайшлі сваякоў. Адны самі прыехалі – іншых запрасілі...

Экс-расейцы прадстаўленыя ў зборных па мастацкай гімнастыцы, дзюдо, боксу і скачках у ваду. Самы тытуляваны зь іх – дзюдаіст Анатоль Ларукоў. Ён – уладальнік бронзавай ўзнагароды Алімпіяды 2000-га году ў Сыднэі.

Цалкам легіянэрскай стала беларуская каманда скакуноў у ваду. Гэта – Аляксандр Варламаў, Андрэй Мамантаў і Сяргей Кучмасаў. “Тройца” зьявілася ў Менску пасьля распаду нацыянальнай каманды, што брала ўдзел у папярэдніх Алімпіядах. Стварыць новую за конт тутэйшых спартоўцаў нібыта не было магчымасьці, і тады прынялі прапанову тых расейцаў, якія не траплялі ў склад зборнай Расеі. Ці ўдаецца ім зрабіць сваю спартовую кар’еру ўжо ў складзе беларускай каманды? Адказаць на гэтае пытаньне я папрасіў аднаго са згаданых вышэй легіянэраў, Сяргея Кучмасава:

(Кучмасаў: ) “Прывыклі нармалёва, вялікай розьніцы няма. А тое, што найлепшы ход у кар’еры – то так. Мэтай нашага пераезду была Алімпіяда. І яе дасягнулі. Тут вярхі да нізоў бліжэй. А дома я б не сказаў, што там усе купаюцца, як сыр у масле. Ну а пра казачныя багацьці – гэта жарт”.

А ці маюць алімпійцаў-легіянэраў суседнія зь Беларусьсю краіны? Расейская алімпійская зборная ня мае ніводнага легіянэра. Пра гэта паведаміў прэс-аташэ Нацыянальнага алімпійскага камітэту Расеі Аляксандр Ратнер. Паводле яго, там многа сваіх спартоўцаў міжнароднага ўзроўню, якія ў Афінах будуць прэтэндаваць на атрыманьне самых высокіх узнагародаў. А вось Магдалена Яніцка з Нацыянальнага алімпійскага камітэту Польшчы расказала, што на Гульнях у Грэцыі нашых заходніх суседзяў будуць прадстаўляць тры легіянэры-ўкраінцы.

Прафэсіяналы спорту ставяцца да праблемы легіянэраў па-рознаму. Адны досыць нэгатыўна: маўляў, краіна мусіць выхоўваць уласных зборнікаў, а не карыстацца паслугамі іншаземцаў. Паводле іншых, зараз ва ўсім сьвеце складваюцца такія тэндэнцыі, таму зьява гэта натуральная і нават прагрэсіўная. У прыватнасьці, вось якім меркаваньнем падзяліўся са мной вядомы беларускі спартовец, фэхтавальшчык Андрэй Мурашка:

(Мурашка: ) “Я нармалёва да гэтага стаўлюся. Калі гэтыя людзі заваявалі права ўдзельнічаць за нашу краіну, то чаму ж гэта кепска?! Яны ж не за Расею выступаюць, а за Беларусь. Плюсы – гэта тое, што нашы, гледзячы на іх, будуць вучыцца чамусьці. Гэта добра. Мінусаў я нават ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Андрэй, давайце ўявім такую сытуацыю. У змаганьні за алімпійскую ліцэнзію вас выцясьняе канкурэнт – выхадзец зь іншай краіны. У такім выпадку вам ня будзе крыўдна?”

(Мурашка: ) “У маім відзе спорту гэта нерэальна. У нас іменныя ліцэнзіі. І нават калі б выцесьнілі мяне – гэта ж спорт. А вунь у іншых відах спорту, напрыклад, у цяжкай атлетыцы, у камандзе Грэцыі ўсё акупавалі армяне. Яны спрычыняюцца да канкурэнцыі, а канкурэнцыя – гэта станоўчая зьява”.
XS
SM
MD
LG