Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшая адукацыя разьвітваецца з “вакном у Эўропу”


Алесь Дашчынскі, Менск Агляд незалежнай прэсы

Падрыхтоўка да выбараў у Палату прадстаўнікоў, сытуацыя вакол закрыцьця ЭГУ і эканамічная стагнацыя – тэмы беларускіх газэтаў. “Витебский курьер” адзначае, што, як паказвае вопыт, паседжаньні па фармаваньні акруговых выбарчых камісій адбываюцца без удзелу прэсы. На момант здачы нумара ў друк пытаньне пра доступ карэспандэнта газэты на сёньняшняе паседжаньне ў Віцебску яшчэ вырашалася. Чым жа завершыліся перамовы з абласной “вэртыкальлю” ў аўтара артыкула Сяргея Кочэтава?

(Кочэтаў: ) “Мяне не запрасілі на паседжаньне аблсавета і аблвыканкама. Матывіроўка такая: будуць вырашацца простыя пытаньні ў рабочым парадку, пагэтаму няма неабходнасьці запрашэньня прэсы”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы гэта расцэньваеце?”

(Кочэтаў: ) “Мне не зразумела, чаму ўлады даюць лішнюю нагоду для таго, каб усумніцца ў тым, што выбары пройдуць, як дэкляруецца, сумленна і празрыста”.

Адсутнасьць прэсы, піша “Витебский курьер”, робіць немагчымай ацэнку крытэраў, якімі кіруюцца ўлады пры адборы кандыдатаў у акруговыя выбарчыя камісіі.

Тэму выбараў працягвае “Белорусский рынок” у артыкуле “Выбарнік атрымаў план па дэпутатах”. Газэта згадвае, што прэзыдэнт Лукашэнка даручыў абраць у новы склад Палаты прадстаўнікоў 30 працэнтаў цяперашніх дэпутатаў і каля 40 працэнтаў жанчын. “Як можна выканаць указаньне кіраўніка краіны, не выходзячы за рамкі закона – вялікае пытаньне, бо выбарнік павінен сам захацець і бяз вонкавага прымусу абраць сваіх прадстаўнікоў у парлямэнт”, адзначае аўтар артыкула. Адначасова Лукашэнка пажадаў, каб правамоцны склад палаты быў абраны ўжо ў першым туры – маўляў, нельга ўцягвацца ў дадатковыя туры. Раней аналягічнае пажаданьне выказвала кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, але яна прадказвала магчымасьць правядзеньня другога тура. Указаньне кіраўніка краіны, працягвае “Белорусский рынок”, можна выканаць, калі зарэзаць патэнцыйных кандыдатаў на этапе рэгістрацыі, забясьпечыць няроўныя ўмовы на этапе агітацыі альбо падтасаваць вынікі галасаваньня. Пытаньне пра тое, які варыянт абярэ прэзыдэнцкая вэртыкаль, якая фармуе выбарчыя камісіі, застаецца адкрытым.

Яшчэ адна тэма, якая абмяркоўваецца ў газэтах – сытуацыя вакол закрыцьця ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта. Паводле “Белорусской газеты”, ліквідацыя ЭГУ агаліла адсутнасьць элемэнтарнай клясавай салідарнасьці ў беларускіх інтэлектуалаў. Вышэйшая адукацыя разьвітваецца з “вакном у Эўропу”, акадэмічная інтэлігенцыя – з рэшткамі ілюзій шасьцідзесятнікаў. Няхай афіцыйна для ўлады інтэлігент – гэта служачы, але абыходзяцца зь ім, як са служанкай. Гэты сумнеўны гонар інтэлігенцыя зарабіла сама – па-за ўсялякай палітыкай, адзначае аўтар артыкула.

“Белорусская деловая газета” адзначае, што для Захаду закрыцьцё ЭГУ стала яшчэ адным сьведчаньнем барбарскага рэжыму ў Беларусі.

На завяршэньне агляду прэсы нагадаю, што на мінулым тыдні ўрад Беларусі адрапартаваў аб выкананьні ўсіх 16 прагнозных паказчыкаў па выніках разьвіцьця эканомікі ў першым паўгодзьдзі. Сёньняшняя “Белорусская газета” аналізуе гэтыя аптымістычныя справаздачы: “Бум любой нацыянальнай эканомікі, асабліва калі яна малая і адкрытая, абавязкова прыцягвае прамыя і партфэльныя замежныя інвэстыцыі. Гэтая аксіёма не пацьвярджаецца ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG