Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“The Wall Street Journal”: Эўразьвяз павінен зьмяніць палітыку ў дачыненьні да Беларусі і Ўкраіны


Алеся Сёмуха, Вашынгтон “The Wall Street Journal” друкуе артыкул “Праблемы на памежжы”, у якім параўноўвае сытуацыю напярэдадні выбараў у суседніх з Эўразьвязам Беларусі і Ўкраіне, крытыкуючы ў сувязі з гэтым палітыку Эўразьвязу.

“Беларусь і Ўкраіна традыцыйна існавалі ў палітычнай і геаграфічнай нявызначанасьці паміж Усходам і Захадам, ад якой іх ня вызваліла больш за дзесяць гадоў незалежнасьці”, піша “The Wall Street Journal”.

“Бліжэйшыя месяцы пакажуць, ці гэтыя славянскія краіны могуць павярнуцца да лепшага. Аўтарытарныя лідэры сутыкнуцца на выбарах з мабілізаванымі апанэнтамі. Нядаўна пашыраны Эўразьвяз знаходзіцца зараз на самай мяжы і дэманструе карысны кантраст, якому электарат можа толькі зайздросьціць”.

Далей, аналізуючы і параўноўваючы сытуацыю ў Беларусі і Ўкраіне, “The Wall Street Journal” піша, што калі на Ўкраіне найбольшай перашкодай для зьмен ёсьць карумпаваныя палітычныя эліты, дык на Беларусі гэтай перашкодай ёсьць адна асоба – Лукашэнка. Лукашэнка дзейнічае, калі адчувае небясьпеку. Сярод такіх дзеяньняў – закрыцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, разгон і зьбіцьцё дэманстрантаў, зьнікненьні палітычных апанэнтаў і, праз КДБ, зьнішчэньне арганізаванай апазыцыі ды выкараненьне замежных грамадзкіх арганізацый. Вынікі кастрычніцкіх выбараў у імпатэнтны парлямэнт ня маюць значэньня, піша “The Wall Street Journal” – але неўзабаве пасьля гэтага Лукашэнка будзе шукаць магчымасьці перакроіць пад сябе Канстытуцыю, каб працягнуць тэрмін свайго кіраваньня.

У параўнаньні зь Беларусьсю сытуацыя ва Ўкраіне больш дэмакратычная. Украінская палітыка – больш дынамічная, а нацыянальная сьвядомасьць – больш моцная. І хоць у спадчыну Кучма пакідае карупцыю, аслабленыя перасьледам апазыцыю і прэсу, усё ж Кастрычніцкія прэзыдэнцкія выбары будуць мець моцнага альтэрнатыўнага кандыдата.

На заканчэньне артыкул параўноўвае падыход ЗША і Эўразьвязу да палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і Беларусі. “Палітыка пугі і перніка” дае плён – тым часам эўрапейская палітыка зводзіцца да формулы “Калі ласка, толькі не спрабуйце да нас далучацца”. Паводле артыкулу, гэткая палітыка – самазьнішчальная. Эўразьвяз нічога ня страціць і толькі выгадае, калі прапануе Беларусі і Ўкраіне сапраўдныя стымулы – такія як магчымае сяброўства, каб яны сталі больш падобнымі да Польшчы і менш падобнымі да Расеі. Польшча і Летува, якія зараз ёсьць паўнапраўнымі сябрамі Эўразьвязу, мусяць зрабіць сваім прыярытэтам зьмену падыходу Эўразьвязу да сваіх усходніх суседзяў.
XS
SM
MD
LG