Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкія раённыя ўлады не далі дазволу на правядзеньне музычнага фэсту


Вінцэсь Мудроў, Полацак Полацкі райвыканкам ня даў дазволу на ладжаньне маладзёвага музычнага фэсту, які мусіў прайсьці мінулымі выхаднымі. Фэст пад назвай “АЯ-CAMP-2004” дагэтуль штогоду ладзіўся на вольным паветры і меў на мэце абарону экалягічнага асяродзьдзя й прапаганду здаровага ладу жыцьця.

Раённыя ўлады не забаранялі мерапрыемства, а папросту не далі дазволу на яго правядзеньне, у вуснай форме паведаміўшы арганізатарам пра яго нямэтазгоднасьць. Сёлета мусіў адбыцца 4-ы па ліку музычны фэст. Месцам ягонага ладжаньня быў абраны дзьвінскі бераг непадалёку ад вёскі Лучна Полацкага раёну, а арганізатарамі мерапрыемства сталіся наваполацкі рок-гурт “Ozon” ды сталічны тэлевізійны 8-ы канал. Заяўка на яго правядзеньне была пададзеная яшчэ ў чэрвені, і тады работнікі райвыканкаму запэўнілі арганізатараў, што праблемаў з дазволам ня будзе.

Цэлы месяц, за спонсарскія грошы, ішла падрыхтоўчая праца, былі запрошаныя шматлікія госьці – рок-гурты зь іншых гарадоў Беларусі, а ў самы апошні момант стала вядома, што фэст не адбудзецца. Па словах кіраўніка рок-гурту “Ozon” Міколы Буслаева, арганізатары фэсту наўмысна пазьбягаюць усялякай палітыкі, пад час канцэртаў забараняецца ўжываць моцныя напоі, і ён папросту не разумее, чым кіраваліся ўлады, не даючы хады маладзёвай ініцыятыве.

Гаворыць Мікола Буслаеў:

(Буслаеў: ) “Напачатку мы думалі, што ніякіх праблемаў з дазволам на правядзеньне музычнага фэсту ў нас ня будзе, бо ладзім яго ўжо ня першы год. І вось калі была праведзеная вялізарная арганізацыйная праца, калі былі запрошаныя шматлікія госьці, улады ў асобе Полацкага райвыканкаму не далі дазволу на правядзеньне мерапрыемства. Такім чынам, ініцыятыва, якая ставіла за мэту духовае і эстэтычнае разьвіцьцё моладзі, якая мусіла прапагандаваць здаровы лад жыцьця, натыкнулася на непрабіўную сьцяну неразуменьня і бюракратычнага крывадушша. Іначай, як самадурствам, такія дзеяньні райвыканкамаўскіх чыноўнікаў не назавеш”.
XS
SM
MD
LG