Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні створаная прапрэзыдэнцкая арганізацыя “Белая Русь” – паводле ўзору колішняга “Очищения”


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні ўтварылася новая нібы-грамадзкая арганізацыя пад назвай “Белая Русь”. Кіруе ёй Вітольд Песьціс – рэктар Аграрнага унівэрсытэту, член-карэспандэнт Акадэміі навук і член Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу. Арганізацыя адразу ж прыняла зварот да ўсіх грамадзянаў краіны з камплімэнтам Аляксандру Лукашэнку, якога некалі абрала сваім прэзыдэнтам, як напісана, “маладая беларуская дзяржава”.

Улады зрабілі выгляд: гэта ня мы, гэта грамадзкасьць сама ўтварыла “Белую Русь”. Але хуткасьць уражвае. Арганізатары самі прызналіся, што толькі ўзьнікла задума, а неўзабаве 500 чалавек з усіх раёнаў вобласьці арэндавалі драматычны тэатар і правялі ўстаноўчы сход. І ніхто ім не перашкаджаў, хаця арганізацыя – “незарэгістраваная”.

А што гаварылася на самім устаноўчым сходзе? Аднаго прамоўцу “не туды панесла”, сказаў, што трэба стаць апазыцыяй да ўлады, але – “канструктыўнай”. А ўвогуле, усё вельмі нагадвала савецкія часы: удзельнікі пахваляліся – у якой шчасьлівай краіне жывуць, дзякавалі прэзыдэнту. Чуліся аповеды пра тое, як замежнікі зайздросьцяць беларусам, што ў іх чыста, парадак, мяса натуральнае, і можна вудзіць рыбу ў рацэ, ні ў каго не пытаючы дазволу. Удзельнікі гаварылі, што на выбарах трэба падтрымаць патрэбных Лукашэнку кандыдатаў, што трэба спрыяць уладзе і стаць апірышчам прэзыдэнту.

Вось меркаваньне знаўцы трэцяга сэктару Аляксандра Мілінкевіча, які кіруе Беларускай асацыяцыяй рэсурсавых цэнтраў – дарэчы, улады адмаўляюцца яе рэгістраваць:

(Мілінкевіч: ) “Улада сёньня ідзе ня толькі па шляху ліквідацыі буйных грамадзкіх арганізацыяў, але і стварае свае, дзяржаўныя “недзяржаўныя арганізацыі”, і гэта тыповы прыклад. Яна створана, безумоўна, па ініцыятыве ўлады. Такая арганізацыя будзе лёгка зарэгістраваная і, я думаю, пойдзе рух у падтрымку гэтай арганізацыі ў іншых абласьцях”.

Нешта падобнае гарадзенскія ўлады дзеля падтрымкі Лукашэнкі арганізоўвалі і з нагоды апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Першыя выбары таксама не былі выключэньнем. Так што цяперашняя “Белая Русь” – такое новае, што ёсьць крыху прызабытым старым.

(Мілінкевіч: ) “Напэўна, гэта арганізацыя – як калісьці “Очищение” ў час першай кампаніі Аляксандра Рыгоравіча ў 1994 годзе, якое тады дапамагала яму стаць прэзыдэнтам. Штосьці падобнае будзе зноў утворана для таго, каб падтрымаць яго ў імкненьні пайсьці на трэці тэрмін кіраваньня”.

Варта нагадаць, што калі ў Лукашэнкі зьнікла патрэба ў “Очищении”, яно неўзабаве перастала існаваць. І апошняе: Вітольд Песьціс, кіраўнік “Белай Русі”, напэўна, можа цяпер разьлічваць на паўторнае абраньне ў Савет рэспублікі. Ён туды трапіў замест памерлага Аляксандра Дубко, таму пабыў у Нацыянальным сходзе няпоўны тэрмін.
XS
SM
MD
LG