Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ выйграла судовую справу супраць прадстаўніка Маларыцкай “вэртыкалі”


Алег Супрунюк, Маларыцкі раён Суд Маларыцкага раёну задаволіў пазоў Партыі БНФ да супрацоўніка мясцовага райвыканкаму Сяргея Строка, які раней абвінаваціў гэтую партыю ў сувязях з фашыстамі.

Нагодай для звароту ў суд сталася прамова спадара Строка, зь якой ён выступіў сёлета ў красавіку ў часе сустрэчы з жыхарамі вёска Струга Маларыцкага раёну. Тая сустрэча зь вяскоўцамі была прысьвечаная будаўніцтву паблізу гэтага паселішча могільніку, дзе будуць захоўвацца радыяактыўныя адкіды. Паводле дэпутата Маларыцкага райсавету, сябра Партыі БНФ Уладзімера Малея, мясцовыя жыхары, занепакоеныя пэрспэктывай небясьпечнага суседзтва, хацелі б правесьці мясцовы рэфэрэндум у справе будаўніцтва могільніку.

Аднак Сяргей Строк, які ў райвыканкаме адказвае за ідэялягічны накірунак дзейнасьці, спрабаваў пераканаць вяскоўцаў, што могільнік радыяактыўных адкідаў не пагоршыць экалягічную сытуацыю. Спадар Строк абвінаваціў сяброў партыі БНФ у тым, што яны наўмысна драматызуюць становішча. Пасьля гэтага прадстаўнік маларыцкай вэртыкалі наўпрост заявіў, што БНФ у гады другой сусьветнай вайны была на баку фашыстоўскай Нямеччыны.

У часе паседжаньня Сойму Партыі БНФ гэтыя словы былі расцэненыя як абраза. Сойм упаўнаважыў кіраўніцтва партыі зьвярнуцца ў суд, каб абараніць дзелавую рэпутацыю.

Сёньня ў судзе спадар Строк не прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што увогуле ня лічыць слова “фашызм” у дачыненьні да дзейнасьці БНФ абразай. Аднак судзьдзя Барычэўскі цалкам задаволіў пазоў: чыноўнік Маларыцкага райвыканкаму мусіць абвергнуць свае словы на старонках раённай газэты “Голас часу” і сплаціць судовыя выдаткі. Патрабаваць матэрыяльнай кампэнсацыі палітычная партыя, паводле беларускага заканадаўства, ня можа.

Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне юрыст Уладзімер Лабковіч, які прадстаўляў інтарэсы Партыі БНФ у судзе:

(Лабковіч: ) “У сувязі з сытуацыяй у судовай сыстэме Рэспублікі Беларусь, якая (сыстэма), на нашую думку, не зьяўляецца незалежнай, у нас была вялікая боязь таго, што будзе гуляць палітычны момант, і што гэта будзе ў першую чаргу палітычнае пытаньне. Але ж дзякуючы абсалютна бездакорнай працы судзьдзі, бездакорнага вядзеньня самога працэсу (бо пракуратура Маларыцкага раёну, якая праводзіла ранейшую праверку, пацьввердзіла факт агучваньня такой інфармацыі) – гэта ўсё дало судзьдзі падставы вынесьці абсалютна законнае рашэньне”.

Паводле словаў спадара Лабковіча, гэтае рашэньне пакуль мае беспрэцэдэнтны характар у адносінах Партыі БНФ і беларускай судовай сыстэмы.
XS
SM
MD
LG