Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Раманчук: “Падвышэньне пэнсій – гэта палітычны крок напярэдадні парлямэнцкіх выбараў”


Ганна Соусь, Менск Аляксандар Лукашэнка даручыў ўраду павялічыць памер пэнсій на 17-20 працэнтаў. Ці лічаць беларускія пэнсіянэры істотным гэтае падвышэньне? Як ацэньваюць гэты крок эканамісты?

Аляксандар Лукашэнка даручыў падвысіць зь 1 жніўня памер пэнсій у сувязі з ростам заработнай платы. Кіраўнік Беларусі запатрабаваў, каб да канца году сярэдні заробак у краіне павялічыўся да ўзроўню 190-195 даляраў. Як паставіліся беларускія пэнсіянэры да чарговага падвышэньня пэнсіі? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да людзей састарэлага ўзросту на вуліцах Менску.

(Спадарыня: ) “Робяць, таму што ім трэба паказаць, што яны вельмі клапоцяцца пра людзей. А насамрэч – клапоцяцца пра сябе. Мы ж гэта цудоўна разумеем. Каб не было дзяцей, то, я ня ведаю, напэўна пасьля таго, як я прапрацавала 42 гады ў школе, мусіць, трэба было б ісьці на сьметніцу. Любімая страва нашая – кілбаса не з крыві, а хоць з чаго-небудзь”.

(Спадар: ) “Я яшчэ не лічыў, не прыкідваў…”

(Спадарыня: ) “Я добрую пэнсію атрымліваю. Мяне гэта не цікавіць”.

(Спадар: ) “Я працую, у мяне 150 тысячаў пэнсіі. Калі 20 працэнтаў, то на 30 тысячаў будзе болей”.

(Спадар: ) “Пэнсія вельмі добра забясьпечвае мае патрэбы цалкам. І дзякуючы Лукашэнку, падкрэсьліце гэта”.

Падвышэньне пэнсіі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў ёсьць папулісцкім крокам Аляксандар Лукашэнкі – гэтак лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Каб пра яго людзі, якія ідуць на выбары, сказалі, што вось, глядзіце, які ў нас добры кіраўнік дзяржавы, падвышае пэнсіі. Безумоўна, калі будзе абраны парлямэнт, які будзе яго падтрымліваць, то і рэфэрэндум, і іншыя кампаніі для яго будзе значна лягчэй правесьці. Па-другое, сёньня прафіцыт бюджэту, і гэтых грошай цяпер столькі, што ён ня ведае, што зь імі рабіць. Каб ён істотна хацеў палепшыць сацыяльны стан людзей, то мог бы пайсьці на падвышэньне, напрыклад, на 40-50 працэнтаў. І тады б яна была на ўзроўні выплаты беспрацоўным у Літве альбо ў Польшчы. Падвышэньне пэнсій ніякім чынам не азначае рэформу самой пэнсійнай сыстэмы. Проста гэта выключна палітычная, кароткатэрміновая мера”.

Дарэчы, інфармацыя пра падвышэньне пэнсій выклікала ў міністэрстве працы і сацыяльнай абароны непаразуменьні: падчас нашага тэлефанаваньня галоўны спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю Галіна Трафіменка сказала, што міністар накіравалася ў адміністрацыю прэзыдэнта і ўсе чакаюць яе прыезду. Чыноўнікаў нібыта зблытала прэса, бо няясна, ад якога чысла падвышаюцца пэнсіі – ад 1 жніўня альбо ад 1 верасьня? Міністар паехала ўдакладняць. Пасьля вяртаньня міністра мы зноў зьвярнуліся да Галіны Трафіменка. Яна сказала, што ўсё нармальна, і пэнсіі падвышаюцца зь 1 жніўня. Адпаведныя ведамасьці паступілі на многія паштовыя аддзяленьні, і заўтра пачынаецца выдача грошай.

(Трафіменка: ) "У першую чаргу гэта сапраўды праява клопату аб пэнсіянэрах, якіх у нас 2,5 мільёна ў краіне. Гэта даручэньне прэзыдэнта. 1-га лютага было апошняе падвышэньне працоўных пэнсій і цяпер другое. Адпаведна з законам, як толькі падвышаюцца заробкі на 15 і больш працэнтаў, адразу ідзе па закону падвышэньне пэнсій. Прэзыдэнт надае павышаную ўвагу гэтым пытаньням. Як толькі стала вядома, што заробкі падвысіліся, прэзыдэнт запрасіў прэм’ер-міністра, і адразу было прынята такое рашэньне. Пэнсіі ў сярэднім падвысяцца на 17,4 працэнта, пры гэтым мінімальная працоўная пэнсія па ўзросту падвысіцца на 14, а максымальная на 18,3 працэнта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG