Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вярхоўным судзе пачаўся працэс у справе ліквідацыі Беларускай партыі працы


Альгерд Невяроўскі, Менск Адпаведны пазоў падало ў суд Міністэрства юстыцыі. Чыноўнікі абвінавачваюць апазыцыйную партыю ў шматлікіх парушэньнях Грамадзянскага кодэксу і ўласнага статуту. Лідэр Партыі працы Аляксандар Бухвостаў лічыць гэтую справу палітычна матываванай.

Амаль 4 гадзіны чыноўнік Мінюсту Аляксандар Харытон падрабязна тлумачыў судзьдзю Вярхоўнага суду спадарыні Сакалоўскай і ўсім прысутным, у чым вінаватая Партыя працы й чаму яе трэба ліквідаваць. Паводле спадара Харытона, Партыя працы доўгі час ня мела юрыдычнага адрасу; са шматлікімі парушэньнямі правяла свой апошні зьезд, прызнаны Мінюстам нелегітымным; падала недакладныя зьвесткі пра сваіх сяброў, а таксама несвоечасова паставіла на ўлік рэгіянальныя структуры ў Наваградку, Горадні, Віцебску й раённыя ў Менску.

Акрамя гэтага, Аляксандар Харытон зьвінаваціў партыю за ўдзел у кааліцыі “Пяцёрка плюс”, за парушэньні заканадаўства ў зьвязку з выданьнем газэты “Рабочая салідарнасьць” і за нібыта незаконнае супрацоўніцтва з прафсаюзамі. Чыноўнік неаднаразова падкрэсьліваў, што Мінюст доўгі час спрабаваў дапамагчы Партыі працы скасаваць дапушчаныя парушэньні закону, але партыя, маўляў, упарта адмаўлялася ад гэтай дапамогі. Таму й не засталося іншага выйсьця, як прасіць Вярхоўны суд зьліквідаваць партыйную структуру.

Лідэр Партыі працы Аляксандар Бухвостаў прызнаў, што невялікія парушэньні заканадаўства мелі месца, але яны былі своечасова выпраўлены, а таму прычына ўладнага памкненьня зьліквідаваць партыю – зусім у іншым.

(Бухвостаў: ) “У нас ёсьць інфармацыя, што Козік напісаў на імя Лукашэнкі дакладную. Пра тое, што ёсьць такая газэта “Рабочая салідарнасьць”, заснаваная Партыяй працы, якая распаўсюджвае антыпрэзыдэнцкую інфармацыю, і г.д. З гэтай дакладной ён быў у Лукашэнкі. Лукашэнка напісаў: “згодзен” і даручыў Латыпаву разабрацца й зрабіць адпаведныя захады. Ну, і захады пачалі рабіць. Адназначна пастаўлена пытаньне пра закрыцьцё партыі. Усё, што адбылося, сьведчыць пра тое, што яны на нас цяпер спраўджваюць магчымасьць далейшага наступу на правы палітычных партый”.

Нагадаю: Мінюст таксама папярэдзіў БНФ, АГП, БСДГ і Партыю камуністаў за ўдзел у незарэгістраванай народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Прадстаўнік Мінюсту Аляксандар Харытон камэнтаваць хаду працэсу Радыё Свабода адмовіўся, заявіўшы, што ня мае такіх паўнамоцтваў. Прадстаўнікі Партыі працы тым часам накіравалі скаргу на дзеяньні Мінюсту ў Савет Міністраў, а таксама зьбіраюцца падаць у суд сустрэчны пазоў супраць Міністэрства. Рашэньне ў гэтай справе будзе прынята празь некалькі дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG