Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Натальля Машэрава вырашыла байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў


Валер Каліноўскі, Менск Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Натальля Машэрава вырашыла ня браць удзел у парлямэнцкіх выбарах 17 красавіка. Такім чынам, у наступным скліканьні Палаты яе не будзе, нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка заклікае, каб у парлямэнт абралі болей жанчын ды дасьведчаных дэпутатаў старога скліканьня. Чаму спадарыня Машэрава прыняла такое рашэньне, што яна думае пра апошнія падзеі ў краіне?

Натальля Машэрава – палітык і папулярная ў Беларусі асоба, асабліва сярод старэйшага пакаленьня. На мінулых парлямэнцкіх выбарах яна абышла былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра. У свой час яна актыўна падтрымлівала палітыку Аляксандра Лукашэнкі ды пляны інтэграцыі з Расеяй. Пазьней – была ў цяні. У 2001 годзе яна спрабавала ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах – мела зарэгістраваную групу па зборы подпісаў, але пасьля адмовілася ад сваёй патэнцыяльна пэрспэктыўнай выбарчай кампаніі, не дайшоўшы да стадыі рэгістрацыі. Не апошнюю ролю ў гэтым яе рашэньні адыграла нэгатыўная рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на яе ўдзел у кампаніі.

Асаблівага сумневу ў тым, што і на гэты раз яна здолела б дабіцца дэпутацкага мандату, у Натальлі Машэравай няма. Але нечакана яна вырашыла адмовіцца ад удзелу ў гэтых выбарах.

(Машэрава: ) “Ну вось я прайду і буду зноў там сядзець і ў меншасьці націскаць кнопкі. Справа ня ў тым, што мы там добрыя ці дрэнныя – мы розныя. І як заўсёды бывае ў калектыве, там большасьць прафэсіяналаў. У тым ліку і ў гэтай палаце. Дай Бог, каб такая ж палата зноў сфармавалася, бо я баюся, што будзе ўжо горшай… Але трэба прынцыпова мяняць статус парлямэнту , ня проста пашыраць паўнамоцтвы, а трэба канцэптуальна мяняць адносіны да заканадаўчай галіны ўлады… Я ня бачу там ніякай магчымасьці, мне цяжка там працаваць і быць зьвязанай па руках і нагах… Не хачу. Хачу быць палітыкам”.

Для спадарыні Машэравай быць палітыкам значыць быць вольным у сваіх ацэнках і дзеяньнях. Пакуль спадарыня Машэрава не гатовая далучыцца да нейкай партыі.

(Машэрава: ) “У нас партыяў жа няма, партыі трэба ствараць новыя. Гэта ўсё ня партыі, гэта б’юцца ў адзіночку лідэры партыяў, за што я ім вельмі ўдзячная. Дзесяць гадоў б’юцца ў адзіночку… Пабачым, жыцьцё пакажа. Пакуль я прыняла гэтае рашэньне, якое далося мне зь вялікай цяжкасьцю”.

“Беларускія партыі разьвіваюцца ў вельмі складаных умовах”, кажа спадарыня Машэрава і зазначае, што ўвогуле думала, што партыі ўрэшце “заглухнуць”, але цяпер бачыць, што нешта ў іх сапраўды атрымліваецца, у прыватнасьці, яны аб’ядноўваюцца перад выбарамі.

Натальля Машэрава, дачка былога першага сакратара ЦК КПБ, гаворыць, што цяпер яна аддае перавагу не камуністычнай, а сацыял-дэмакратычнай ідэалёгіі – “у тэорыі”, безадносна да дзейных беларускіх сацыял-дэмакратычных партыяў.

(Машэрава: ) “Камуністычная ідэалёгія, натуральна, у гэтым тысячагодзьдзі ў чыстым выглядзе ўжо ня можа быць рэалізаванай. Проста гэта неразумна. Так, хутчэй за ўсё сацыял-дэмакратычная плынь мне бліжэй”.

Што да магчымага свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года, то цяпер на гэтую тэму Натальля Машэрава гаварыць не хоча, бо пакуль ніякага рашэньня не прымала, але зазначае, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 года яна зрабіла самае галоўнае – заявіла пра тое, што можа балятавацца на пасаду кіраўніка краіны. Спадарыня Машэрава незадаволеная тым, што ў Беларусі становяцца тэндэнцыямі нэгатыўныя адносіны да любога іншадумства, распальваецца канфрантацыя. Яна лічыць, што трэба мяняць імідж краіны:

(Машэрава: ) “Трэба спыняць стварэньне іміджу краіны па адным чалавеку. У нас краіна іншая”.

Натальля Машэрава кажа, што трэба бачыць тое, што адбываецца “за фасадам”: там дзеюцца розныя справы, у тым ліку тыя, якія даюць надзею і ўпэўненасьць у будучыні.

А вось што адказала спадарыня Машэрава на пытаньне “што будзе зь Беларусьсю, калі А. Лукашэнка застанецца на трэці тэрмін прэзыдэнцтва?”

(Машэрава: ) “У любым выпадку, краіна, які б ні быў кіраўнік, і колькі тэрмінаў яшчэ ні прабудзе Аляксандр Рыгоравіч, у любым выпадку сувэрэнітэт будзе захаваны, а гэта вельмі важна. Мы самастойная дзяржава, мы прайшлі добры незалежны шлях. Мы будзем шукаць сваё месца паміж вялікай Эўропай і вялікай Расеяй… Беларусь ня зьнікне, проста гэта можа быць цяжэй, чым мы гатовыя да гэтага”.

Робячы ацэнкі бягучых падзеяў, спадарыня Машэрава аднеслася да галадоўкі дэпутатаў Парфяновіча, Скрабца і Фралова як да жэсту адчаю. Як беспадстаўнае яна ацаніла закрыцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, а таксама нэгатыўна выказалася наконт закрыцьця карпункта РТР у Менску, што, на яе думку, можа істотна пагоршыць двухбаковыя дачыненьні Беларусі й Расеі.
XS
SM
MD
LG