Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартаваны брытанскі прафэсар пакінуў Беларусь


Любоў Лунёва, Менск 2 жніўня беларускія ўлады дэпартавалі брытанскага прафэсара з Кінгстоўнскага ўнівэрсытэта, які знаходзіўся ў Беларусі згодна з запрашэньнем Белдзяржунівэрсытэту. Прафэсар Алан Флаўэрз чытаў лекцыі па фізыцы і займаўся навуковымі дасьледаваньнямі ў межах сумеснага праекта беларускага і ангельскага ўнівэрсытэтаў. Прафэсар знаходзіўся ў Менску з 9 ліпеня, а 30 даведаўся, што КГБ унёс ягонае імя ў сьпіс асобаў, якім забаронена знаходжаньне на тэрыторыі краіны.

За гэтыя дні так і ня стала вядома, чаму прафэсар, які 12 гадоў наведваў Беларусь, зрабіўся пэрсонай “нон грата”. Паколькі Алана Флаўэрза выклікалі ў АВІР у пятніцу на 15 гадзінаў а потым амаль да 19 знаёмілі з агульнымі палажэньнямі адміністрацыйнага кодэксу, зьвяртацца ў пракуратуру ці КГБ ужо не было сэнсу: скончыўся працоўны дзень, а наперадзе былі выходныя. Справа ў тым, што начальнік міліцыі Партызанскага раёна спадар Міхневіч параіў зьвярнуцца ў КГБ, бо менавіта гэтая структура складае такія сьпісы.

Ніякіх парушэньняў дзейнага беларускага заканадаўства Алан Флаўэрз ня зьдзейсьніў. Гэтым разам прафэсар наведваў забруджаныя раёны. Нават, калі быў у вёсцы Сьвяцілавічы, зарэгістраваўся ў мясцовым гатэлі. Натуральна, супрацоўнікі АВІРу ня ведаюць, зь якой прычыны імя Алана Флаўэрза ўнесьлі ў гэты сьпіс. Але большасьць людзей, якія добра знаёмыя зь ягонай дзейнасьцю, лічаць, што прычынай маглі стаць стасункі прафэсара зь незарэгістраванай моладзевай арганізацыяй “Эўрапейскі моладзевы парлямэнт”.

У арганізацыю ўваходзяць студэнты ВНУ з розных гарадоў. Яны праводзяць навуковыя дыскусіі і абменьваюцца інфармацыяй не толькі ў межах Беларусі, але ў іншых краінах. Алан Флаўэрз дапамагаў ладзіць кантакты са студэнтамі заходнеэўрапейскіх унівэрсытэтаў. Магчыма, гэта не спадабалася беларускім уладам. Вось што казаў на гэты конт сябра парлямэнту Максім Сташкевіч:

(Сташкевіч: ) “Я не разумею, чаму такое стаўленьне да чалавека, які столькі зрабіў для Беларусі. Ён не займаўся палітыкай. Шмат зрабіў для навукі і ў справе рэабілітацыі забруджаных тэрыторыяў. Нашы ўлады маглі толькі дзякаваць такому чалавеку. Я лічу, што ўлады такімі дзеяньнямі самі заганяюць краіну ў ізаляцыю”.

А як адбылася дэпартацыя? Алан Флаўэрз меў квіток на самалёт на 2 жніўня, таму яму дазволілі самастойна, не пад прымусам, зьехаць з краіны. Алан Флаўэрз выехаў у Вільню, а адтуль выляцеў у Лёндан. Візу яму анулявалі і замест яе выдалі выяздную візу, якую даюць асобам, якіх дэпартуюць. У пашпарт паставілі штамп аб тым, што ў бліжэйшыя 5 гадоў прафэсару забаронена перасякаць беларускую мяжу.

Цікава, што намесьнік кіраўніка Партызанскага АВІРу Уладзімір Кузура паведаміў прафэсару, што калі б ён быў грамадзянінам Індыі ці Пакістану, то, згодна з працэдурай дэпартацыі, у яго б узялі адбіткі пальцаў. Але паколькі Беларусь у добрых стасунках зь Вялікай Брытаніяй, то можна абысьціся і бяз гэтага.

Супрацоўнікі Брытанскай амбасады пакуль не камэнтуюць гэты інцыдэнт, але не выключаюць, што ён можа мець наступствы. Пакуль што дакладна вядома, што будуць пытаньні да беларускай амбасады ў Вялікай Брытаніі, якая паставіла прафэсару гадавую бясплатную шматразовую візу да 4 сакавіка 2005 году.

Гл. таксама:

Беларускія ўлады дэпартавалі брытанскага прафэсара Алана Флаўэрза

З 31 ліпеня пачнецца працэс дэпартацыі прафэсара Алана Флаўэрза
XS
SM
MD
LG