Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка аддае перавагу расейскім поп-выканаўцам, а сваіх – недаацэньвае


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка любіць віншаваць: на афіцыйным інтэрнэт-сайце прэзыдэнта зьмешчана 230 віншаваньняў, дасланых за ягоным подпісам за апошні час. Перадусім, віншавальныя тэлеграмы ляцяць у Расею. І ня толькі дзяржаўным асобам, ці патрыярху Маскоўскаму і Ўсяе Русі Алексію ІІ, ці касманаўту Лявонаву. Выказвае свае найлепшыя пачуцьці й пажаданьні беларускі лідэр і людзям мастацтва суседняй краіны – кампазытарам Ціхану Хрэньнікаву і Ігару Крутому, сьпявачкам Людміле Зыкінай і Але Пугачовай, паэту Сяргею Міхалкову. Чаму кіраўнік Беларусі такі ўважлівы да расейцаў, і толькі зрэдку зьвяртае ўвагу на беларускіх дзеячоў культуры?

Па прозьвішчах людзей, якія заслужылі высокай увагі Лукашэнкі, можна меркаваць пра мастацкія густы беларускага лідэра. Прыхільнасьць Аляксандра Лукашэнкі да расейскай эстрады вядомая здаўна. Архіў захоўвае відэастужку, дзе Лукашэнка грае на баяне й сьпявае песьню з рэпэртуару расейскай зоркі пачатку 70-х гадоў Валерыя Абадзінскага: “О-о-о, как я счастлив…”

На кожным “Славянскім базары” Лукашэнка з захапленьнем падпявае то Пугачовай, то Бабкінай, то скандальнаму Кіркораву, а сёлета стоячы пляскаў у далоні Мікалаю Баскаву. У мінулы чацьвер віншавальная тэлеграма паляцела ў расейскую сталіцу на адрас яшчэ аднаго сталага наведніка “Славянскага базару” – кампазытара Ігара Крутога. Адкуль у Лукашэнкі такая любоў да расейскай поп-музыкі, я запытаўся ў кампазытара Эдуарда Ханка, які некалькі апошніх гадоў жыве ў Маскве.

(Ханок: ) “У прынцыпе, той жа Крутой стаіць на чале забаўляльнай музыкі. І менавіта такая музыка ёсьць асновай“Славянскага базару”. Можна сказаць больш: ён на чале забаўляльнай музыкі ўсяго СНД. Бо “Славянскі базар” фармуюць ягоныя людзі з фірмы “АРС”. Не на беларусах жа грунтуецца фэстываль (выканаўцы самі гэта цудоўна разумеюць), і не на ўкраінцах, а на расейцах. Таму сытуацыя цалкам зразумелая. І гэта не азначае, што Лукашэнка цэлымі днямі ў кабінэце сядзіць і слухае FM-эфір, каб даведацца, у каго калі юбілей”.

На беларускім музычным рынку ўжо даўно дамінуюць расейскія поп-выканаўцы. Апошняе дзесяцігодзьдзе спэцыялісты нават называюць дзесяцігодзьдзем культурнай акупацыі Беларусі расейскай эстрадай. Амаль 99% гастроляў па гарадах Беларусі прыпадае на расейскіх поп-выканаўцаў. У музычных крамах – бязьмежны выбар касэтаў і кампакт-дыскаў сучасных маскоўскіх ды піцерскіх гуртоў, а эфір беларускіх FM-станцыяў робіцца ўсё болей русыфікаваным.

Падаецца, што падобная дыспрапорцыя цалкам задавальняе кіраўніцтва краіны. Прыгадаю, што цягам аднаго тыдня Лукашэнка расплыўся ў камплімэнтах да расейца Крутога і спляжыў беларускія гурты “Нэйра дзюбель” і “Палац” – маўляў, усялякія там “дзюбелі” і “паласы”. Дык чаму ж кіраўнік беларускай дзяржавы аддае прыярытэт расейскім зоркам? Вось што думае Эдуард Ханок:

(Ханок: ) “Што тычыцца Бабкінай, Пугачовай – яны ўсе былі ў Лукашэнкі на “Славянскім базары”. З Пугачовай на банкеце Лукашэнка стаяў побач, доўга яны размаўлялі. Натуральна, што ён іх падтрымлівае. І калі ў Ігара Нікалаева здарыцца юбілей, ён яго таксама павіншуе. Ён віншуе найперш тых людзей, якія зрабілі ўнёсак у “Славянскі базар”, бо гэта ягоны маральны гадаванец, гэта галоўнае музычнае мерапрыемства краіны. Калі б гэта была музыка нейкая іншая – скажам, народная ці элітарная, ён бы нікога не віншаваў. А тое, што ігнаруе сваіх? Ну, дык гэта ня столькі ягоная віна, колькі міністэрства культуры. Яно павінна прапаноўваць кандыдатуры. Прэзыдэнт жа не абавязаны ведаць, у каго калі дзень нараджэньня. А таму віншуе самых крутых. А сёньня менавіта Крутой круцей за ўсіх крутых”.

Экспансія расейскай эстрады ў Беларусі – зусім не бяскрыўдная зьява. І з гледзішча фармаваньня густаў, і з гледзішча размываньня нацыянальнаага самаўсьведамленьня маладых беларусаў.
XS
SM
MD
LG