Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сваякі, каханыя й сябры непакояцца за арыштаваных на акцыі 21 ліпеня


Любоў Лунёва, Менск У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна дагэтуль за кратамі трымаюць шасьцёх палітвязьняў, арыштаваных за ўдзел у акцыі 21 ліпеня, прысьвечанай дзесяцігодзьдзю прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя зь іх далёка не першы раз у камэры гэтай сумнавядомай установы. Усе арыштаваныя, апроч Зьмітра Бандарэнкі – зусім маладыя людзі. Натуральна, блізкія хвалююцца за іх. Ці можна прызвычаіцца да бясконцых судоў і арыштаў?

Сваякі й сябры арыштаваных казалі, што, канешне, прызвычаіцца да гэтых “пасадак” немагчыма. Але ня толькі гэта. Некаторыя палітвязьні маюць канфлікт з бацькамі з-за сваёй палітычнай актыўнасьці. Некаторыя ня кажуць, што ўдзельнічалі ў акцыі. Бывае, што родныя па тэлебачаньні бачаць кадры разгону дэманстрацыі і пазнаюць сваіх. Не абыходзіцца бязь сьлёз і валідолу.

У кожнага зь сёньняшніх палітвязьняў свая гісторыя. Нагадаю, што за кратамі спэцпрыёмніка знаходзяцца Зьміцер Бандарэнка, Алег Корбан, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і Артур Фінькевіч. Больш за астатніх, калі можна так казаць, не шанцуе Артуру Фінькевічу і Яўгену Афнагелю. Яны трапляюць за краты амаль пасьля кожнай вулічнай акцыі. Сябра Маладога Фронту Артур Фінькевіч апошні раз сядзеў 30 сутак. Спачатку 15 сутак за адну акцыю, а потым міліцыянты адвезьлі Артура ў Савецкі суд і там яго зноў арыштавалі на 15 сутак. Сябра руху “Зубр” Яўген Афнагель пасьля абвяшчэньня прысуду казаў мне, што сам ня можа прыгадаць, які раз будзе сядзець. Ягоная дзяўчына Юля кожны раз ня можа стрымаць сьлёз, калі чуе ў судзе прысуд. Зразумела, што маці заўсёды непакояцца за сваіх дзяцей. А вось як на гэта рэагуе Юля, дзяўчына Яўгена Афнагеля:

(Юля: ) “Хай ніхто ня думае, што да гэтага можна прывыкнуць, калі каханага чалавека забіраюць кудысьці далёка ад цябе. Я, канешне, ім ганаруся, ён займаецца насамрэч патрэбнай справай, але гэта, канечне –мае нэрвы, нэрвы ягонай маці, ягонай бабулі. Я кожны раз, калі кладуся спаць, думаю перад сном, доўга заснуць не магу – як ён там. Ці перадалі яму перадачу, ці сьпіць ён нармальна, ці там можа якія алькаголікі зь ім разам у камэры, ці можа там хто паліць так, што яму дрэнна. Я, можна сказаць, дзяжуру пад гэтым Акрэсьціна на працягу апошніх шасьці год, што я сустракаюся са сваім хлопцам. Гэта ў мяне, ведаеце, проста дзяжурнае месца, я там стаю й гляджу ў вокны і ўсё спадзяюся ўбачыць, як ён мне памахае з вакна рукой. Але, да жалю, у гэты раз вокны камэры на іншы бок”.

Заўтра а 6 вечара са спэцпрыёмніка на волю выйдуць усе палітвязьні, акрамя Зьмітра Бандарэнкі – яго будуць трымаць да 4 жніўня.
XS
SM
MD
LG