Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пятнаццатае “Басовішча” – частка 1


Зьміцер Падбярэскі, Менск Чарговы выпуск праграмы “Па-за тактам”

(Падбярэскі: ) “Праграма “Па-за тактам” знаходзіцца, што называецца, у цэнтры падзей. Мы на пятнаццатым па ліку фэстывалі маладой беларускай музыкі “Басовішча” ў лесе пад Гродкам на Беласточчыне. Што адбываецца на гэтым фэстывалі цягам двух дзён? Маем шанец дазнацца, як выступалі маладыя канкурсанты й хто выйшаў у пераможцы.

Адной з прычын, якія змусілі мяне ўпершыню – заўважце – выбрацца на гэтую імпрэзу, было жаданьне даўмецца, як варта асэнсоўваць такую зьяву, як “Басовішча”, з адлегласьці пятнаццаці гадоў. Чым ёсьць гэты фэстываль для ягоных арганізатараў і гасьцей? У якім напрамку ён можа разьвівацца й чаго можна чакаць ад “Басовішча” ў будучыні?

Напачатку я гутарыў са старшынёй Беларускага аб’яднаньня студэнтаў Ілонай Карпюк.

(Карпюк: ) “Цяжка гаварыць пра беларускую моладзь, бо гэта ж – на Беларусі. Я магу казаць пра тое, што бачу ў нашым асяродзьдзі – тут, у Польшчы. Мне ўсё ж здаецца, што існаваньне такога фэстывалю дазваляе думаць гэтак: можна жыць паводле пэўных прынцыпаў і паводле пэўных ідэалаў. І тое, што для некаторых зьяўляецца толькі марай, можна зьдзейсьніць у рэчаіснасьці. Пятнаццаць гадоў існаваньня фэстывалю даказвае, што магчыма ажыцьцявіць свае мары. І да таго ж, сама атмасфэра гэтага фэстывалю, і той факт, што на працягу пятнаццаці гадоў тут штогод рэгулярна, безь перапынку, сустракаюцца польская й беларуская моладзь – гэта паказвае, наколькі важная камунікацыя”.

(Падбярэскі: ) “Мастак Лёнік Тарасэвіч – постаць ува ўсясьветным мастацтве вельмі прыкметная. Ён – адзін з сымбаляў “Басовішча”, асабіста сябруе з многімі музыкамі, уваходзіць у журы, якое вызначае лепшых канкурсантаў. Ягоныя думкі – нечаканыя, парадаксальныя, у тым ліку, – і адносна самога “Басовішча” як зьявы.

(Падбярэскі: ). “Лёнік, на вашую думку, зьява “Басовішча” – якая яна: сацыяльная, моладзевая, культурная, палітычная, мастацкая?”

(Тарасэвіч: ) “Я думаю, яно было непазьбежным у тыя, 80-я гады: трэба было знайсьці сваю форму ў музыцы. І, думаю, добра, што тады паўстала гэтая ідэя. Гэта толькі абазначае, што мы “нармалеем”.

(Падбярэскі: ) “А вось, на вашую думку, “Басовішча” зь цягам гадоў мяняецца? І калі мяняецца, дык у які бок?”

(Тарасэвіч: ) “Яно памаленьку мяняецца так: на самым пачатку было адно тое, што толькі хтось сьпяваў і граў, і “Басовішча” было такім маніфэстам самастойнасьці, усялякай беларускасьці, часам нават музыка адыходзілася на другі плян. Але ж, думаю, з году на год усё штораз менш сьцягоў, а штораз больш гуртоў, якія нармальна дыхаюць паветрам. Думаю, што гэта вельмі добра для будучыні: можа быць, будзе й так, што й сьцягоў ня будзем ужо мусова цягаць. Бо кожны будзе мець сьцяг нармальна – у сабе”.

(Падбярэскі: ) “Даволі нечаканай была сустрэча ў лесе пад Гродкам з былым надзвычайным амбасадарам Рэспублікі Польшча ў Беларусі панам Марыюшам Машкевічам. Аказалася, што ён даўні прыхільнік фэстывалю, на які глядзіць усё-ткі зь дзяржаўных пазыцый. Хаця, як сам прызнаўся, пакуль што адпачывае ад дыпляматыі”.

(Машкевіч: ) “Я стараюся быць кожны год. У гэтым годзе я больш часу маю – прыехаў сюды зь вялікай радасьцю, сустрэў шматлікіх сяброў, знаёмых, адчуваю сябе, як дома”.

(Падбярэскі: ) “А як вы наагул ацэньваеце такую зьяву, як “Басовішча”?”

(Машкевіч: ) “Я стараюся бачыць “Басовішча” як зьяву такую непалітычную, больш культурную. Узровень гуртоў, якія прыяжджаюць сюды зь Беларусі ці з Польшчы, з іншых краін, узровень самога “Басовішча” кожны год вышэйшы й вышэйшы. Узровень арганізатарскі – таксама. Я зь вельмі вялікім шанаваньнем стаўлюся да гэтых стараньняў арганізатараў, якія “грамадзяць” грошы і з польскага Міністэрства культуры, і ад розных фундатараў. І так клясна, і так добра яны гэта зарганізоўваюць!”

(Падбярэскі: ) “Варта прызнаць, што падобнай формы, падобнага напрамку фэстываль рок-музыкі ў Беларусі з шэрагу прычын сёньня немагчымы. Хоць бы таму, што ён выразна працуе на рэальную, а не віртуальную нацыянальную ідэю. Зразумела, знойдуцца й тыя, хто пачне параўноваць атмасфэру “Басовішча” з паводзінамі гледачоў на канцэртах – да прыкладу, камэрнай музыкі. Ня будзем зьвяртаць увагі на прафанаў. “Басовішча” – гэта клясычнае ўвасабленьне сапраўднага рок-фэсту, адно што з пэўнымі прыкметамі спэцыфікі, якая выяўляецца, найперш, у моўным аспэкце. Але хай бы той аспэкт Міністэрства культуры Беларусі падтрымлівала гэтак жа, як тое робіць адпаведнае міністэрства Польшчы, якое штораз дапамагае фэстывалю грашыма. Тым ня менш, падчас гутарак я імкнуўся высьветліць, у якім кірунку можа далей зьмяняцца “Басовішча”, чаго можна чакаць ад яго ў днёх заўтрашніх”.

Ілона Карпюк прызнаецца.

(Карпюк: ) “Гэта мне цяжка цяпер акрэсьліць. Бо тое, што адбываецца цяпер на полі фэстывальным у Польшчы й у сьвеце наагул, падказвае нам: можна выбіраць некалькі дарог. Можна празь некалькі наступных гадоў застацца пры такім фэстывалі, для якога найперш істотна ідэалёгія, пэўная ідэя, – і заставацца такімі тут, у нашым лесе. А можна пастарацца зрабіць сапраўдны фэстываль на вялікім узроўні. Але гэтая дарога ўсё ж такі патрабуе камэрцыі. Тады галоўнае пытаньне, якое мы будзем вырашаць, думаючы пра чарговае “Басовішча”: наколькі мы хочам скамэрцыялізаваць фэстываль? Наколькі хочам? Я не кажу, ШТО хочам…”

(Падбярэскі: ) “У разважаньнях Лёніка Тарасэвіча больш філязофскіх акцэнтаў, хоць і ён глядзіць у будучыню фэстывалю з аптымізмам”.

(Тарасэвіч: ) “Басовішча” і так, і так будзе. Ці нейкая такая самая форма. Таму што ў гэтай культурнай форме сёньняшняй Эўропы, калі межы перастаюць мець сэнс, а пачынае мець сэнс культурная плошча, – людзі мусяць асэнсаваць, зь якой грамадой, зь якой культурай быць. Бяз гэтага чалавек ня можа жыць. На сёньняшні дзень, да прыкладу, у Заходняй Эўропе граніц няма, а ўсё-такі людзі ведаюць, дзе ёсьць граніцы ў іх саміх. А перад усім – культурныя. Таму, я думаю, абсалютна ня будзе такога нечага, што “Басовішча” ня стане. Наадварот, думаю, можа, у рэшце рэшт нехта возьмецца – і зробіць з гэтага прафэсійную імпрэзу. Бо на сёньня ўжо, мусіць, і даволі – пятнаццаць гадоў – такой аматарскай працы, праз увесь час. А з гэтага можна зрабіць вельмі вялікі фэстываль, каторы будзе прыносіць многа грошай. Перадусім студэнтам, якім патрэбны гэтыя грошы”.

(Падбярэскі: ) “Як мы ўжо раней паведамлялі, беларуская служба Радыё Свабода заснавала сёлета штогадовы прыз “Музыка свабоды”, якім будуць адзначацца дзеячы музычнага мастацтва за ўнёсак у беларускую музыку. І наш калега Аляксей Дзікавіцкі ўпершыню ўручыў гэтую прэмію менавіта на “Басовішчы”.

(Дзікавіцкі: ) “Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода прысуджае гэты прыз, упершыню, за песьню “Радыё Свабода” Славу Кораню й гурту “Уліс”.

(Падбярэскі: ) “Такое ўражаньне, што прыз нашага радыё для Славы Кораня зьявіўся поўнай нечаканасьцю. Вось што ён казаў за фэстывальнай сцэнай”.

(Корань: ) “Гэта першая мая ўзнагарода, якую я атрымаў за жыцьцё. Я не атрымліваў ніякіх узнагарод ні на “Рок-каранацыях”, ні на якіх імпрэзах у Менску. Гэта – першая. Насамрэч “Радыё Свабода” – гэта сымбаль, гэта ні ў якім разе не датычыла самога Радыё Свабода. “Уліс” заўсёды рабіў музыку й тэксты: Фэлікс Аксёнцаў пісаў тэксты, цяпер я пішу тэксты, якія ўспрымаюцца па-рознаму. Кожны альбом “Уліса” адрозьніваецца ад іншага. Таму й “Радыё Свабода”, калі мы яе граем, то мусім рабіць неяк інакш, чым раней. На Беларусі афіцыйна рок-музыкі не існуе. Мы – падпольныя ўсе, зоркі й ня зоркі, усе – андэграўнд. Я заўжды гаварыў так: навошта рабіць нешта, чаго патрабуе публіка? Усё роўна грошай не заробіш на Беларусі. Таму трэба рабіць тое, што падабаецца табе самому. І той, хто спрабуе апапсець, зарабіць грошы, – дарма: усё адно не атрымаецца! А такія прэцэдэнты ёсьць. Я ня буду называць, хто гэта й як…”

(Падбярэскі: ) “Працяг аповеду пра фэстываль маладой беларускай музыкі “Басовішча-2004” чытайце ў інтэрнэт-варыянце наступнай праграмы “Па-за тактам”.
XS
SM
MD
LG