Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбухі ля пасольстваў Ізраілю і ЗША і Генэральнай пракуратуры Ўзбэкістану


ТАШКЕНТ. Сёньня ў сталіцы Ўзбэкістану адбыліся выбухі ля пасольстваў Ізраілю і ЗША, а таксама ля Генэральнай пракуратуры краіны. Прынамсі два чалавекі забітыя і дзевяцера параненыя. У заяве ўраду Ўзбэкістану паведамляецца, што ў лік загіблых ня ўлучаныя нападнікі. Ізраільскае радыё паведаміла, што ля пасольства Ізраілю дзейнічаў тэрарыст-самагубца. Пасол Ізраілю ва Ўзбэкістане Цьві Коэн не пацьвердзіў гэтай інфармацыі, але паведаміў, што ў выніку выбуху ля амбасады загінулі два ўзбэкі. Карэспандэнт Радыё Свабода ва Ўзбэкістане Садрыдзьдзін Ашураў паведамляе: “Я бачыў, як дзьве або тры машыны хуткай дапамогі прыбылі на месца выбуху, калі я быў там. Людзі, зь якімі я гаварыў, заявілі, што, магчыма, ахвяры былі, але яны ня ведалі, хто пацярпеў і колькі чалавек пацярпела. Выбух адбыўся каля будынку і, наколькі я ведаю, ён не пашкоджаны”. Агенцтва Інтэрфакс цытуе афіцыйную прадстаўніцу пасольства ЗША ў Ташкенце, якая заявіла, што выбух ля амэрыканскай амбасады зьвязаны з тэрарыстам-самагубцам. Паведамленьняў пра ахвяраў выбуху ля амэрыканскай амбасады няма. Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў “тэрарыстычны гвалт”. Міністар унутраных справаў Узбэкістану Алматаў паведаміў, што ля офісу генэральнай пракуратуры таксама падарваўся тэрарыст-самагубца. У гэтым выбуху было паранена як найменей пяць асобаў. Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў вылецеў у Ташкент з Крыму, дзе ён адпачываў.
XS
SM
MD
LG