Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блізу Ганцавічаў адбудзецца акцыя, скіраваная супраць прысутнасьці расейскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі


Севярын Квяткоўскі, Менск “РЛС – пагроза для Беларусі” – так завецца палітычна-экалягічная акцыя, якая стартуе сёньня блізу Ганцавічаў. РЛС – вайсковая абрэвіятура, якая азначае “радыёлякацыйная станцыя”. Акцыю супраць РЛС ладзяць маладыя сябры Партыі БНФ.

Акцыя мае выглядаць як пешая вандроўка, калі цягам тыдня ўдзельнікі пройдуць каля сямідзесяці кілямэтраў па тэрыторыі Ганцавіцкага і Клецкага раёнаў вакол РЛС, якая завецца “Волга” і зьяўляецца важным вузлом расейскага супрацьракетнага шчыта. Гэта тая самая станцыя, якую пэрыядычна ўзгадвае Аляксандар Лукашэнка: маўляў, расейскі бок павінен Беларусі значна больш грошай, чым плоціць.

У акцыі “РЛС – пагроза для Беларусі” маюць узяць удзел каля трыццаці чалавек зь Менску, Салігорску, Барысаву, Слуцку, Жодзіна, Маладзечна ды іншых мясьцін. Да сябраў Партыі БНФ далучацца юнакі з жодзінскай суполкі “Экаскоп” ды іншыя ахвочыя.

Дарэчы, гэта ўжо другая падобная выправа. Летась маладыя людзі прайшлі больш за сто кілямэтраў вакол станцыі сувязі расейскага флёту пад Вілейкай. Станцыі блізу Вілейкі й Ганцавічаў – найбольшыя аб’екты расейскага войска ў Беларусі. Таксама расейцы арэндуюць аэрадром стратэгічнай авіяцыі ў Мачулішчах пад Менскам. Але аэрадром трымаецца, так бы мовіць, на ўсялякі выпадак. А станцыі цалкам дзейсныя. Удзельнікі акцыі наогул пратэстуюць супраць прысутнасьці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама цьвердзяць пра экалягічную шкоднасьць аб’ектаў.

Якая ж канкрэтна шкода можа сыходзіць ад РЛС? Я размаўляў з шэрагам вайскоўцаў, якія маюць дыямэтральна супрацьлеглыя меркаваньні. Напрыклад, працаўнікі станцыі пад Вілейкай спасылаюцца на прыклад свайго начальніка: маўляў, чалавек ужо дзесятак гадоў кіруе станцыяй, кожны дзень на ёй бывае, і выглядае здаровым і бадзёрым. Зь іншага боку вядуць гаворку пра калясальнае электрамагнітнае выпраменьваньне, якое ўплывае на ўсё жывое вакол РЛС. Зрэшты, арганізатар акцыі “РЛС – пагроза для Беларусі” Павал Батуеў настойвае, што ўдзельнікі акцыі ў кожным выпадку не жадаюць бачыць на тэрыторыі Беларусі расейскія вайсковыя аб’екты:

(Батуеў: ) “Перадусім нас турбуе ня толькі экалягічны чыньнік гэтай станцыі, але і палітычны фактар. Мы лічым, што наяўнасьць на тэрыторыі нашай дзяржавы гэтых вайсковых аб’ектаў Расеі будзе перашкаджаць эўраінтэграцыйным працэсам”.

Павал Батуеў падкрэсьлівае, што на стаўленьне ўдзельнікаў акцыі да РЛС не ўплывае, ці вялікая ад іх экалягічная шкода, ці ня надта вялікая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG