Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Завяршылася падача дакумэнтаў на ўключэньне прадстаўнікоў партыяў у склад выбарчых камісіяў


Алесь Дашчынскі, Менск Завяршылася падача дакумэнтаў на ўключэньне прадстаўнікоў партыяў, працоўных калектываў і грамадзкіх арганізацыяў у склад акруговых выбарчых камісій. Паводле папярэдняй інфармацыі, у Менскі гарвыканкам пададзена больш за 520 заяў на 234 месцы. З усіх прэтэндэнтаў найбольшая колькасьць ад працоўных калектываў – 170 чалавек, далей ідуць кандыдаты ад палітычных партыяў, іх каля 150-ці, і грамадзкія арганізацыі, якія вылучылі ў камісіі каля 119 чалавек. Найменшая колькасьць прадстаўнікоў вылучаная шляхам збору подпісаў – каля 45-ці.

У Менскім аблвыканкаме працуе спэцыяльная рабочая група, якая цяпер рыхтуе адмысловыя дакумэнты. Як паведаміў адзін зь сябраў гэтай групы, у склад акруговых камісій патрапяць кампэтэнтныя людзі, якія маюць юрыдычную адукацыю і вопыт працы ў любой выбарчай камісіі. Паводле гэтага супрацоўніка, “калі ў камісіі ёсьць граматныя людзі, калі ёсьць юрыст, то там менш праблем і менш скандалаў”.

Што да партыйцаў, то, паводле сябра рабочай групы, яны наладзілі нейкае спаборніцтва: казалі, што вылучылі найлепшых, але, калі паглядзець дакумэнты, то гэта не зусім так. Як распавёў далей чыноўнік менскага аблвыканкаму, партыі па-рознаму паставіліся да гэтай справы: калі ЛДП падрабязна рэпрэзэнтавала ўсіх сваіх кандыдатаў, то БНФ проста прынёс дакумэнты й пайшоў.

На 221 месца ў акруговыя выбарчыя камісіі па Менскай вобласьці прэтэндуе больш за 308 чалавек, прычым ад партыяў паступіла ўсяго 45 заяў. Найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў – ад працоўных калектываў і вылучаных шляхам збору подпісаў. Прафсаюзы і ЛДП далі сваіх прадстаўнікоў у камісіі, практычна, па ўсіх акругах.

У аблвыканкамах вельмі цяжка атрымаць інфармацыю, напрыклад, пра тое, калі адбудзецца пасяджэньне прэзыдыюма абласных саветаў і выканкамаў, якія будуць зацьвярджаць сьпісы сябраў акруговых выбарчых камісій. У менскім гарвыканкаме, а таксама ў менскім аблвыканкаме гэтыя паседжаньні наплянаваныя на панядзелак, 2-га жніўня. Дарэчы, іх мяркуюць правесьці ў закрытым рэжыме, без журналістаў.

Тым часам, сябры дэмакратычных партыяў цьвердзяць, што ўлады зробяць усё, каб не прапусьціць іх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі й правесьці выбары па сваім сцэнары. Прычым паводле заканадаўства ўлады не павінны тлумачыць сваё рашэньне, абскардзіць яго таксама немагчыма.
XS
SM
MD
LG