Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта гуляць зь дзяржавай у лятарэі?


Зьміцер Бартосік, Менск Асаблівасьці лятарэйнага бізнэсу ў Беларусі дасьледаваў наш карэспандэнт.

У пачатку XVI стагодзьдзя, у “залаты век” беларускай гісторыі, калі Францыск Скарына друкаваў свае кнігі, Канстанцін Астроскі сьвяткаваў сваю бліскучую перамогу, калі Мікола Гусоўскі пісаў сваю знакамітую паэму, у Генуі адбылася яшчэ адна значная падзея, датычная беларусаў. У гэтым італьянскім горадзе была разыграная першая лічбавая лятарэя “5” з “90”. Так быў пакладзены пачатак лічбавым лятарэям.

Напачатку – меркаваньні людзей, якіх я сустрэў каля кіёску “Беллятарэі”:

(Карэспандэнт:) “Вы часта гуляеце ў гэтае лято?” (Гулец:) “Паўгоду ўжо”. (Карэспандэнт:) “І што-небудзь выйгралі?” (Гулец:) “У мінулым тыражы – сто сорак дзьве тысячы”. (Карэспандэнт:) “Гуляць сэнс ёсьць?” (Гулец:) “Ёсьць. Цікава. Азарт ёсьць”.

(Карэспандэнт:) “Вы хоць раз выйгравалі?” (Гулец:) “Так. Сама многа – пяць мільёнаў васямсот пяцьдзясят”. (Карэспандэнт:) “У якую?” (Гулец:) “Ваша лято”. Гуляйце самі”.

(Карэспандэнт:) “Як часта Вы гуляеце?” (Гулец:) “Увесь час. І ніякай выйгранкі...” (Карэспандэнт:) “А чаму тады працягваеце гуляць?” (Гулец:) “А раптам пашанцуе...”

(Гулец:) “Я даўно ўжо гуляю. Выйграваў пару разоў. Выйграў магнітафон, кампутар і CD-плэер”. (Карэспандэнт:) “У якіх лятарэях? “Скарбніца”, “Сталіца”? (Гулец:) “Гуляю і там, і там. Зараз паспрабую “На перекрестках Европы”.

Лятарэі бываюць імгненныя, грашова-рэчавыя, у якіх ад Вас нічога не залежыць. І лічбавыя, дзе Вы як гулец самі можаце ўплываць на сваю фартуну. Дык вось, беларусы ў свой час маглі б трымаць першае месца ў сьвеце паводле кемлівасьці.

Пра спэцыфіку лятарэйнага бізнэсу ў Беларусі расказвае Ігар Патапенка, які за савецкім часам узначальваў беларускае аддзяленьне “Спортлото”.

(Патапенка:) “Пачнем са статыстыкі. У імгненных лятарэях мы займалі ў колішнім Савецкім Саюзе перадапошняе месца. На першых месцах у імгненных лятарэях былі паўднёвыя рэспублікі. У лічбавых лятарэях – “Спортлото” і “Спортпрогноз” – мы займалі першае месца паводле колькасьці набытых білетаў на душу насельніцтва. І першае месца мы займалі паводле колькасьці выйграньняў”.

Паводле спадара Патапенкі, сакрэт такой беларускай ўдачлівасьці вельмі просты. У Беларусі, як нідзе ў СССР, была самая шматлікая й разумная тэхнічная інтэлігенцыя. Беларусы ня толькі рабілі тэлевізары з кампутарамі, але й добра валодалі тэорыяй імавернасьці й камбінаторыкі.

(Патапенка:) “Было некалькі дзясяткаў чалавек у Менску, ня ведаю, як у другіх гарадах Беларусі, якія жылі… Для іх самыя працоўныя дні былі – серада, чацьвер, пятніца. Бо ў пятніцу мы закрывалі тыраж. Больш за тое. Адзін з нашых колішніх аматараў пасьля закрыцьця “Спортлото” ў Беларусі паехаў у Нямеччыну. І так выйграваў, немцы слабыя ў гэтых гульнях, мякка кажучы, так выйграваў, што ім зацікавіліся ўжо тайныя органы. Што гэта за хлопец, які выйграе столькі грошай”.

Памятаеце, колькі каштавала ў савецкія часы “Жыгулі”-“капейка”? Не за прэйскурантам, а рэальна? Трынаццаць тысяч рублёў. Менавіта за сто сярэдніх зарплат можна было набыць аўтамабіль без чаргі. Альбо выйграць! Ці зьмянілася нешта сёньня? Я патэлефанаваў у арганізацыю “Беларускія лятарэі” й пачуў наступнае:

(Прадстаўнік “Беларускіх лятарэяў”:) “У грашова-рэчавых галоўны прыз – аўтамабіль. Як правіла, ВАЗ. Адзінае, што ў лятарэі “На перекрестках Европы” аўтамабіль абавязкова з Эўропы будзе. У “Сталіцы” галоўны прыз – кватэра ў Менску. У “Лото” – Пэжо-406. Джэк-пот. На гэты момант джэк-пот складае больш за дваццаць мільёнаў. На 124-ты тыраж будзе абавязкова разыграны джып-пазадарожнік. І на “Славянскім базары” – Мэрсэдэс”.

Наконт джэк-поту. У суседняй Польшчы ня так даўно адзін грамадзянін таксама выйграў дваццаць мільёнаў. Толькі не беларускіх рублёў, а польскіх злотых. Зрэшты, паняцьці “многа” й “мала” вельмі адносныя, асабліва калі гаворка ідзе пра такую тонкую рэч, як халява. Аднак зусім невыпадкова ў нашых людзей найбольшай папулярнасьцю карыстаецца лятарэя “Сталіца”. Бо тут галоўны прыз – менская нерухомасьць. Гаворыць намесьніца начальніка фінансавага ўпраўленьня Менгарвыканкаму Натальля Вішнеўская:

(Вішнеўская:) “Асноўны выйгрыш – кватэра – сёньня людзей, вядома, цікавіць. І працэнт рэалізацыі даволі вялікі. Ну, машына машынай, але кватэра ўсё ж такі для жыцьця важнейшая”.

Што да рэалізацыі, дык у сярэднім разыходзіцца больш за сто тысяч білетаў коштам па адным даляры. Палова ад гэтай сумы ідзе дзяржаве, з другой паловы фармуецца выйгрышны фонд. І на сёньняшні дзень ужо тры шчасьліўчыкі выйгралі аднапакаёўкі ў раёне Сухарава.

(Вішнеўская:) “У нас ёсьць людзі ня зь Менску, якія выйгралі кватэру. Апошнюю кватэру выйграў чалавек з Магілёўскай вобласьці. Ён дакумэнты атрымаў на кватэру. Ён уласьнік і вырашае сам, што рабіць з гэтай кватэрай. Ці прыехаць у Менск жыць? Калі ласка, мы радыя бачыць гэтага чалавека. А, можа, ён намерыўся прадаць гэтую кватэру? Гэта права ўласьніка”.

Пытаньне пра магчымасьць шулерства з боку дзяржавы спадарыня Вішнеўская ўспрымае ледзь не як асабістую абразу.

(Вішнеўская:) “Могуць купіць толькі пяцьдзясят працэнтаў лятарэйных білетаў. Але калі сярод гэтых білетаў, якія купілі, трапіўся білет з кватэраю… Усё. Чалавек атрымлівае кватэру, нават калі яна выходзіць стратная”.

А зараз давайце паслухаем чачэрскага міліцыянта Юрася Гусакова, які сёлета выйграў у дзяржавы запаветны “Жыгуль”.

(Гусакоў:) “На ёй да мяне паезьдзілі ўжо. Яна ня новая была. Вось так. Трынаццаць тысяч кілямэтраў, дарожныя лісты, усё было ў бардачку”.

(Карэспандэнт:) “Вам уручылі машыну ня новую?”

(Гусакоў:) “Не. Ня новую. Выйграў “21063”, а ўручылі “2106”. Пасьля таго, праз чатыры нумары, пыласос дзяўчына выйграла”.

Хочацца верыць, што на тым пыласосе ніхто паезьдзіць не пасьпеў. Як, зрэшты, і пажыць у тых менскіх кватэрах. Таму гуляць зь дзяржаваю можна. А вось ці трэба, кожны хай вырашае для сябе сам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG