Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

90 гадоў таму пачалася І сусьветная вайна


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 1 і 2 жніўня

Спачатку – каляндар учорашняе нядзелі.

Дзень 1 жніўня нашыя продкі называлі імем Макрыны, што не магло не асацыявацца з дажджамі і макрэчай.

1 жніўня ў 1857 годзе людзі ў Беларусі зьведалі чарговае наступства далучэньня краіны да Расейскай імпэрыі. Выйшаў указ расейскага цара, паводле якога аднадворцы, гэта значыць бедная шляхта, былі аднесеныя да катэгорыі дзяржаўных сялян. Такім чынам былі паніжаныя ў правох 44 тысячы 800 сем’яў.

1 жніўня ў 1914 годзе, 90 гадоў таму, пачалася І сусьветная вайна.

1 жніўня 1920 году ў Менску пачаў функцыянаваць самы першы савецкі канцэнтрацыйны лягер – для прадстаўнікоў “варожых клясаў”, якімі лічыліся былая шляхта, землеўладальнікі, чынавенства і сьвятары. Паводле зьвестак гісторыка Кастуся Тарасава, утрымлівалі ў тым лягеры ня менш за тры сотні чалавек.

І яшчэ адна сумная дата, якую ня можна не прыгадаць: 1 жніўня 1943 году нямецкія карнікі расстралялі ва ўрочышчы Батароўка каля Наваградку 11 манахіняў ордэну сясьцёр Сьвятой сям’і з Назарэту. Тры гады таму гэтыя манахіні былі абвешчаныя сьвятымі.

Некалькі памятных датаў дня сёньняшняга.

2 жніўня – Ільля, адзін з самых папулярных у беларусаў сьвятых. Ільлю хвалілі, калі было суха – “Сьвятая Ільля – слаўная жняя” і сварылі, калі ліў дождж – “Прыйшоў Ільля – нарабіў гнільля”. Калі ў небе бліскалі маланкі, казалі, што гэта сам Ільля езьдзіць у хмарах на вогненнай калясьніцы.

2 жніўня 1833 году ў Горадні быў пакараны сьмерцю на шыбеніцы Міхал Валовіч – удзельнік вызвольнага паўстаньня. Валовіч быў заўзяты прыхільнік утапічнага сацыялізму і ў сваіх марах бачыў Беларусь рэспублікай.

2 жніўня 1937 году ў Беларусі пачаліся масавыя арышты і вынішчэньне так званых “польскіх шпіёнаў” – грамадзянаў польскай нацыянальнасьці. За год было арыштавана каля 16 тысяч такіх “шпіёнаў”. Зь іх 14 тысяч расстралялі. Магчыма, большасьць гэтых ахвяраў ляжыць у Курапацкім лесе.
XS
SM
MD
LG